Ад кіслай міны аладкі сінеюць.

Сакрэты беларускай кухні раскрые новы праект з аднайменнай назвай, які заўтра ў 13.30 пачнецца на тэлеканале “Беларусь 2”.

Японцы падаравалі свету сушы, італьянцы пазнаёмілі нас з піцай і пастай, а беларусы абралі сваім кулінарным брэндам дранікі. А што яшчэ мы ведаем пра стравы беларускай кухні? Зацірка, квас — першае, што прыходзіць на думку. І ўсё? Безумоўна, не. Кухня нашых продкаў не менш багатая на розную смакату, чым тая ж італьянская. Гэта і самі італьянцы адзначаюць. Галоўнае — шанаваць тое, што пакінута нам у спадчыну, і на аснове той прадукцыі агародаў і садоў, якую магчыма вырасціць ва ўмовах беларускага клімату, ствараць штосьці новае. І тады ўжо дакладна ніхто не скажа, што быццам наша кухня бедная. Даведацца пра кулінарныя прыхільнасці нашых продкаў, сабраць рэцэпты нацыянальных страў у тых, хто працягвае іх гатаваць па старадаўніх традыцыях, і пашырыць наша ўяўленне аб кухні беларусаў — вось дзеля чаго быў прыдуманы новы праект “Беларуская кухня”. Пра самыя цікавыя моманты яго першых выпускаў карэспандэнт “НГ” даведалася ў вядучай новай праграмы Алены СПІРЫДОВІЧ.

Гаршчочкі-шаптуны

Заслужаная артыстка Беларусі, якой на гэты раз выпала роля “хатняй гаспадыні”, не засмуцілася, што цяпер свае шыкоўныя ўборы ёй прыйдзецца змяніць на халат і фартух і пайсці на кухню варыць суп. “Гатаваць вельмі люблю, — прызнаецца Алена. — І да святаў заўсёды стараюся накрыць багаты стол. Таму і сябры любяць да мяне завітаць на святочную вячэру пад Новы год або на Каляды. І на гэты раз так будзе. Абавязкова прыгатую куццю, у якую дадам крыху разыначак, арэхаў і мёду, дранікі, квас па тых рэцэптах, што прывезены этнографам Ларысай Мятлеўскай з экспедыцый у беларускую глыбінку. Абавязкова ўпрыгожу стол маленькімі гаршчочкамі памерам з каштан. Купіла іх на кірмашы на “Дажынках”. А дзякуючы Ларысе Мятлеўскай, рэпартажы якой стануць часткай нашага праекта, даведалася, што такія гаршчочкі раней продкі называлі шаптунамі. Аказваецца, калі а дванаццатай гадзіне ночы выйсці на двор і, гледзячы на зорнае неба, тройчы паўтарыць сваё жаданне, яно абавязкова спраўдзіцца”.

Чым адрозніваюцца дранікі ад дзеруноў?

Каб прыгатаваць дранікі, не трэба ведаць шмат сакрэтаў. Страва гэта няхітрая. Галоўнае — добра замясіць фарш для мясной начынкі. Але гэта толькі на першы погляд. Як возьмешся гатаваць, абавязкова будзеш тэлефанаваць маме ці бабулі: ці патрэбна ў бульбяную масу класці цыбулю і колькі, што будзе, калі замнога сыпнула ў цеста мукі, калі бульба дала шмат соку, адціскаць або не? Аб “хітрыках” самай смачнай беларускай стравы таксама раскажуць у “Беларускай кухні”.
“У пачатку запісу праграмы думала, што дранікі з мясам — гэта і ёсць калдуны, — гаворыць Алена Спірыдовіч. — Але віртуозны майстар кухарскай справы Вартан, з якім у праекце мы разам будзем гатаваць па бабуліных рэцэптах, растлумачыў мне розніцу. Дранікі гатуюцца з сырой бульбы, сцёртай на дробную тарку, і затым пражацца на змазанай алеем патэльні. Калдуны таксама маюць мясную начынку, але само цеста робіцца на аснове варанай бульбы, а потым ужо сфармаваныя невялікія авалы варацца ў кіпені. Ёсць яшчэ ў беларускай кухні і дзеруны. Іх асаблівасць у тым, што гатуюцца яны з адціснутай бульбы без дабаўлення яек”.

Бабулін рэцэпцік на сучасны лад

Гэта далёка не ўсе таямніцы новага праекта. Тэлегледачам раскажуць, адкуль увогуле бярэ свой пачатак беларуская ежа, да якой мы прывыклі. На кожнае свята гаспадыня рыхтавала асобнае меню. “Прычым на Раство гэта быў адзін спіс страў, — расказвае Алена Спірыдовіч. — Асноўнае месца на стале аддавалі куцці. Менавіта яе павінен быў з’есці чалавек, сядаючы за стол. Куццю гатавалі абавязкова з пшанічнай крупы. І гэта зразумела. Нагружаць арганізм мясам і каўбасамі адразу пасля посту неразумна, а вось 13 студзеня, калі адзначалi “другую, шчодрую, багатую, тоўстую” куццю і сустракалi Новы год па старым стылi, стол быў накрыты больш каларыйна. Яшчэ ў час падрыхтоўкі праекта цікава было даведацца аб тым, якія стравы здаўна лічыліся будзённымі, а якія — святочнымі. Дарэчы, нашы продкі гатавалі толькі ў добрым настроі, казалі, быццам ад кіслай міны аладкі сінеюць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter