Ад краю да краю

Гісторыя Буда-Кашалёўскага раёна ў асноўным падобна на гісторыю большасці раёнаў Беларусі. Аднак, як і чалавек, край вылучаецца індывідуальнасцю, непаўторнасцю. Тут няма помнікаў археалогіі сусветнага значэння, прычынай чаго можна лічыць даволі позняе, паводле гістарычных мерак, засяленне гэтай тэрыторыі (вядома некалькі стаянак часоў неаліту, а таксама знойдзеныя ў 20 населеных пунктах каменныя тапары, якія адносяцца да сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку). Найвялікшую цікавасць выклікаюць раскопкі гарадзішча ў г.п.Уваравічы, важнага эканамічнага цэнтра Верхняга Падняпроўя ў жалезным веку, узведзенага носьбітамі мілаградскай культуры ў VII—VI стст. да нашай эры, а таксама скарб з сямі старажытнарускіх білонных грыўняў на шыю, знойдзены паблізу пасёлка Козі Рог (у Гомельскім Прыдняпроўі такія грыўні ў скарбах сустрэліся ўпершыню). Варта таксама адзначыць знойдзеную ў курганным могільніку ля г.п.Уваравічы арабскую манету 930 года.

Гісторыя Буда-Кашалёўскага раёна ў асноўным падобна на гісторыю большасці раёнаў Беларусі. Аднак, як і чалавек, край вылучаецца індывідуальнасцю, непаўторнасцю. Тут няма помнікаў археалогіі сусветнага значэння, прычынай чаго можна лічыць даволі позняе, паводле гістарычных мерак, засяленне гэтай тэрыторыі (вядома некалькі стаянак часоў неаліту, а таксама знойдзеныя ў 20 населеных пунктах каменныя тапары, якія адносяцца да сярэднедняпроўскай культуры бронзавага веку). Найвялікшую цікавасць выклікаюць раскопкі гарадзішча ў г.п.Уваравічы, важнага эканамічнага цэнтра Верхняга Падняпроўя ў жалезным веку, узведзенага носьбітамі мілаградскай культуры ў VII—VI стст. да нашай эры, а таксама скарб з сямі старажытнарускіх білонных грыўняў на шыю, знойдзены паблізу пасёлка Козі Рог (у Гомельскім Прыдняпроўі такія грыўні ў скарбах сустрэліся ўпершыню). Варта таксама адзначыць знойдзеную ў курганным могільніку ля г.п.Уваравічы арабскую манету 930 года.

Святая крынічка

На тэрыторыі Буда-Кашалёўскага лясгаса (Дуравіцкае лясніцтва) побач з вёскай Сялец ёсць такое святое месца, куды штодзень, незалежна ад пары года, прыходзяць і прыязджаюць людзі: хтосьці набраць святой вады, памаліцца, а хтосьці проста пасядзець, падумаць, паразмаўляць з сабой ці пабыць сам-насам з прыродай і набрацца духоўнай моцы.
Ніхто не памятае, калі з’явілася крынічка, але вядома, што ў 1930 годзе каля яе яшчэ быў драўляны дамок, дзе збіраліся прыхаджане са святаром. Побач заўсёды стаялі драўляныя крыжы, на якія людзі вешалі ручнікі. На свята Макавей тут вялася служба. Святар асвячаў ваду. Гэту ваду як лякарства давалі піць хвораму, асвячалі ёю жытло, падвор’е. У самыя лютыя маразы крынічка не замярзае. Вада ў ёй высокай якасці, валодае павышаным утрыманнем фтору, вельмі карыснага ва ўмовах радыяцыйнага забруджання.

Карцінная галерэя Я.Я.Майсеенкі

Гісторыя галерэі, размешчанай у Буда-Кашалёве, бярэ пачатак у 1999 годзе, калі ў Буда-Кашалёўскім раёне быў праведзены першы міжнародны славянскі пленэр імя Яўсея Яўсеевіча Майсеенкі, на якім сабраліся мастакі з Беларусі, Украіны і Расіі. Славутым стаў 2000 год, калі адзін з вучняў перадаў у дар музею эцюд, напісаны гэтым мастаком у 1946 годзе. На сённяшні дзень адзіная карціна Яўсея Майсеенкі ў Беларусі знаходзіцца ў Буда-Кашалёве. Да 2007 года папаўняліся фонды музея-галерэі. Асноўнай крыніцай сталі міжнародныя славянскія пленэры імя Яўсея Яўсеевіча Майсеенкі і Віталя Канстанцінавіча Цвіркі. Усяго ў Буда-Кашалёўскім раёне было праведзена чатыры пленэры — у 1999, 2002, 2004 і 2006 гадах. У 2007 годзе музей-галерэя атрымаў новую назву — Карцінная галерэя імя Я.Я.Майсеенкі.
Адкрыта галерэя 25 жніўня 2007 года ў знак пашаны ўраджэнца Буда-Кашалёўскага раёна народнага мастака СССР, дзеючага члена Акадэміі мастацтваў СССР, Героя Сацыялістычнай Працы, прафесара жывапісу Яўсея Яўсеевіча Майсеенкі.

Шведскі рэдут

Шведскі рэдут размешчаны на паўднёвай ускраіне вёскі Саўгаснай Мікалаеўскага сельсавета на адлегласці аднаго кіламетра на паўднёвы захад ад цэнтра вёскі. Шмат шведаў палягло ў баях з невялікімі атрадамі рускіх воінаў вакол рэдута. З таго часу ў цэнтры вёскі доўга знаходзіліся (але да нашых дзён не захаваліся) курганы, дзе былі пахаваны шведы, а ў лесе, непадалёк дарогі, пахаваны рускія воіны (іх магіла яшчэ дагэтуль бачна). Пазней шведскі гарнізон меў стасункі з мясцовым насельніцтвам, некаторыя са шведаў ажаніліся з мясцовымі дзяўчатамі і аселі ў вёсцы (за іх нашчадкамі надоўга замацавалася мянушка — шведавы). Шведскі рэдут — гэта абарончае збудаванне часоў Паўночнай вайны (1700—1721 гг.), земляное круглае, у дыяметры каля 80 метраў, вышынёй каля трох метраў, з роўнай круглай пляцоўкай і двума абарончымі валамі, што закрываюць рэдут з усходняга і паўднёвага боку. Знешні вал быў знішчаны часткова ў 50-я гады і часткова ў 80-я пры ўзвядзенні мясцовага Дома культуры. Унутраны вал захаваўся цалкам.

На фіранках узоры раслін

Музей народнай медыцыны быў арганізаваны ў 1992 годзе. Ідэя яго стварэння належыць бібліятэкару з вёскі Старая Буда Сярэбранай Ніне Уладзіміраўне.
Увесь інтэр’ер пакоя падкрэслівае сваё прызначэнне. Па кутках на спецыяльных прыстасаваннях развешаны лекавыя расліны. На сценах размешчаны гербарый лекавых раслін, у шафе знаходзяцца лекавыя напоі і адвары, на паліцах — кнігі рэцэптаў іх прыгатавання, альбомы раслін, што выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне. Ёсць картатэка людзей — лекараў нетрадыцыйнай медыцыны. Нават фіранкі на вокнах вышыты ўзорам лекавых раслін.

“13-ы кардон”: ад ягад да ілу

Зона адпачынку ў вёсцы Старая Буда, урочышча “Язвы”, была абсталявана работнікамі Чабатовіцкага лясніцтва ў 1995 годзе. Яна размяшчаецца ў прыгожым бярозавым гаі на беразе штучнага вадаёма. Утульныя альтанкі, мангал, арэлі, драўляны масток цераз вадаём — усё гэта стварае камфортныя ўмовы для адпачынку. Вакол — грыбныя і ягадныя мясціны. Акрамя таго, як сцвярджаюць старажылы вёскі, іл з дна вадаёма валодае лячэбнымі ўласцівасцямі.
Штогод зона адпачынку збірае сотні адпачываючых. У верасні 2006 года тут пабывалі ўдзельнікі Міжнароднага славянскага пленэра жывапісу імя Яўсея Майсеенкі. Прыгажосць гэтых мясцін была адлюстравана ў карцінах гасцей, адна з якіх падаравана Старабудскай сельскай бібліятэцы.

Помнік віцэ-адміралу Валянціну Дразду

У Буда-Кашалёве на цэнтральнай вуліцы Леніна стаіць помнік — стэла ў выглядзе насавой часткі карабля, на якой справа — рэльефная паясная выява віцэ-адмірала Валянціна Пятровіча Дразда ля штурвала.
Ён нарадзіўся 3 верасня 1906 года на станцыі Буда-Кашалёўская Гомельскай вобласці. Служыў на караблях Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту. Валянцін Дрозд — вельмі прыкметная і каларытная фігура ў гісторыі Ваенна-Марскога флоту і Вялікай Айчыннай вайны.
29 студзеня 1943 года — трагічны дзень для героя Іспаніі, Арктыкі і Балтыкі. Камандуючы эскадрай Балтыйскага флоту віцэ-адмірал Дрозд паў смерцю героя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 13 лютага 1943 года эсмінцу “Стойкі” было прысвоена імя загінуўшага віцэ-адмірала Валянціна Пятровіча Дразда, які так часта хадзіў на ім у баявыя паходы. З таго часу прайшло шмат гадоў. Але і сёння воды Сусветнага акіяна баразніць магутны гвардзейскі процілодачны карабель “Віцэ-адмірал Дрозд”.

Свята-Мікалаеўская царква

Яшчэ ў ваенным 1943 годзе царкоўным саветам быў набыты жылы дом у Буда-Кашалёве на вуліцы Ламаносава. Яго прыстасавалі пад малітоўны дом. Была пабудавана званіца, на якой умацавалі два званы. Першым настаяцелем малітоўнага дома з 1943 па 1960 год быў айцец Мікалай (Мікалай Шынкевіч).
У канцы 1989 года прыхаджане Свята-Мікалаеўскага малітоўнага дома горада Буда-Кашалёва звярнуліся з заявай у мясцовыя органы ўлады з просьбай аб вырашэнні пытання будаўніцтва новага храма замест старога дома, які выкарыстоўваўся пад рэлігійныя патрэбы.
А ў кастрычніку 1990 года настаяцелем Свята-Мікалаеўскага малітоўнага дома іерэем Сергіем Пяшко быў асвечаны першы камень пры закладцы ў падмурак новага храма. Храм будаваўся на даходы царквы і ахвяраванні прыхаджан і арганізацый. 19 мая 1994 года епіскап Гомельскі і Жлобінскі Арыстарх асвяціў прастол Свята-Мікалаеўскай царквы. Пры храме з 1993 года працуе нядзельная школа.

Дарагія чытачы!


Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Буда-Кашалёўскага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі “Народнай газеты” з прыпіскай на канверце “7 цудаў Беларусі”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter