Ад каранеў навукі да кроны практыкі

Можа, прагучыць катэгарычна, але гэта факт: развіццё лесагаспадарчай галіны без навукі ў прынцыпе немагчыма. Штогод у гэтую сферу ўкараняецца звыш 50 інавацыйных навукова-тэхнічных распрацовак, прыводзіць лічбы міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч:

     — Напрамкаў супрацоўніцтва практыкаў з навукоўцамі ў нас шмат. Тут і стварэнне новых лясоў, іх вырошчванне, ахова і абарона, і ўстойлівае кіраванне, і эфектыўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, і павышэнне прадукцыйнасці лясоў, узмацненне іх сацыяльна-эканамічнай і экалагічнай ролі, рацыянальнае шматмэтавае лесакарыстанне, павышэнне эфектыўнасці работы ляснога комплексу і гэтак далей.

Вельмі своечасова была прынята дзяржаўная навукова-тэхнічная праграма “Лясы Беларусі — устойлівае кіраванне, інавацыйнае развіццё, рэсурсы”, разлічаная на 2016—2020 гады. У яе рамках вядзецца шмат навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ. У сучасным свеце дзядулевы метады ўжо не працуюць. Мяркуйце самі. Адвод і таксацыя лесасек праводзіцца з дапамогай сучасных сістэм глабальнага пазіцыяніравання і мабільных прылад. Тут без навукі нікуды. Даследаванні стану плантацый хвойных відаў дрэў пачынаюцца зусім не ў лесе, а ў спецыялізаваных лабараторыях. Меры па развіцці рэкрэацыйнай дзейнасці таксама нешта значна большае, чым устаноўка смеццевых кантэйнераў, прыдарожных альтанак і ўладкаванне вогнішчаў. Спосабы абароны ад шкоднікаў пасяўнога і пасадачнага матэрыялу ў гадавальніках распрацоўваюцца не практыкамі — навукоўцамі. Новыя тэхналогіі ачысткі лесасек. Рацыянальнае выкарыстанне пасечаных адходаў. Стварэнне найноўшых комплексаў машын для збору і транспарціроўкі драўняных адходаў... Дзясяткі напрамкаў дзейнасці і ўсе яны немагчымыя без тэарэтычнай базы. Вось ужо сапраўды навука — палкаводзец, а практыка — яе салдаты.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter