Ад гібелі ратавалі суседзі

На пульт дзяжурнага Мядзельскага РАУС патэлефанавала жанчына з вёскі Раманаўшчына і паведаміла, што гарыць дом суседа.

— Мы забеглі ў дом і ўбачылі гаспадара, — усхвалявана расказала выратавальнікам жанчына. — Вывелі яго на вуліцу. Выклікалі «хуткую». Медыкі паведамілі, што сусед атруціўся прадуктамі гарэння і забралі яго ў бальніцу. Сваімі сіламі агонь патушыць не зможам. Прыязджайце хутчэй!

Праз 12 хвілін пажарныя былі на месцы. Да іх прыезду «чырвоны певень» паспеў знішчыць дах пабудовы. Дом амаль поўнасцю выгарэў знутры. На ліквідацыю агню выратавальнікам спатрэбілася 45 хвілін.

Як потым расказаў пацярпеўшы — слесар мясцовага аўтапарка, ён закурыў і заснуў. Алкаголю, як пацвердзіла экспертыза, не ўжываў.

Аляксандр СЯНЮЦЬ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter