Раритеты возрастом до 5 тысяч лет покажут в Национальной библиотеке страны

Ад гліняных таблічак да старадрукаў

На наступным тыдні нас чакае вялікая падзея — у Нацыянальнай бібліятэцы адкрываецца міжнародная выстава “Беларусь і Біблія”. Здавалася б, нас ужо цяжка здзівіць праектамі, прысвечанымі самай вядомай і ўплывовай кнізе ў гісторыі чалавецтва. Не пералічыць, колькі мы пабачылі іх летась, калі адзначалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і Бібліі Францыска Скарыны. Аднак гэта экспазіцыя — сапраўдная сенсацыя. Упершыню ў гісторыі краіны ў межах адной выставы будуць паказаны рарытэты сусветнай значнасці, узрост якіх дасягае 5 тысяч гадоў. Гэта экспанаты з Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, Карэі і са шматлікіх прыватных калекцый.

Фота прадстаўлена Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі
Наведвальнікі пабачаць напісаныя 5—4 тысячы гадоў таму клінапісам на гліняных таблічках тэксты з Ура — радзімы Аўраама; старажытны рукапіс “Іліяды” Гамера на грэчаскай мове; унікальныя скруткі з Мёртвага мора (“кумранскія рукапісы”), якім больш за 2 тысячы гадоў і якія захавалі для нас самыя раннія тэксты большасці кніг Старога Запавету. Будуць прадстаўлены і самыя старажытныя фрагменты Новага Запавету, якія датуюцца 2—3 стагоддзямі нашай эры. Напэўна, уразяць наведвальнікаў выставы і біблейскія рукапісы на старыжытных мовах. Цікавыя экспанаты — першадрукі многіх народаў і краін, першыя пераклады Бібліі на нацыянальныя мовы, арыгіналы Біблій Гутэнберга, Лютара і Скарыны, старажытныя беларускія біблейскія рукапісы і старадрукі, амаль усе пераклады Бібліі на беларускую мову і арыгіналы гравюр Альбрэхта Дзюрэра, Сальвадора Далі і іншых знакамітых мастакоў, зробленыя на біблейскія сюжэты.

— Мы цэлы год працавалі, каб вы гэта пабачылі. І, калі шчыра, я дагэтуль не магу паверыць, што ў Беларусь трапяць каштоўнасці такога ўзроўню, — не хавае эмоцый намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Аляксандр Суша. — Рарытэтаў такой значнасці ў нас яшчэ ніколі не было. Якіх намаганняў і грошай гэта каштавала, нават казаць не буду.

Убачыць экспазіцыю можна будзе абсалютна бясплатна ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з 20 верасня да 21 кастрычніка. У межах праекта будуць дзейнічаць варштат часоў Гутэнберга, рукапісная майстэрня, “Клуб кніжных прафесараў” для дзетак, навуковы лекторый ад знакамітых замежных і беларускіх даследчыкаў.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter