Минск
+1 oC
USD: 2.1
EUR: 2.35

Ансамблю «Свята» — 35. Вячеслав Статкевич — о юбилейном концерте, сгоревших инструментах и комплиментах от Надежды Бабкиной

Ад душы i для душы

Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкi «Свята» — 35. Кропка адлiку — ад першага канцэрта ў 1984 годзе. Але не гэтыя лiчбы для калектыва галоўныя. Каля тысячы адноўленых i аўтарскiх песень i больш за 23 тысячы канцэртаў з гастролямi — вось арыфметычны вынiк iх шматгадовай музычнай працы. Але рысу пад сённяшнiм святам мастацкi кiраўнiк калектыву Вячаслаў Статкевiч яшчэ не падводзiць. Праз два днi, у чацвер, «Свята» запрашае ўсiх прыхiльнiкаў народнай музыкi ў Белдзяржфiлармонiю на вялiкi святочны канцэрт. У юбiлей артысты ўварвуцца з «Галопам» — рытм усяму музычнаму вечару задасць ужо першы нумар канцэртнай праграмы. 


Два аддзяленнi, сорак музычных нумароў, некалькi доўгачаканых прэм’ер i знакамiтыя госцi — да гэтага канцэрта калектыў пачаў рыхтавацца яшчэ год таму. Дзевяноста працэнтаў праграмы — народная песня i музыка, звяртае ўвагу Вячаслаў Казiмiравiч:

— Мы сталi першым у Беларусi ансамблем, якi пачаў адраджаць народную музыку. Шмат вандравалi па Палессi, збiралi фальклор, пасля перараблялi яго i выконвалi на святах дзяржаўнага ўзроўню. Прычым не толькi ў Беларусi. 


Калiсьцi выступалi ў Плешчанiцах. I наш былы барабаншчык Андрэй Маханёк, калi увайшоў у раж, такiя «фокусы» пачаў там паказваць! Палачкi ў яго руках ляталi ўверх i ўнiз, ён iх падхоплiваў, зноў запускаў… I сярод гэтага «перформанса» мы раптам чуем жаночы голас з залы: «Ну ваабшчэ... Вось выдае!» Мы ледзь не ляглi ад смеху… Такiя шчырыя камплiменты для нас — самыя лепшыя. 


Але былi ў калектыву i гастролi нават зусiм экстрэмальныя. На памяць аб iх Статкевiч захаваў… абгарэлыя кофры ды рэшткi касцюмаў.

— Гадоў пятнаццаць таму ехалi з канцэртам ва Ушачы. I раптам наш аўтобус загарэўся! Мы ледзьве паспелi выбегчы! Хто з iнструментамi, хто без. Нешта ўратаваць паспелi, дзякуй богу, амаль усе iнструменты былi ў футлярах. Што цiкава, да Ушачаў мы ў той дзень усё ж такi даехалi — там сустракалi нас як герояў. 


А вось на гастролях у Маскве нашых артыстаў ацанiла сама Надзея Бабкiна. «Казачка Надзя» выступала са «Святам» на запiсе святочнай праграмы на расiйскiм тэлебачаннi.

— Мы заўсёды працуем толькi ўжывую. А на тэлебачаннi, дзе свае ўмовы па гуку, на нас паглядзелi як на дурных: «Вы что, вживую петь собрались? У нас даже Толкунова под «плюс» идет. Давайце срочно записываться». Карацей, змайстравалi мiкрафоны, пачалi запiсвацца… А тут Бабкiна. Убачыла нашы касцюмы: «Это что, лен? Настоящий? Где‑где взяли? В Минске? Так, срочно дайте мне адреса магазинов!»


Сёння ў рэпертуары беларускага «Свята» некалькi соцень народных песень. I гэта толькi тыя, якiя рэгулярна гучаць на канцэртах. 

— Нас ведаюць як выканаўцаў народнай музыкi, але ёсць у мяне яшчэ адна мара — зрабiць канцэрт музыкi шляхецкай. Агiнскi, Манюшка, Радзiвiл… А якая выдатная лiрыка ў Яна Чачота! Шмат у нас i цiкавай аўтарскай музыкi. Толькi паэта Iвана Цiтаўца выконваем 25 песень. У маi наступнага года планую зрабiць канцэрт, прысвечаны яго 85‑годдзю. Бо лiрыка выдатная. Хто толькi не пеў кампазiцыi на яго словы: Кабзон, Гнацюк, Навуменка… 


Дарэчы, пра самага вядомага ўдзельнiка «Свята» народнага артыста Беларусi Якава Навуменку (якому ў гэтым годзе магло б споўнiцца 60) Вячаслаў Статкевiч успамiнае з павагай i цеплынёй: 

— I хаця ў «Свяце» ён працаваў нядоўга, гады два, менавiта Якаў Паўлавiч даў мне сапраўднае адчуванне народнай музыкi. Навучыў, што песня гучыць толькi тады, калi яна ад душы i для душы. Ён таксама быў маiм настаўнiкам, я хадзiў да яго на пастаноўку голасу. Ну што сказаць: выдатны артыст, цудоўны чалавек… 


Зараз за гучанне «Свята» адказваюць 12 творчых адзiнак: 5 вакалiстаў i 7 музыкантаў. Плюс чатыры артысты балета. Танцор Максiм Стыцько — самы малады ўдзельнiк «Свята», яму ўсяго 19. Старэйшы — аўтар «Чаркi на пасашок» загадчык музычнай часткi калектыву 63‑гадовы Аляксандр Балотнiк. Але ж iзноў: не лiчбы галоўнае, вяртаецца да пачатку гутаркi Вячаслаў Статкевiч:

— Ёсць адчуванне, што ў нас яшчэ ўсё напера­дзе. Бо планаў на наступны год досыць. Таму пакуль рана казаць, што 35 гадоў — гэта нейкi вынiк. Гэта, лiчу, самы росквiт для калектыву. Час, калi яшчэ бурлiць маладосць, але ўжо ёсць свае традыцыi i любiмы глядач. 


ДАРЭЧЫ

21 лiстапада павiншаваць калектыў з 35‑гадовым юбiлеем у Белдзяржфiлармонiю сярод iншых зазiрнуць салiстка групы Aura Юлiя Быкава, спявачка Мiшэль i паэт Алег Елiсеенкаў. Вядучай канцэрта будзе Марына Грыцук. 

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Сергей МИЦЕВИЧ
Загрузка...