Обзор книг Алеся Карлюкевича «Крынiцы святла» i Стиана Холе «Лето Гартмана»

Ад каранёў да вершалiны

Алесь Карлюкевiч. Крынiцы святла.
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2019.

«Сустрэчы, знаёмствы, адкрыццi» — такi падзагаловак у новай кнiгi вядомага пiсьменнiка i краязнаўцы Алеся Карлюкевiча. Адкрыццяў пра беларускiя лiтаратурныя сувязi будзе шмат. Цi ведалi вы, напрыклад, што Якуб Колас сябраваў з ваенным лётчыкам Барысам Макарцавым. Той напiсаў пра сяброўства раман «Добры генiй» i спарадзiў яшчэ адну лiтаратурную таямнiцу, бо рукапiс рамана знiк. Вы даведаецеся цiкавыя моманты з перапiскi Васiля Быкава i крытыка Iгара Дзядкова. А таксама, як шмат нашых пiсьменнiкаў жыло ў Казахстане: напрыклад, Пятро Бiтэль i Сымон Хурсiк былi туды сасланы. Нечакана было даведацца, што ў Блонi, на Пухаўшчыне, у маёнтку рэвалюцыянераў-народнiкаў Бонч-Асмалоўскiх гасцявала Лiзавета Вадавозава, мемуары пра Смольны iнстытут якой я нядаўна чытала. Пiсаў пра беларусаў у сваiх дзённiках i Карней Чукоўскi: «Ездзiлi ў Сакольнiкi з Янкам Купалам. Цiхi, сцiплы. Прыемна-бясколерны чалавек. Паказваў мне лiст Валерыя Брусава, якi ён атрымаў у 1914 г., калi Брусаў быў ваенным карэспандэнтам. «Вашы вершы сапраўдныя», — пiсаў яму Валерый Брусаў i прыклаў тры пераклады яго вершаў, зробленыя ў адзiн дзень. Янка Купала вельмi рассеяны. Прынёс мне гэта пiсьмо i забыўся ў мяне на стале. Прыйшоў за iм i забыўся кнiжку». Цiкавае чытанне з мноствам нечаканых фактаў, якiя па-новаму змусяць зiрнуць на месца нашай лiтаратуры ў свеце.

Стыян Холе. Лета Гармана.
Мiнск, Выдавец А.М.Янушкевiч, 2018.

Кнiгу гэтага вядомага нарвежскага пiсьменнiка i мастака я ўпершыню ўбачыла гадоў дзесяць таму, яшчэ не ў перакладзе. Яна ўсiх дзiвiла, бо была нязвыклай для нас, ад зместа да стыльнага афармлення. Як расказаць маленькiм дзецям пра такiя складаныя рэчы, як старасць i сыход з жыцця? Аказваецца, можна, прытым даступна, прыгожа i нават з дарэчным гумарам, у атмасферы настальгiчнай i светлай, якая нагадвае «Вiно з дзьмухаўцоў» Брэдберы. Герой кнiгi — хлопчык Гарман. Увосень ён мусiць пайсцi ў школу, а пакуль у яго ёсць лета i новыя рэчы для спазнання. Аказваецца, не толькi Гарман чагось баiцца — у дарослых свае страхi... У госцi да сям’i Гарманаў прыехалi тры пажылыя цётачкi — яны кожны год «прывозяць з сабой раматус, артрыт i мiндальны пiрог». «Якi ж ты худы i бледны!» — кажуць цётачкi i ўсмiхаюцца. «Дзякуй, вы таксама!» — адказвае Гарман i кланяецца». Цётачка Рута прызнаецца, што баiцца таго моманту, калi не зможа хадзiць сама, а толькi з хадункамi. «Тады я магу пазычыць табе мой скейт!» — адказвае Гарман i ўяўляе, як цётачка Рута будзе ганяць на скейце. Цётачка Рута весела смяецца». Нават тата Гармана, аказваецца, баiцца: калi iграе на сваёй скрыпцы на канцэрце, яму падаецца, што iграе занадта хутка. Мама баiцца, што Гарману давядзецца па дарозе ў школу пераходзiць праз вялiкую вулiцу. I да зубнога ўрача ёй iсцi страшна. Ну а Гарману страшна, што вось ён зробiцца першакласнiкам, а ў яго яшчэ нiводзiн зуб не хiстаецца. Думаю, дзякуючы перакладчыцы Юлii Цiмафеевай, нашы маленькiя чытачы i iх бацькi атрымалi добры падарунак.

Выданнi для агляду прадастаўлены кнiжным магазiнам «Акадэмiчная кнiга», Мiнск, пр-т Незалежнасцi, 72

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter