«Ад «Людзей на балоце» я атрымаў якасны эстэтычны ўдар»

Аляксандр Гарцуеў прадставiў версiю «Палескай хронікі»

У новым сцэнічным прачытанні легендарнай «Палескай хронікі» рэжысёр Аляксандр Гарцуеў зрабіў акцэнт на каханне

Нягледзячы на часовую адсутнасць роднай сцэны, купалаўцы 16 сакавіка прадставiлi на суд гледачоў новы спектакль “Людзі на балоце” паводле “Палескай хронікі” Івана Мележа. З гэтай нагоды “Р” завітала да аўтара інсцэніроўкі і пастаноўкі, рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Аляксандра ГАРЦУЕВА (на здымку).

— Аляксандр Фёдаравіч, чаму такі даволі аддалены ад сённяшняга час — 1920-я гады, усталяванне савецкай улады ў глухой вёсачцы на палескіх балотах — прывабіў вас і прымусіў да сябе звярнуцца?

— Тут многа прычын, нават цэлы шэраг. Па-першае, заўсёды лічыў і лічу, што “Палеская хроніка” Мележа — гэта адзін з найлепшых узораў беларускай, а можа, і сусветнай класічнай літаратуры. Па-другое, асабіста сам я быў звязаны з гэтым матэрыялам не аднойчы. Зусім маладым акцёрам іграў у спектаклі “Людзі на балоце”, пастаўленым на купалаўскай сцэне амаль 40 гадоў таму рэжысёрам Барысам Эрыным, гэта была ці не першая мая роля ў тэатры. Пазней здымаўся ў аднайменным фільме Віктара Турава. Па-трэцяе і, напэўна, самае галоўнае — гэты літаратурны матэрыял, на мой погляд, надзіва сучасны і ў сённяшнім дні. Я маю на ўвазе, што, як і героі Мележа, мы таксама жывём сёння на сутыкненні часоў і эпох. У Мележа дзея разгортваецца ў канцы 1920-х, прайшло амаль 10 гадоў пасля змены царскага часу на савецкую ўладу, але для людзей такія перамены не адбываюцца ў адну секунду — яшчэ заста­ліся ранейшыя маральныя прынцыпы, вера ў Бога і ў зварот мінулых часоў. Вось на гэтым зломе, на гэтым піку вырашаюцца лёсы людзей, іх жыццё з каханнем, надзеямі, іх мінулае і будучае сутыкаюцца ў гэтай кропцы. У фінале і спектакля, і рамана ёсць фраза: “Не так гэта ўсё просто, Ганно…” І сапраўды, усё было вельмі не проста.

— Вы ўзгадалі свае ролі ў колішніх спектаклі і фільме. Чым запомніліся тыя першыя акцёрскія працы?

— Успаміны пра іх і сёння, праз многа гадоў, асацыіруюцца ў мяне з водарам маладосці. Акрамя таго, я, пачатковец, выходзіў на сцэну са знакамітымі купалаўцамі — Стомам, Яроменкам, Былінскай… А якая плеяда выдатных беларускіх акцёраў здымалася ў фільме Турава — Станюта, Шмакаў, Гарбук, Тарасаў… Тады на здымках мы пасябравалі з Барысам Няўзоравым, які іграў Яўхіма. Ён быў крыху старэйшы за мяне і на той час яшчэ зусім невядомы малады акцёр з Масквы, гэта зараз з экрана не злазіць. Дарэчы, неяк мы сустрэліся выпадкова ў Магілёве — ён адразу мяне пазнаў, хоць абодва ўжо сівыя, столькі часу прайшло. Карацей кажучы, ад “Людзей на балоце” я тады атрымаў вельмі якасны эстэтычны ўдар, уздзеянне якога засталося дасюль. І гэта яшчэ адна з прычын майго сённяшняга звароту да “Палескай хронікі”.

— А не было боязi, што непазбежны паўторы, што новую пастаноўку будуць параўноўваць з колішнімі спектаклем і фільмам?

— Вядома, была, толькі не боязь, а разуменне, што так яно і будзе. Хоць, відаць, сёння не так многа тых, хто бачыў і памятае спектакль Эрына. Фільм 1981 года ведаюць больш людзей, яго час ад часу паказваюць. А што да большасці моладзі, то мележаўская “Палеская хроніка” для яе — матэрыял невядомы, хоць гэтыя творы праходзяць у школе. Наогул, лічу: калі хочаш сапсаваць для маладога чалавека ўражанне ад нейкага літаратурнага ўзору, аддай яго вывучаць у 6-м класе школы. І няхай то будзе “Яўгеній Анегін”, “Фауст” ці іншы які шэдэўр — атрымаецца аттаржэнне.

Словам, параўнанняў я не баюся. Бо гэта было б тое ж самае, што баяцца новай пастаноўкі, напрыклад, “Гамлета” ці “Чайкі”. Да таго ж у мяне сваё бачанне матэрыялу.

— Чым яно адрозніваецца?

— З двух раманаў — “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы” — я выбраў тыя сюжэтныя лініі і характары, якія мяне цікавілі. Цэнтральнае месца ў маім спектаклі займае каханне, трохкутнік — Васіль, Ганна, Яўхім.

У адрозненне ад старога спектакля, на працягу якога адбываліся тры ці пяць сходаў, у якім была занята ўся трупа — недзе 70 чалавек выходзілі на сцэну, новая пастаноўка больш кампактная, у ёй крыху больш за дзясятак дзеючых асоб, менш сацыялкі, а больш кахання, больш адносін паміж жанчынай і мужчынам. Прычым гэта не лірычнага, саплівага кшталту каханне, а пачуццё, за якое і з-за якога б’юцца на кроў.

— Вы самі рабілі інсцэніроўку па прозе Мележа, і гэта не першы ваш драматургічны вопыт. Раней па ўласных інсцэніроўках вы ставілі “Хама” Алаізы Ажэшка, а нядаўна — паводле аповесці Алеся Адамо­віча спектакль “Не мой”, які, дарэчы, стаў трыумфатарам першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі і быў адзначаны ўзнагародамі адразу ў пяці намінацыях.

— Так, інсцэніровачны вопыт ёсць, прымушае жыццё тэатральнае. Няхай не пакрыўдзяцца нашы драматургі, але, на жаль, не надта многа сёння якаснай беларускай драматургіі. Зрэшты, лічу, кожны рэжысёр можа справіцца з інсцэніроўкай, так ці інакш ён робіць яе з любой п’есай, якую ставіць. Таму калі я бачу літаратурны матэрыял, раман ці аповесць, якія мне хочацца зрабіць спектаклем, то бяру і пішу паводле іх п’есу. Але стаць драматургам ніколі не марыў і не мару.

— А як, дарэчы, адбыўся ваш пераход з акцёраў у рэжысёры?

— У 21 год, калі скончыў тэатральна-мастацкі інстытут, памятаю, як казаў сябрам, што ніколі не палезу ў рэжысуру, што гэта зусім не маё, мяне не цікавіць, што хачу быць артыстам. Але жыццё пераварочвае па-свойму. Растлумачу. Ёсць такое паняцце: крызіс сярэдняга ўзросту. Калі ты маеш галаву, нейкія разуменні і памкненні, калі ты не зусім абыякавы да жыцця і сябе самога, наступае момант — у каго раней, у каго пазней, часцей гэта датычыць мужчын, — калі ўзнікае незадавальненне тым, чым ты зараз займаешся і на якім узроўні. Нейкае адчуванне стагнацыі жыцця, хоць яшчэ зусім не стары, табе ўсяго 33… Разумееш: так і будзе далей — ролі ў тэатры, час ад часу здымкі ў кіно, запісы на радыё. І гэтага становіцца мала. Можна назваць гэта
амбіцыямі, хаця я не лічу, што амбіцыі — гэта дрэнна, калі яны не шкодзяць іншым людзям, калі ты не пераступаеш праз свайго сябра, таварыша, калегу. Магчыма, амбіцыі. Але я называю гэта крызісам сярэдняга ўзросту, які і памкнуў мяне па­спрабаваць сябе ў іншай справе.

— Цяпер вы задаволены?

— Наогул, быць цалкам задаволеным немагчыма. Тады таксама наступае стагнацыя. Што чалавека вядзе? Незадаволенасць і сумненні. Я вельмі не люблю людзей, якія ніколі не сумняваюцца. Калі чалавек сумняваецца ў сабе, у сваёй працы, ён пачынае шукаць паляпшэння. А калі сядзіць усім задаволены, без ніякага сумніву — то і дурань. Трэба вучыцца крытычна глядзець на сябе, старацца хаця б прыблізіцца да гэтай лініі — рэальна ацэньваць, што ты ёсць на самай справе ў гэты момант. Разумею, што гэта цяжка — абсалютна аб’ектыўна гля­дзець на сябе з боку. Але чым больш ты набліжаеш сябе да гэтага аб’ектыву, тым лепш і табе, і астатнім.

— Вяртаючыся да прэм’ернага спектакля: адсутнасць роднай сцэны працу над ім, відавочна, ускладняла...

— Сапраўды, вельмі было цяжка. Увесь спектакль зроблены на малой сцэне Купалаўскага, дзе з рэальных “балотных” дэкарацый прысутнічала адна толькі лодка, і тлумачыць артыстам, што і дзе будзе надалей стаяць, рухацца, даводзілася літаральна “на пальцах”. Усяго толькі тры дні перад прэм’ерай мелі, каб асвоіць сцэну Палаца культуры прафсаюзаў. Ну а праз год, цешым сябе надзеяй, зможам вярнуцца са спектаклем ужо на адноўленую родную сцэну Купалаўскага.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter