“Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся свет”

“Маці гарадоў беларускіх” адсвяткавала 1145-годдзе У гэтыя цёплыя чэрвеньскія дні старажытны Полацк поўніцца водарам кветак і царкоўнага ладану, у паветры адчуваецца подых доўгачаканага свята. У мінулыя выхадныя горад, які падараваў Беларусі апякунку нашай краіны, першую кананізаваную ўсходнеславянскую святую Еўфрасінню Полацкую, асветнікаў Сімяона Полацкага, Францыска Скарыну і многіх іншых славутых дзеячаў слова і духа, адсвяткаваў сваё 1145-годдзе.

Слаўную дату адзначылі незвычайна: каля Сафійскага сабора, які “плыве над Дзвіною, нібы карабель”, прагучалі чароўныя гукі унікальнага канцэрта “Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі”, падрыхтаванага Беларускім нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы. Сёння, у дзень памяці св. Еўфрасінні, будзе здзейснены чын асвячэння ўзноўленай срэбранай ракі, дзе знайшлі супакаенне святыя мошчы апякункі Беларусі.
— Для ўсёй краіны гэта найвялікшая падзея. За тое, што робіцца дзеля Славы Божай і святых угоднікаў, адплаціцца боскай ласкай і міласцю Божай. Гэта вялікі крок для ўсёй краіны на шляху да Выратавання, — лічыць ігумення Спаса-Еў-фрасіннеўскага манастыра матушка Еўдакія.
Арыгінальная рака Еўфра-сінні Полацкай у візантыйскім стылі XII стагоддзя ў выглядзе старажытнага саркафага была створана ў 1910 ў  Маскве да дня перанясення мошчаў прападобнай з Кіева-Пячэрскай лаўры ў Полацк. У 1921 годзе падчас кампаніі па рэквізіцыі царкоўных каштоўнасцей рака з мошчамі была ўскрыта і вывезена. Лёс першага саркафага невядомы і зараз. Новую срэбраную раку стварыў брэсцкі мастак Мікалай Кузьміч, аўтар дакладнай копіі Крыжа Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Больш за тры гады спатрэбілася на сапраўды філігранную работу. Знешні бок ракі  ўпрыгожваюць барэльефы, на якіх адлюстравана перанясенне мошчаў святой з Іерусаліма ў Кіеў і закладка Спаса-Праабражэнскай царквы. Вінаградная лаза і арнамент з каляровай эмалі акантоўваюць раку па перыметры. На вечку саркафага, як і ў арыгінале, размяшчаецца пісаны вобраз прападобнай Еўфрасінні.
Па словах матушкі Еўдакіі, убачыць цудадзейныя мошчы і дакрануцца да іх у гэтым годзе збяруцца не менш як дзве-тры тысячы паломнікаў. Святочныя набажэнствы пачаліся ўжо ў панядзелак і працягнуцца сёння. У Сафійскім саборы сёння адслужыць літургію Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, пасля чаго адбудзецца хрэсны ход у Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе і будзе праведзены чын асвячэння ракі. Найстаражытнейшы храм Беларусі, Спаса-Праабражэнская царква, зачынены на рэстаўрацыю, дзеля гэтай падзеі адкрые свае дзверы для вернікаў. Як расказала матушка Еўдакія, ужо раскрыта каля 200 квадратных метраў унікальных фрэсак XII стагоддзя, што цудам захаваліся на сценах храма пад слоем жывапісу больш позніх часоў.
У тлуме паўсядзённасці, на жаль, мы не заўсёды знаходзім час, каб спатоліць душэўныя памкненні, смагу сэрца да першакрынічнага, чыстага пачуцця. А трэба ўсяго толькі адкінуць мітусню і прыехаць у Полацк. Прайсці па вулачцы св. Еўфрасінні Полацкай з дагледжанымі невысокімі драўлянымі хатамі паабапал дарогі, па алеі да белай брамы са званіцай. Увайсці ў маленькі, нібы цацачны, храм, пабудаваны па замове самой прападобнай Еўфрасінні. Тут, у невялікай келлі на другім паверсе, святая пражыла большую частку свайго жыцця, малілася за родную зямлю і яе людзей, як і зараз сардэчна моліць Госпада за нас. І ў гэтым храме сапраўды знаходзіш першакрыніцу, з якой пачалася Беларусь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter