Патрэбна людское брацтва, пра якое кажа паэт Ганад Чарказян на сваёй курдскай мове

Ад калыскі дачушкі да песні жніўнай

Напэўна, не ўсе ведаюць, што ў нашай рэспубліцы, не такой ужо і вялікай па колькасці насельніцтва, жывуць прадстаўнікі амаль 150 нацыянальнасцей. Жывуць яны ў гарадах і вёсках, жывуць у дабрыні і згодзе, працуюць ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, а таксама — у літаратуры і мастацтве. Сябруюць, ходзяць у госці, ствараюць міжнацыянальныя сем’і, дапамагаюць адзін аднаму, радуюцца поспеху іншых. І вельмі многія, падкрэслю, не беларусы, лічаць Беларусь сваёй другой радзімай, і не без падстаў: яны яе паўнапраўныя грамадзяне. Словам, з міжнацыянальным пытаннем у нас усё як трэба, а можа, нават і крышачку лепш.

Пра гэта мы неяк, як пра звычайнае жыццёвае, гаварылі з курдам, выдатным паэтам і празаікам Ганадам Чарказянам. Гаворку пачаў ён, а нагода была такая: Ганад Бадрыевіч, мой калега па пяру, прынёс свой том паэзіі на рускай мове «Бериван» (светлае імя дзяўчыны). А надпісаў яго так: «…шчыра і па-сяброўску…», затым: «…с пожеланиями добра, мира, здоровья и счастья…». А потым усё гэта сказаў на сваёй роднай мове. А я нагадаў яму ягоны верш «Людское братство» ў перакладзе на рускую Валерыя Ліпневіча. Там такія заключныя радкі: «И верю я, людское братство, // Пройдя бурленье и разлом, // Сумеет всё же оправдаться // За всё, чем нынче мы живём».

Так, жыццё ёсць жыццё. Яно найперш праходзіць у спакойныя часы, пазначаныя агульнанароднымі здзяйсненнямі. Але здараецца, і не ў такія ўжо і простыя, якія штучна ствараюцца тымі, каму перашкаджаюць людскія дабрыня і адзінства. І тады ўсім нам патрэбна цвярозая памяркоўнасць, каб не страціць тое, што ёсць. Патрэбна людское брацтва, пра якое кажа паэт Ганад Чарказян на сваёй курдскай мове, з якой нашы паэты перакладаюць яго для нас. А сапраўдныя паэты, на якой бы мове яны ні гаварылі, заклікаюць да дабра: спрадвечная сутнасць паэзіі… І я пасля той нашай сустрэчы, чытаючы яго «Бериван», не аднойчы вяртаўся да верша «Это ты», прысвечанага нашай радзіме: «Это ты, Беларусь, это ты, // Это твой аромат доброты, // И тепло, и застенчивый свет, // Что спасли от страданий и бед».

Падумалася, напэўна, наша Беларусь выратавала ад «пакут і бед» многіх не беларусаў, і не толькі сёння, але і ўчора, пазаўчора, і не толькі ў гады ліхалецця… І вось яно, прызнанне ў гэтым курда Ганада Чарказяна, які ўжо шмат дзесяцігоддзяў жыве на нашай зямлі, якая стала для яго па-сапраўднаму роднай. Прыехаўшы да нас юнаком, ён назаўжды звязаў свой лёс з Беларуссю. Тут пакахаў беларускую дзяўчыну, яны стварылі цудоўную курдска-беларускую сям’ю. Тут знайшоў шмат сапраўдных адданых сяброў, як сярод простых людзей, так і сярод калег пісьменнікаў. Ды яшчэ якіх! Ганад Бадрыевіч з неймавернай цеплынёй успамінае, як у першы час яго жыцця ў нашай краіне да яго, здавалася б, «чужога», тады яшчэ пачынаючага літаратара-курда нечакана на дзень нараджэння з кветкамі завітаў Народны паэт Беларусі Пятрусь Броўка!.. Аказваецца, класік прачытаў у адным часопісе ў перакладзе на беларускую яго вершы і захацеў падтрымаць таленавітага курда. Завітаў і гэтым самым назаўсёды «зняў» з яго свядомасці такое паняцце, як «чужы» на нашай зямлі… А я падумаў, якімі ж мудрымі і зычлівымі могуць быць нашы людзі, калі адчуваюць, што камусьці няпроста на першых кроках на «чужой» зямлі. Ды хіба толькі на першых?

І, чытаючы далей верш, засяродзіўся на гэтых радках ужо даўно нашага, хоць і курда, паэта Ганада Чарказяна: «Это ты, Беларусь, это ты, // В сердце только твои следы. // За тобою иду по следам, // Никому я тебя не отдам».

Вядома, каб настолькі шчыра і пераканаўча сказаць такое свету пра краіну, якая прыняла цябе, «чужога», як свайго, трэба сапраўды ўспрыняць яе як родную, і, без перабольшання, адчуваць сваю адказнасць за яе. У паэта і грамадзяніна Ганада Чарказяна, вядома ж, пры гэтым ні ў якім разе не знікае кроўнае адчуванне еднасці са сваім курдскім народам, на мове якога ён піша ўсё жыццё. А таксама — са светлай, бязмежна дарагой яму Арменіяй, у якой Ганад Бадрыевіч нарадзіўся і дзе ў яго таксама шмат сяброў, як і ў Беларусі. І не толькі пісьменнікаў. Калі пра іх, дык у свой час з Ганадам Бадрыевічам былі, напрыклад, добрыя сяброўскія адносіны ў Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава (дарэчы, Г. Чарказян не аднойчы разам з імі бываў на іх роднай Ушаччыне — пра гэта чытаем у яго вершах). А таксама — з Іванам Шамякіным, Нілам Гілевічам, Валянцінам Тарасам, Фёдарам Яфімавым (двое апошніх перакладалі яго на рускую мову), з іншымі нашымі пісьменнікамі. З ім сябруюць Казімір Камейша, Вадзім Спрынчан, Міхась Пазнякоў, Мікола Мятліцкі, Алесь Бадак, а зрэшты, кожны, хто хоць раз сутыкаўся з Ганадам Бадрыевічам, становіцца блізкім яму чалавекам…

Многія нашы літаратары перакладалі і перакладаюць Г. Чарказяна на беларускую і рускую мовы для літаратурна-мастацкіх часопісаў і выдавецтваў. У нас ужо выйшла каля трох дзясяткаў кніг Ганада Чарказяна, выдатнага курдскага паэта і празаіка. Заўважу, што літаральна ў кожнай з іх — творы пра Беларусь. Ён бязмежна любіць яе, яна для яго — «апірышча духу». Цытую з аднаго такога верша ў перакладзе Рыгора Барадуліна: «Да скону за ўсё // Табе дзячу я — // Ад калыскі дачушкі // Да песні жніўнай…». І далей: «Беларусь — // Другая маці мая, Велікадушная // Любоўю наіўнай».

Тут велікадушная, нібыта наіўная любоў — у тым разуменні, што яна мудрая. Увогуле, многія, хто вывучае наш народ, заўважаюць, што мы на першы погляд нібы наіўныя: за гэтай «наіўнасцю» — спрадвечныя памяркоўнасць і дабрыня. Ганад Чарказян дакладна выяўляе гэта.

І зноў верш пра Беларусь «Это ты». У ім ён з далёкіх і блізкіх дарог вяртаецца да яе — «домой». Тут яго чакаюць жонка Людміла Іванаўна, дачка Ірына, унучка Волечка. І — сябры. Сярод іх — беларусы. І ўрэшце, звяртаючыся да Беларусі, паэт кажа: «Это ты, Беларусь, это ты, // Подарила мне крылья мечты, // Чтоб отныне и впредь // Над тобою, как аист, лететь».

Прачытаў гэты твор, і ўспомніўся іншы верш паэта — «Друзьям-белорусам». У ім, расказваючы ўвогуле пра сябе, пра зямлю продкаў, гаворачы пра тое, што ён зайздросціць па-добраму нам, беларусам, з якімі наша зямля і якія заўсёды знаходзяць у сабе моц перамагаць нягоды, адзначаючы «упорный разум белоруса», ён заклікае: «Пока земля ваша с вами. // Берегите её».

Увогуле, кожны народ беражэ сваю зямлю… І мы таксама… Калі ж браць усю творчасць курда Ганада Чарказяна, скажу коратка: яна мудрая. Зрэшты, кожны народ вызначаецца сваёй мудрасцю. А калі мудрасць народаў стасуецца — перамагаюць дабрыня і чалавечнасць. А іх шмат не бывае.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter