Четверть века работает в отделении почтовой связи Грицевичи Тамара Прищепа

Ад камбайна да веласіпеда

У СЯМ'І Тамары і Аляксандра Прышчэпа з клецкага аграгарадка Грыцэвічы заўжды напружаны жнівень. Гаспадар з раніцы да вечара ў полі, з памочнікам Сяргеем Велічам шчыруе на ўборцы збожжавых. Намалацілі звыш 2000 тон зерня. Іх экіпаж прызнаны лепшым у гаспадарцы. Пятнаццаць сезонаў адпрацаваў Аляксандр Міхайлавіч на гэтым камбайне. Ні разу тэхніка не падвяла ў полі. Перадавы механізатар пастаянна прымае ўдзел у раённых «Дажынках». І сёлета рыхтуецца да раённага свята ўраджаю.


Летнім часам хапае клопатаў і ў яго жонкі. Акрамя працы паштальёна, Тамара Канстанцінаўна паспявае дагледзець жыўнасць на падворку, управіцца з агародам. Нядаўна здалі гадавалага бычка. У хлеўчыку парасяты, ёсць куры.

Тамара Канстанцінаўна да напружанага рытму прызвычаілася. Чвэрць стагоддзя працуе ў аддзяленні паштовай сувязі Грыцэвічы. Пасля сярэдняй школы яна скончыла сталічнае вучылішча сувязі. Працавала на тэлеграфе ў Клецку. Пасля таго як выйшла замуж, вярнулася ў родную вёску, якая адной з першых у раёне атрымала статус аграгарадка. З мужам Аляксандрам Міхайлавічам выхавалі двух сыноў. Старэйшы Андрэй працуе вадзіцелем, Арцём скончыў Беларускі дзяржтэхуніверсітэт і атрымаў накіраванне ў вядомы агракамбінат «Сноў». Сыны маюць свае сем'і. Падрастаюць унукі Уладзіслаў і Арына. Летам сыны з сем'ямі любяць наведвацца ў аграгарадок.

Паштовае аддзяленне Грыцэвічы па асноўных паказчыках адно з лепшых у раёне. Паштальён Тамара Прышчэпа дастаўляе падпісчыкам не толькі перыядычныя выданні і грашовыя выплаты. Багажнік яе службовага веласіпеда заўжды загружаны таварамі першай неабходнасці, прадуктамі харчавання. 

Карыстаецца папулярнасцю ў Грыцэвічах і «Сельская газета». Даўнія сябры нашага выдання — галоўны аграном ААТ «Грыцэвічы» Міхаіл Мізгер, галоўны спецыяліст суседняй гаспадаркі «Чырвоная Зорка» Ала Сандрозд, завуч сярэдняй школы Алена Клімовіч. Колькасць падпісчыкаў на галоўную аграрную газету не памяншаецца. І ў гэтым значная заслуга паштальёна Тамары Прышчэпы.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter