Ад Гроба Гасподня да Паставаў

Трэцяга верасня ў Паставах пройдзе Дзень беларускага пiсьменства. Якiм чынам ён будзе адзначацца, журналiстам расказала першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Лiлiя Ананiч

Трэцяга верасня ў Паставах пройдзе Дзень беларускага пiсьменства. Якiм чынам ён будзе адзначацца, журналiстам расказала першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Лiлiя Ананiч.

Лiлiя Станiславаўна адзначыла, што мерапрыемствы, прымеркаваныя да нашага вялiкага свята, стартуюць яшчэ 30 жнiўня. Менавiта тады пачнецца традыцыйная рэспублi­канская навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святынь з благадатным агнём ад Гроба Гасподня», благаслаўлёная мiтрапалiтам Фiларэтам. Завяршыцца яна 3 верасня. 

— У гэтым годзе шлях экспедыцыi ляжыць ад Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мiнску праз гарады i вёскi Мiнскай, Гро­дзенскай i Вiцебскай абласцей. Узначальвае яе пiсьменнiца Нiна Загорская, а ў склад уваходзяць прадстаўнiкi праваслаўнай царквы, дзеячы культуры i мастацтва, — паведамiла Лiлiя Ананiч.        

У самiх жа Паставах перадсвяточныя мерапрыемствы пачнуцца 2 верасня. Днём будзе адкрыты новы Дом культуры, дзе пройдуць навукова-практычная канферэнцыя «Пастаўскiя чытаннi» i канцэрт «Пастаўшчына фальклорная: ад фестывалю да фестывалю». 

— Гэтым жа вечарам гасцей прыме палац Тызенгаўза, дзе адкрыюцца помнiк Канстанцiну Тызенгаўзу i рэтракафэ, а таксама пройдзе вечар старадаўняй музыкi «Музыка палацаў», — расказала Лiлiя Ананiч. 

Але самае галоўнае, вядома, адбудзецца ў Паставах 3 верасня. Ранiцай у царкве  Мiколы Цудатворца пройдзе хрэсны ход i святочная лiтургiя, а таксама будзе пасаджаны сад малiтвы. А ўжо днём у гарадскiм парку на галоўнай сцэне запланавана ўрачыстае адкрыццё Дня беларускага пiсьменства. 

Амаль адразу пасля адкрыцця ў парку пройдзе адна з асноўных падзей – цырымонiя ўзнагароджання лаўрэатаў 46-га Рэспублiканскага конкурсу «Мастацтва кнiгi». Будуць аб’яўлены ўладальнiк Гран-пры i пераможцы ў 19 намiнацыях, якiх узнагародзяць знакам-сiмвалам конкурсу «Залаты фалiянт». 

— Дарэчы, конкурс у гэтым годзе ўпершыню набывае нацыянальны статус. Такiм чынам, цяпер у сiстэме нашага мiнi­стэрства будзе тры паўнапраўныя нацыянальныя конкурсы: «Залатая лiцера», «Тэлевяршыня» i «Мастацтва кнiгi», — пад­крэслiла Лiлiя Ананiч. 

Праграма свята вельмi насычаная. На галоўнай сцэне ў парку да вечара будзе iсцi канцэрт народных калектываў Вiцебскай вобласцi i Пастаўскага раёна. Тут жа запросiць да сябе гасцей «Горад майстроў». На стадыёне адбудзецца дзiцячае свята «Мы родам з дзяцiнства». Запланавана нават першынство рэспублiкi па футболе сярод каманд 2-й лiгi на прыз адной з беларускiх газет. 

Мастацкiя калектывы выступяць i на плошчы Ленiна. Тут жа пройдуць  прэзентацыi выдавецтваў, сустрэчы з пiсьменнiкамi, выдаўцамi i журналiстамi, конкурсы i латарэi, будуць дзейнiчаць выставы кнiг i фотавыставы, экспазiцыi друкаваных СМI.      

— Новае i адметнае – павiльён гiсторыi кнiгадрука­вання. Полацкi музей беларускага кнiгадрука­вання нагадае нам пра лепшыя кнiгi, якiя тут захоўваюцца. Можна будзе ўбачыць таксама старажытны друкарскi станок. I не толькi ўбачыць, але i атрымаць гравюру з цiкавымi малюнкамi, — расказала Лiлiя Ананiч. 

I нарэшце, увечары ў гарадскiм парку адбудзецца ўрачыстае закрыццё Дня беларускага пiсьменства, цырымонiя перадачы эстафеты свята, гала-канцэрт майстроў мастацтваў i феерверк. 

— Сталiцай наступнага свята стане Шклоў. Мы доўга абмяркоўвалi гэтае пытанне на аргкамiтэце i вырашылi, што наўрад цi трэба замыкацца толькi на тых гарадах, якiя непасрэдна звязаны са слыннымi iмёнамi накшталт Францыска Скарыны i Еўфрасiнii Полацкай. Свята павiнна прайсцi па ўсiх гарадах нашай краiны, — паведамiла Лiлiя Ананiч.      

Факты

Сёння ў нашай краiне працуюць 6 дзяржаўных рэспублiканскiх выдавецтваў. Акрамя таго, лiцэнзii на выдавецкую дзейнасць маюць 578 суб’­ектаў гаспадарання розных форм уласнасцi. Зарэгiстравана 1237 перыядычных выданняў. 

Нядаўна ў Маскве прайшоў III Мiжнародны конкурс «Мастацтва кнiгi» краiн СНД. Журы прысудзiла 30 дыпломаў, 7 з якiх атрымалi беларускiя выданнi, у тым лiку Гран-пры конкурсу – фотаальбом «Чарнобыль» выдавецтва «Рыфтур». 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter