Ад квадрата да арт-аб’екта

Навейшую гісторыю мастацтва прасочыць маштабная выстаўка

Навейшую гісторыю сучаснага мастацтва прасочыць маштабная выстаўка

Што такое сучаснае мастацтва? Якія яго крытэрыі? Як яго зразумець? Вось узяць, напрыклад, пейзажы Левітана — даступныя, рэалістычныя, пазнаваемыя. А калі перад вамі нейкі дзіўны арт-аб’ект, гледзячы на які вы толькі і можаце, што паціснуць плячыма, маўляў, дзе тут мастацтва? Між іншым бывалі выпадкі, калі падобныя канцэптуальныя творы аказваліся нават на сметніку. Так, напрыклад, адбылося на адной з італьянскіх выстаў з інсталяцыяй, якую ацэньвалі ў дзесяць тысяч еўра. Але прыбіральшчыцы знешне ўсё гэта нагадала раскрышанае на падлозе пячэнне. У другой галерэі сумная доля напаткала інсталяцыю, якая ўяўляла сабой перапоўненую попельніцу і расстаўленыя вакол яе банкі піва. Яе прынялі за сляды бурнай вечарынкі і таксама паспяшаліся прыбраць да прыходу наведвальнікаў.

Паспрабаваць разабрацца, што ж такое сучаснае мастацтва, зверыць свае погляды, ацаніць уражанні, паспрачацца пра густы за­просіць выстава «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта», якая пройдзе ў Мінску. Маштабны праект разгорнецца адразу на трох пляцоўках. Гараджан і гасцей сталіцы пазнаёмяць з творчымі пошукамі сучасных беларускіх мастакоў, прадэманструюць асноўныя тэндэнцыі і ўзровень развіцця айчыннага сучаснага мастацтва ў кантэксце найбольш яркіх дасягненняў авангарда XX стагоддзя.

У Нацыянальным выставачным цэнтры на праспекце Пераможцаў, 14 прадэманструюць працы, створаныя ў апошнія дзесяцігоддзі. Вядомы мастацтвазнаўца, куратар праекта Наталля Шаранговіч гаворыць, што ў экспазіцыі пастараліся кансалідаваць усе творчыя сілы. Убачыць тут можна будзе жывапіс, графіку, скульптуру, арт-аб’екты, інсталяцыі, фатаграфію, дызайн. Прадставяць максімальна ўсё самае цікавае, што змаглі сабраць на сёння: ад праектаў, якія ўжо ярка заявілі пра сябе ў краіне і за мяжой, да зусім новых. Выстава адкрыецца 21 красавіка.

Своеасаблівай рэтраспектыўнай пляцоўкай стане Музей сучаснага мастацтва. Тут 22 красавіка прадставяць праект «Сто гадоў беларускага авангарда». Наталля Шаранговіч называе яго ўнікальным, бо ўпершыню ў адным месцы збіраецца такая вялікая колькасць мастакоў і іх работ.

Пачнуць адлік з 1910—1920-х гадоў і віцебскай мастацкай школы, а таксама пакажуць, як фарміравалася мастацтва нанканфармізму ў 1960—1970-я, якія нефармальныя плыні ўзнікалі ў 1980—1990-х гадах. Разам са знакавымі імёнамі Марка Шагала, Аляксандра Ахола-Вало, Надзі Хадасевіч-Лежэ, Фернана Лежэ ў экспазіцыі прадстаўнікі і пазнейшых напрамкаў — Ігар і Фёдар Кашкурэвічы, Людміла Русава і іншыя.

Экспазіцыя «Мастак і горад. BelART.by» адкрыецца 23 красавіка на плошчы Якуба Коласа. Пад адкрытым небам выставяць больш за 30 работ сучаснага жывапісу і графікі.

— Мы выбіралі ўсё самае цікавае і яркае, каб любы чалавек, які праходзіць праз плошчу, звярнуў увагу, запомніў, адчуў прыцягальнасць сучаснага мастацтва і стаў бліжэй да яго разумення, —расказала Наталля Шаранговіч.

Выставы ў павільёне і ў музеі працягнуцца да 10 чэрвеня. Тэрміны праекта на плошчы Якуба Коласа пашыраны да 1 жніўня.

Як адзначаюць арганізатары, графік працы ўсіх пляцовак скарэкціраваны з улікам правядзення ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі.

Пазнаёміцца з сучасным мастацтвам жадаючыя змогуць з 11.00 да 21.00. Кошт на квіткі абяцаюць прымальным: для дарослых — Br 50 тыс., для дзяцей — Br 15 тыс. Прадугледжаны і льготныя бiлеты за Br 25 тыс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter