Ад казак свет святлее

У творчасці Івана Бурсава кожны знойдзе для сябе тое, што яму больш па душы
У творчасці Івана Бурсава кожны знойдзе для сябе тое, што яму больш па душы


Яўгенія Янішчыц ды Іван Бурсаў. Вясна 1969 года

Напрыканцы 60-х бацькі мае, прыехаўшы з Баранавіч, прывезлі дзіцячую кніжку. Такое ў сям’і трактарыста з вёскі Яцкаўшчыны здаралася нячаста, і для мяне было вялікім святам: нюхаць і гартаць яе, разглядваць малюнкі, чытаць вершаваныя казкі. Як цяпер помніцца: за акном – марозна, узоры на шыбах, гурбы снегу аж цераз платы, а ў хаце, ля печкі, цёпленька. Кошачка муркае. І казкі… Да кожнае была забаўная прадмоўка. Кніжка называлася: “Сказки с присказками”. Лёгка глянуць і ў нэце: выдадзена ў 1968-м у Мінску. Дарэчы, адначасова ў хаце з’явілася і кніга “З майго летапісу”, выбраныя вершы Якуба Коласа: яе тата купіў для сябе. І не выпадкова, бо Колас быў яго любімым аўтарам: “Новую зямлю” чытаў услых дзецям яшчэ ягоны бацька, мой дзед Юзік. Дык вось, у тую зіму я ўпершыню й даведаўся пра Івана Бурсава: то была ягоная кніга. Пэўна, майму тату Івану захацелася прывезці малому сыну Іванку кніжку менавіта ад пісьменніка Івана. Мусіць жа, з падтэкстам, з падказкай… Бо казаў, аддаючы падарунак: “Чытай, сынок, вучыся: можа й ты калі вершыкі складаць будзеш…”.

Ад Коласа – да Бурсава… Эстафета павагі да вершаванага слова ў глыбінцы пад Клецкам урэшце дала плён: я і сапраўды пачаў у хуткім часе “складаць вершыкі”. Яны і друкаваліся ў “Піянеры Беларусі”, “Бярозцы”. І такая прыхільнасць, як цяпер разумею, не ў малой ступені прадвызначыла будучую прафесію. А Іван Бурсаў, як і Васіль Вітка, таксама вядомы казачнік з ягоным часопісам “Вясёлка”, атрымліваецца, спрычыніліся да майго выбару жыццёвае дарогі. І ці ж толькі майго! Рыхтуючы да друку тэкст Ірыны Капчынскай “Маскоўскі беларус Іван Бурсаў”, я знайшоў у нэце здымкі вядомага паэта, былога ваеннага журналіста Сяргея Панізьніка. Што цікава: былі яны зроблены на 5-й Усесаюзнай нарадзе маладых пісьменнікаў у Маскве таксама напрыканцы 60-х, з 25 сакавіка па 1 красавіка 1969 года. Подпісы да здымкаў красамоўныя: “Кіраўнік семінара маладых пісьменнікаў Іван Бурсаў – над рукапісамі Яўгеніі Янішчыц”, “Іван Бурсаў з Мар’янам Дуксам”… З чаго лёгка зрабіць выснову: жывучы ў Маскве, Іван Цярэнцьевіч Бурсаў не адрываецца ад Беларусі, ён заўжды “на сувязі”, як цяпер кажуць, з землякамі. Сяргей Панізьнік, дасылаючы ў рэдакцыю здымкі, напісаў цёпла і вобразна: сёння Іван Бурсаў, масквіч-зямляк, на 89-й вярсце жыцця ад Мінска...

Дарэчы, па словах Сяргея, Рыгор Барадулін, з якім Бурсаў быў у вялікім творчым сяброўстве, называў яго: Іван Цярэшкавіч. А й сапраўды, давайце вернем імю Цярэнцій спаконвечнае беларускае гучанне: Цярэшка! Фалькларыстам вядомы ж і беларускі вясёлы, жартаўлівы абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. А ў знакамітай беларускі-касманаўткі Валянціны Церашковай прозвішча проста гаворыць само за сябе пра родавыя карані.

Паэт. Казачнік. Перакладчык. Удумлівы даследчык літаратуры. Гэта ўсё Іван Бурсаў. Набліжаецца 90-гадовы юбілей Івана Цярэшкавіча, і мы аддаем земляку даніну вялікай павагі. Спадзяемся, з часам ягоная кніга-анталогія  “Дыхание времени”, якая выйшла ўсяго ў 60 асобніках, будзе пры фінансавай падтрымцы ФНКА “Беларусы Расіі” гожа перавыдадзена ды шырока пойдзе па ўсім свеце.

Даведка ГР. Іван Бурсаў нарадзіўся 19 снежня 1927 года ў горадзе Клімавічы ў сям’і вайскоўца. Працаваць пачаў счэпшчыкам вагонаў на Чэлябінскім металургічным заводзе. Працаваў і на Мінскім трактарным (1953-57). У 1962-м закончыў Літінстытут у Маскве. Працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса “Нёман” (1962-64). З 1965 года жыве ў Маскве. Піша на рускай мове. У яго перакладах выйшлі зборнікі паэзіі Р. Барадуліна “Целиноград” (1961), “Раскидач” (1969), “Кошки в лукошке” (1985), Г. Бураўкіна “Голоса расстояний” (1964), У. Караткевіча “Вечерние паруса” (1969), В. Зуёнка “Основа” (1972), «Молчание травы” (паэма, 1987), А. Астрэйкі “Приключения деда Михеда” (1974), Е. Лось “Песня твоей сестры” (1977), К. Цвіркі “Закон воды” (1978), Д. Бічэль-Загнетавай “Где ходят босиком” (1987) ды іншыя.

Іван Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter