Ад квадрата да аб’екта і далей у будучыню

Авангардыстам пажадалі не баяцца быць дзёрзкімі і тварыць

Каля Нацыянальнага выставачнага цэнтра на праспекце Пераможцаў, 14 іграў джаз, танцавалі снежныя чалавечкі, дыбалі на хадулях дзіўныя істоты ў яркіх балахонах, ажывалі час ад часу постаці скульптур. Мімы, прыветна ўсміхаючыся, сустракалі наведвальнікаў і суправаджалі да ўваходу ў залу, пад купалам якой на плошчы ў тры тысячы квадратных метраў размясцілася выстаўка сучаснага мастацтва «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» — першая частка аднайменнага маштабнага арт-праекта.

Унікальным назваў яго ў час цырымоніі адкрыцця намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік. І падзея сапраўды абяцае стаць прыкметнай з’явай у нацыянальнай культуры. Праект, рэалізаваны па ініцыятыве і даручэнні Прэзідэнта, уражвае. Ён разгарнуўся адначасова на трох пляцоўках і знаёміць з творамі выдатных прадстаўнікоў беларускага авангарда мінулага стагоддзя, сучасных вядомых майстроў і маладых таленавітых аўтараў. Ім Анатоль Тозік пажадаў не баяцца быць дзёрзкімі і смела тварыць, нават выказаў упэўненасць, што сярод сённяшніх маладых мастакоў-авангардыстаў абавязкова з’явяцца легенды кшталту нашых сусветна знакамітых землякоў Малевіча і Шагала. На думку намесніка прэм’ер-міністра, сучаснае беларускае авангарднае мастацтва годна развіваецца ў кантэксце з мастацтвам сусветным. Выдатныя вынікі гэтага развіцця прыкметны ўжо зараз, хаця ў поўнай меры ацаніць іх змогуць, відаць, будучыя пакаленні, бо вялікае, гаворачы словамі паэта, «видится на расстоянье».

Авангард у перакладзе з французскай — «перадавы атрад». А значыць, мастацтва авангарда — гэта наватарства, пошук і асацыяцыі, смелы эксперымент і спроба зазірнуць у дзень заўтрашні, якая іншы раз бывае і не зразумелай сучаснікамі.

У экспазіцыі прадстаўлены работы апошняга дзесяцігоддзя. Для выстаўкі адбіралі самае лепшае. Аўтары — сталічныя і з рэгіёнаў. Маладыя і тыя, хто ўжо паспеў гучна заявіць пра сябе. Убачыць можна жывапіс, графіку, скульптуру, арт-аб’екты, інсталяцыі, фатаграфію, дызайн-праекты. Творы прыцягваюць увагу, даюць прастор фантазіі, здзіўляюць арыгінальнасцю рашэнняў, захапляюць сюжэтам і нечаканасцю выкарыстаных матэрыялаў.

Скрутак белага палатна, «сатканага» з фарфоравых ніцей, аўтапартрэт — чалавечая галава-клетка, сплеценая з дроту, з седалам для птушкі ўнутры, адмысловая шкала з рознакаляровых старых ліхтарыкаў, антыкрызісны табурэт з накінутай зверху пятлёй і кавалкам мыла побач, фатаграфіі, скла-дзеныя з драўляных пазлаў, «кола часу», зваранае з заржавелага металу з аблупленай фарбай… Усяго дэманструецца больш за сотню работ. І кожная вымушае спыніцца, паразважаць, задумацца: што хацеў сказаць аўтар, чаму менавіта такой убачыў сутнасць і выбраў для яе ўвасаблення тую ці іншую форму? Дарэчы, атрымаць адказы на многія пытанні можна і ад саміх мастакоў. У праграме выстаўкі з імі запланаваны шэраг сустрэч, а таксама лекцыі мастацтвазнаўцаў і культуролагаў, семінары, майстар-класы, перформансы, паказы дакументальных фільмаў і авангардных модных калекцый.

Адначасова з выстаўкай «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пачала працаваць рэтраспектыўная частка праекта — экспазіцыя «Сто гадоў беларускага авангарда». Упершыню пад адным дахам сабраны творы, якія адлюстроўваюць гісторыю развіцця айчыннага нефармальнага мастацтва, пачынаючы з 1910 года і знакамітай Віцебскай школы, да 1990-х.

Трэцяя частка праекта — выстаўка «Мастак і горад. BelART.by» разгарнулася на плошчы Якуба Коласа. Пад адкрытым небам — больш за 30 работ сучаснага жывапісу і графікі. Творы сабраны самыя яркія і цікавыя, каб любы, хто праходзіць цераз плошчу, звярнуў на іх увагу, спыніўся, адчуў прыцягальнасць і стаў бліжэй да разумення сучаснага мастацтва.

Наведаць усе тры выстаўкі можна да 10 чэрвеня. Прыемна, что зрабіць гэта і атрымаць незабыўныя ўражанні змогуць і госці нашай краіны з усіх кантынентаў, якія неўзабаве збяруцца ў Мінск на чэмпіянат свету па хакеі. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter