Зинаида Броварская на сцене выворачивалась, в личной жизни застегивалась на все пуговицы

Ад гэтага болю не лечыць і сцэна

У восемдзесят пяць народная артыстка СССР Зінаіда Браварская яшчэ выходзіла на сцэну. Вядома ж, ролі ўжо былі не такімі маштабнымі і яркімі, як раней. Але яна працягвала іграць, значыць, працягвала жыць. Сцэна Купалаўскага тэатра для яе была адзіным месцам, дзе яна магла дзяліцца сваім болем з людзьмі. Праўда, тады мала хто разумеў, што пад маскай Сары Бернар у «Смеху лангусты» схаваны і яе ўласныя перажыванні. І калі зводная сястра паклікала Зінаіду Іванаўну перабрацца да яе ва Украіну, яна сказала як адрэзала: «Кім я там буду? Звычайнай бабуляй? А тут  я — Браварская!»  Яна жыла тэатрам, аддавалася яму без астатку. Жалезная лэдзі, жанчына з мужчынскім характарам, партыйны лідар — такой яна здавалася збоку. На самай справе яна была адзінокім, пабітым жыццём чалавекам. 

Гавораць, Зіна, якая нарадзілася недалёка ад Адэсы ў сям’і чыгуначніка, у дзяцінстве была гарэзай і свавольніцай. Займалася музыкай, іграла на піяніна. Але марыла стаць не спявачкай, а актрысай. Збірала ў акрузе дзяўчат і ставіла з імі спектаклі. Але дзе той тэатральны інстытут? Трэба было ехаць у Маскву. Таму паступіла ў мясцовую кансерваторыю на музычна-драматычнае аддзяленне. Колькі месяцаў вучобы там, і яна разумее, што гэта не яе. І ўсё ж адпраўляецца ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскву. Там яна пазнаёмілася і са сваім будучым мужам — Оскарам Гаўтманам. Па размеркаванні Зінаіду накіроўвалі ў Калінін (зараз — Цвер), Гаўтман жа мусіў ехаць у Мінск, дзе яму прапаноўвалі пасаду дырэктара Опернага тэатра. За мужам і яна паехала ў Беларусь.

Браварскую прынялі ў Тэатр юнага гледача. Але на таленавітую ўкраінку адразу звярнулі ўвагу іншыя рэжысёры, у тым ліку і Рускага тэатра, дырэктарам якога хутка стаў Гаўтман. Але яна выбрала Купалаўскі, якому ў выніку аддала больш за шэсцьдзесят гадоў. Даследчыкі творчасці народнай артысткі ў адзін голас адзначалі, што яна вельмі хутка і натуральна ўпісалася ў наш нацыянальны тэатральны кантэкст, адчула мелодыку беларускай гаворкі. У творчаці ў яе сапраўды з самага пачатку ўсё было добра. 

А вось дома… Малавядомы факт: у першыя гады замужжа актрыса нарадзіла дачку. Але жыццё дзяўчынкі было вельмі кароткім: праз некалькі месяцаў яна памерла ад інфекцыі. Ад гора выратавала хуткае нараджэнне сына, які і стаў сэнсам яе жыцця.

Таццяна Пекур, дачка народнай артысткі СССР Галіны Макаравай, гаворыць, што добра памятае Алега і праз пяцьдзясят з лішнім гадоў. «Купалаўскія» дзеці часта бачыліся ў тэатры, іншых месцах:

— Добра памятаю, што апошні раз мы з ім сустрэліся ў старым цырку, які тады быў у парку Горкага. Я прыйшла з маці, і ён з Зінаідай Іванаўнай. Павіталіся, перакінуліся некалькімі словамі. Такі прыгожы хлопец быў у цюбецейцы. А праз некалькі дзён… Я тады ў бацькоў якраз прасіла, каб яны мне веласіпед купілі. Звычайна яны патуралі ўсім маім капрызам, а тут цвёрдае «не». Гібель Алега стала трагедыяй для ўсяго тэатра. Немагчыма ўявіць, што рабілася ў душы жанчыны, якая страціла другое дзіця.

Алег, якому тады было ўжо каля чатырнаццаці гадоў, катаўся на веласіпедзе каля дома, што на перакрыжаванні з цяперашняй вуліцай  Янкі Купалы. Раптам выскачыў на праспект. А там грузавік. Смерць была раптоўнай.

Жах, слёзы, сапраўдная трагедыя. Але ў той жа дзень Браварская выйшла на сцэну. Гэты ўчынак многія памятаюць і абмяркоўваюць да сённяшняга дня. 

— Тут нельга гаварыць пра нейкую апантаную адданасць тэатру, — разважае народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова. — Хутчэй, быў такі шок, што яна не разумела, што адбылося, дакладней, не верыла ў тое, што здарылася. 

Пасля той трагедыі яна змянілася. Закрылася ад людзей, стала адзінокім чалавекам, бо з мужам яны хутка разышліся, а іншых родных побач не было. Але ў тэатры яна заставалася той жа: цалкам аддавалася сцэне і заўсёды была гатовай дапамагаць іншым.

Зінаіда Зубкова дагэтуль памятае адзін эпізод з жыцця. Нечакана здарылася так, што не было каму іграць галоўную ролю ў спектаклі «Амністыя». А ёй, маладой акрысе, вельмі падабалася гэтая пастаноўка, яна глядзела яе шмат разоў і ледь не на памяць ведала словы Ізы. На заўтра прададзены ўсе білеты, а галоўнай гераіні няма. З аднаго боку, здзяйсняецца мара актрысы Зубковай, з другога — велізарная адказнасць:

— У мяне на падрыхтоўку былі адны суткі. Я ў разгубленасці: як без рэпетыцый заўтра выйсці на сцэну? Зінаіда Іванаўна, у якой у спектаклі была цэнтральная роля, паклікала мяне ў парк. За некалькі гадзін яна «прайшла» са мной Ізу ад самага пачатку да канца як рэжысёр. Назаўтра я выйшла на сцэну. Валерый Раеўскі тады сказаў: «Гэта твая роля!» Але тады ў гэтым поспеху была ў першую чаргу заслуга Браварскай.


І такія гісторыі пра Зінаіду Іванаўну, дарэчы яшчэ і парторга, былі амаль у кожнага акцёра Купалаўскага, асабліва моладзі. Яе сапраўды чакаў тэатральны інстытут. У пяцідзясятых яна некалькі гадоў ужо выкладала там. Але па нейкай прычыне пайшла адтуль. А ў 1967-м зноў вярнулася.

Студэнты замянілі ёй дзяцей? Наўрад ці. Але, напрыклад, заслужаная артыстка Беларусі Аксана Лясная лічыць, што сваім нараджэннем як актрысы, яна абавязана менавіта Зінаідзе Іванаўне. На папярэднім праслухоўванні ў тэатральны інстытут адзін з педагогаў ёй так і сказаў: «Падумайце, ці варта вам быць актрысай». Браварская ж, якая тады якраз і набірала курс, пасля выразнага чытання вершаў дзяўчыны папрасіла яе што-небудь праспяваць. Лясная загарлапаніла на французскім «Марсельезу». Як праз гэта ўбачыць будучую выдатную актрысу? Неверагодна, але педагог сказала: «Падавайце дакументы!»

— Усё, чаму нас вучыла Зінаіда Іванаўна, дагэтуль сядзіць ува мне, — Аксана сапраўды вельмі ўдзячная свайму педагогу. — Яна расказвала рэчы, якія нам тады здаваліся нязначнымі. Зараз разумею, што яна мела рацыю. У першую чаргу заклікала не быць таўстаскурым, актыўна рэагаваць на падзеі вакол — раскачваць у сабе ўнутраны тэмперамент. Дзякуй ёй і за тое, што займалася з намі ў свой вольны час, запрашала на рэпетыцыі да сябе. У яе кватэры стаялі дзіцячыя цацкі. Мы ведалі пра яе трагедыю, але наўрад ці маглі замяніць ёй дзяцей.

Хаця… У Зінаіды Іванаўны была любімая студэнтка. Люба Мартынава стала ёй вельмі блізкім чалавекам. Як актрыса, якая з усімі трымала пэўную дыстанцыю, падпусціла да сябе незнаёмую дзяўчынку? Сёння Любоў гаворыць, што іх зблізіла хвароба выкладчыцы. У 1983-м Браварская нечакана падхапіла запаленне лёгкіх. Стараста першакурснікаў вырашыў праведаць педагога, прапанаваў Любе пайсці разам з ім, тая згадзілася.

— Як ні дзіўна, Міша стаў завіхацца на кухні, а я — размаўляць з Зінаідай Іванаўнай. Тады я і зразумела, што яна вельмі адзінокі чалавек. У яе была добрая сяброўка, якая потым з’ехала ў Ізраіль. Яна кантактавала з Марыяй Захарэвіч, якая жыла побач, з некаторымі іншымі актрысамі з тэатра, музыкантамі з філармоніі. Але ёй усё роўна не хапала блізкіх людей, якім можна было патэлефанаваць у любую мінуту, нечым падзяліцца. Не магу сказаць, што я стала ёй сяброўкай ці дачкой. Але мы маглі пешшу ісці ад акадэміі да яе дома позна вечарам пасля заняткаў. Размаўлялі ў асноўным пра творчасць, часам пра жыццё. Яна ж была як  рэнтген: бачыла наскрозь, здавалася, што нават у моманты маўчання разумела, пра што думае чалавек. Але асабістае ўзгадвала рэдка. Калі ў кантэксце размовы ўсплывала імя яе сына, пачынала хвалявацца. Мімаходам з’яўляліся фразы пра мужа, пяшчотныя тэлеграмы, якія ён дасылаў. 

Два гады, якія Люба правяла ў Томску, дарэчы па пратэкцыі Браварскай, былі для народнай артысткі вельмі складанымі. Каб аблегчыць сваю адзіноту, яна штодня пісала Мартынавай лісты. Атрымліваліся нават своеасаблівыя дзённікі Браварскай. Яна і тэлефанавала Любе нават часцей, чым яе маці. Гэта як пацверджанне, што народнай артыстцы, якая была аблашчана глядацкай любоўю, не хапала чалавечага цяпла.

— Я не кідала яе і пасля, як у мяне з’явілася свая сям’я, — расказвае Любоў. — Прызнаюся, не столькі я шукала з ёй сустрэч, колькі яна са мной. Асабліва ў апошнія гады жыцця. Магла нечакана патэлефанаваць: «Люба, у мяне нічога няма ў халадзільніку. Мне трэба што-небудь з’есці, бо магу страціць прытомнасць». Я кідала ўсе справы, хапала нейкія прадукты і ехала да яе». Вядома ж, ежа ў яе заўсёды была, бо за ёй прыглядвала сацыяльны работнік. Яна проста хацела са мной пагаварыць. Як жанчына яна была няшчаснай. Як актрыса — цалкам шчаслівая.

Больш за сто роляў у родным тэатры, усе разнапланавыя: ад лірычных вобразаў да камедыйна-сатырычных. Некалькі цікавых роляў у кіно: Зіна Зёлкіна ў «Хто смяецца апошнім», фрау фон Каўніц у «Гадзіннік спыніўся апоўначы» і гэтак далей. Ёй ужо было за семдзясят, калі ў яе жыцці з’явілася Сара Бернар. Пачаў ужо падводзіць зрок, але ад галоўнай ролі ў «Смеху лангусты» яна не збіралася адмаўляцца. Люба пісала ёй тэкст трохсантыметровымі літарамі, гатова была ісці дзеля педагога і на іншыя ахвяры, бо разумела, што гэта роля ёй патрэбна, як нішто іншае. Гэта аповед пра апошнія гады жыцця вялікай французскай актрысы Сары Бернар. Жыццё легенды сцэны падыходзіць да канца, і яна хоча расказаць праўду пра сябе. Бернар пачынае пісаць мемуары. Зінаіда Іванаўна па-свойму асэнсоўвала эпізоды з вельмі складанага і нялёгкага жыцця актрысы. Крытыкі потым скажуць, што лёс Сары Бернар у трактоўцы Браварскай набываў шэкспіраўскі матыў адвечнай трагедыйнасці жыцця. Сама ж яна адкажа: «Больш за сто разоў я выходзіла на сцэну, прапускаючы праз сваё сэрца жыццё Сары Бернар. Я шукала, дзе пераплятаюцца з ёю мой боль і мая радасць. Страшнавата выходзіць да гледача з роляй-споведдзю…»

Гэта радкі з яе кнігі ўспамінаў «І кожны вечар у час прызначаны…». Але там усё больш пра тэатр, пра выдатных калег. Пра сябе як бы мімаходзь, пра прыватнае жыццё — ні радка. Хаця магла б напісаць мемуары. Але… Яна выварочвалася на сцэне, раскрывала там душу. А выходзячы з тэатра, як бы зашпільвалася на ўсе гузікі, станавілася маўклівай, закрытай.  І мы давайце хвілінку памаўчым, узгадваючы гэтую выдатную актрысу, якой заўтра споўнілася б сто гадоў.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter