Кавуны з нашых градак паступова выцясняюць на прылаўках імпартныя паласатыя ягады. Пасяўныя плошчы пад бахчавыя культуры ў краіне пашыраюцца штогод, фермеры збіраюць нядрэнны ўраджай, а вучоныя скрупулёзна працуюць над новымі методыкамі і тэхналогіямі iх вырошчвання. Цуды сучаснай навукі і змены клімату — рэцэпт поспеху нашых кавуноў. «Р» пабывала на плантацыях вялікіх салодкіх ягад і даведалася, ці трэба чакаць гэтым летам добрага ўраджаю.

На смак і колер
Мы прывыклі бачыць на прылаўках краснадарскія, астраханскія, казахстанскія кавуны. Выдатныя ягады выспяваюць i ў Крыме, i каля ўкраінскага Херсона, але не менш салодкія і смачныя вырошчваюць у нас. Напрыклад, на Брэстчыне. Каля Кобрына кавуны такія ж вялікія і паласатыя, як прывазныя. Фермер Мікалай Віктаровіч з аграгарадка Гарадзец запэўнівае:
— Знешне і на смак нашы кавуны не адрозніваюцца ад імпартных. Карнішоны, буракі, моркву, бульбу і ячмень пачаў вырошчваць яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў, кавунамі ж заняўся толькі сем гадоў таму. Пад бахчу адвёў крыху больш за гектар. Каб атрымліваць добры ўраджай, да справы падключыў свайго сына Віктара — навуковага супрацоўніка кафедры малекулярнай біялогіі біяфака БДУ.

Сёння ў Мікалая Міхайлавіча растуць паўднёвыя ягады швейцарска-галандскага гібрыднага сорту «Раманза». Ён выдатна падыходзіць для нашых шырот. Фермер тлумачыць:
— Насенне я папярэдне высаджваю яшчэ ў маі. Месяц яно знаходзіцца ў цяпліцах. Потым расаду перасаджваю ў поле, дзе кавуны растуць, лашчацца на сонцы і набіраюцца цукру. Ім трэба не менш за 40 дзён, каб вырасці і паспець.
На бахчы ў Кобрынскім раёне расце толькі натуральны прадукт — ніякіх нітратаў! Ва ўдалы сезон з аднаго гектара збіраюць не менш за 40 тон кавуноў, а часам і ўсе 50. Фермер прагназуе, што ў гэтым годзе ўраджай павінен быць добрым.
— Збяром не менш за леташні, — Мікалай Віктаровіч пастаянна ў справе, але ненадоўга адцягваецца ад працы. — Самымі хадавымі кавунамі лічацца тыя, што важаць ад трох да пяці кілаграмаў, бо сям’я паспявае ўсю ягаду з’есці зараз. Мы за гігантамі не гонімся, але часам і такое здараецца. Аднойчы вырас кавун вагой 15,5 кілаграма!
Зараз на ўчастку фермера кавуны амаль паспелі. Некаторыя ўжо важаць па 8 кілаграмаў. Калі ў мінулым годзе ўраджай збіралі толькі ў сярэдзіне жніўня, то на гэты раз салодкую ягаду паспрабуюць нашмат раней — ужо праз тыдзень-паўтара. Фермеры ў адзін голас паўтараюць: прывабнасць нашай ягады ў тым, што яна трапляе адразу з градкі на стол. У той час як імпартныя плады вязуць да нас два ці тры тыдні. За гэты час ягады крыху псуюцца.
— Зрэшты, і нашы плады могуць доўга захоўвацца, як аказалася. Аднойчы пачаставаў знаёмага кавуном, ён паклаў яго на балкон, адкуль дастаў толькі перад Новым годам, — смяецца ўладальнік фермерскай гаспадаркі. — І нічога, смачна было, ягаду з задавальненнем з’елі.
Кавун у ваш агарод

Нашы бахчавыя карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю. Мой суразмоўца рэалізуе свой ураджай звычайна праз суседнія райспажыўтаварыствы, а таксама здае кобрынскаму гандлёваму цэнтру «Палессе». Звычайныя агароднікі-аматары саджаюць кавуны для сябе, паласавацца экзатычнай паласатай ягадай з уласнай градкі.
— У нашай краіне цяпла і святла для вырошчвання кавуноў хапае з запасам, — разважае Алена Радзівонік, дачніца-энтузіяст з Ваўкавыска. — Ягады за лета паспяваюць вырасці і наліцца сокам. Ніхто з маіх знаёмых, якіх частую ўраджаем, не здагадваецца нават, што кавуны гэтыя вырашчаны не ў паўднёвых краінах, а літаральна ў iх пад бокам.
Вучоныя Акадэміі навук упэўненыя: у нашай краіне абсалютна рэальна вырасціць смачныя і салодкія кавуны. Загадчык лабараторыі тэхналагічных даследаванняў РУП «Інстытут агародніцтва» НАН Мечыслаў Сцяпура лічыць, што ёсць усе перадумовы для таго, каб разводзіць у нас кавуны і атрымліваць добры ўраджай. Пра гісторыю і перспектывы вырошчвання цеплалюбівай ягады гутарым прама на градках.
У адным з найстарэйшых навуковых цэнтраў краіны гародніну і ягады песцяць сапраўдныя профі — прафесары і дактары навук. Маштабы «агарода» ўражваюць. Не дзіва: інстытут ужо больш за 90 гадоў вырашае праблемы галіны. Створана больш за 150 сартоў і гібрыдаў па 37 відах агароднінных культур. Распрацавана мноства тэхналогій і карысных рэкамендацый. Бахчавымі тут займаюцца ўшчыльную — вучоныя стварылі прамысловую тэхналогію вырошчвання кавуноў.
— Насуперак ходкай думцы гэта не новая для нас культура. Многія нашы агароднікі культывавалі яе яшчэ да Другой сусветнай вайны. Але былі праблемы: не хапала ранніх сартоў і гібрыдаў, не было палімерных сховішчаў. Цяпер гэтага ў дастатку.
Цікава, што за апошнія дзесяцігоддзі наш клімат заўважна пацяплеў: кліматычныя зоны зрушыліся на 100—150 кіламетраў на поўнач. З’явілася чацвёртая кліматычная зона — можна дабівацца добрых ураджаяў бахчавых. На Гомельшчыне кавуны вырошчваюць у Буда-Кашалёўскім, Рэчыцкім, Петрыкаўскім раёнах, на Брэстчыне — у Кобрынскім раёне, на Століншчыне. Нямала энтузіястаў разводзяць бахчавыя і на поўначы краіны. Кавуны нядрэнна растуць і ў цэнтральнай зоне — у Мінскім, Слуцкім, Смалявіцкім раёнах.
І ніякай хіміі

Падыходзім да вялікіх кавуновых градак. Плады пакуль сярэдніх памераў, але ўжо ў пачатку жніўня цалкам паспеюць. Доктар сельскагаспадарчых навук Мечыслаў Сцяпура праводзіць экскурсію. На поўным сур’ёзе заўважае, што нашы кавуны нават у Астрахані атрымалі добрую ацэнку. Беларускія плады нічым не адрозніваюцца ад «братоў» з паўднёвых рэгіёнаў.
Вучоны шмат гадоў прысвяціў вывучэнню гэтай ягады, яго «кабінет на полі» заўсёды адкрыты для беларускіх дачнікаў і фермераў — ён з радасцю дзеліцца тонкасцямі майстэрства. «Кавунавед» упэўнены, што хутка развядзенне бахчавых стане новым смачным трэндам. Па-першае, вырошчваць плады нескладана. Да іх трэба зрабіць прыкладна два падыходы, а ўраджаю агуркоў трэба «пакланіцца» разоў 20. Па-другое, у паласатай ягады высокая рэнтабельнасць. Мечыслаў Сцяпура аглядае градкі і расказвае:
— Па самых сціплых падліках, рэнтабельнасць вырошчвання кавуноў можа дасягаць 180—200 працэнтаў. Вядома, калі прытрымлівацца тэхналогіі і добра апрацоўваць глебу.
Па прагнозах, з-за сонечнага гарачага надвор’я ягада сёлета будзе яшчэ саладзейшая, чым звычайна. Вучоныя запэўніваюць, што ўраджайнасць кавуноў будзе на ўзроўні мінулага года. Значыць, каля 500 тон. Лічба, вядома, не рэкордная: у 2016 годзе мы сабралі 808 тон кавуноў. Ёсць да чаго імкнуцца. Да таго ж плошчы пад пасадку бахчавых штогод пашыраюцца.
Прызнацца, перад паездкай на кавуновыя градкі да тэмы вырошчвання экзатычнай ягады ў нашай краіне я ставілася з доляй скепсісу. Але крута змяніла сваё меркаванне, калі на свае вочы ўбачыла, як спеюць беларускія плады. Глядзіш, праз некалькі гадоў менавіта нашы, а не імпартныя вадзяністыя ягады будуць спаталяць смагу ў кожнай сям’і.