Ад Лынтупаў да Верасніцы – вясковая энергетыка

Персанальная фотавыстава Аляксея ПЕТУХОВА “Вандруючы па Беларусі” адкрылася ў музеі- сядзібе Ільі Рэпіна “Здраўнёва” — прысвечана 120- годдзю гэтай прыдзвінскай сядзібы, колішняга лецішча знакамітага мастака.

Цяпер жа малады фотамайстра Аляксей Петухоў прадставіў тут 21 працу апошняга часу. Па адных толькі назвах можна меркаваць, дзе творца шукаў натхненне. “Вёска Засвір Мядзельскага раёна”, “Вёска Лынтупы Пастаўскага раёна”, “Вёска Лучай Пастаўскага раёна”, “Вёска Панямонь Навагрудскага раёна”… І гэта далёка не поўны пералік адрасоў: Аляксей здымаў на Браслаўшчыне і Шаркаўшчыне, дабраўся нават да Палесся. У аб’ектыў майстра трапіла, да прыкладу, вёска Верасніца Жыткавіцкага раёна. 

Аляксей нарадзіўся ў Мар’інай Горцы на Міншчыне. Скончыў СШ у Шаркаўшчыне. Вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым каледжы, Мінскім гуманітарна-эканамічным універсітэце. У 2009 го- дзе скончыў фоташколу “Мир фото” ў Мінску. Браў удзел у шматлікіх фотапленэрах і фотавыставах.

…Апантаны творца аб’ехаў многія куточкі сінявокай Беларусі. Яго фота вылучаюцца шчырым імкненнем да адлюстравання гісторыі і паэтычнай прыгажосці роднай старонкі, глыбокай цікавасцю да амаль страчанага ўжо вясковага побыту, абрадаў і звычаяў. Асобная старонка — выявы культавых збудаванняў.  З твораў Петухова паўстае перад намі старажытная Беларусь, з тымі адметнымі помнікамі, што здолелі выстаяць у віхуры крывавых стагод- дзяў…

Аляксей робіць высакародную справу — адкрывае самыя розныя фотарысы іміджу, вобраза Беларусі. Гледачам, асабліва турыстам-замежнікам, што імкнуцца “дайсці” да нашай краіны, да непаўторнай красы беларускай вясковай глыбінкі, такая выстава будзе вельмі карыснай. Ды і суайчыннікам варта пабываць у “Здраўнёве”: фотазбор Петухова прапісаўся там ажно да канца жніўня 2012-га… Спяшайцеся пабачыць!

Канстанцін КАРНЯЛЮК,  краязнаўца

г. Віцебск

НА ЗДЫМКУ: у працах Аляксея ПЕТУХОВА — вобразы роднага краю…

Фота з інтэрнэт-сайта

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter