Минск
+1 oC
USD: 2.12
EUR: 2.36

Ад Дабрыні дабра не шукаюць

У савецкія часы выпускнікоў Мінскага тэхнікума сувязі размяркоўвалі па былой вялікай краіне. Ларыса Сыч з-за рамантыкі выбрала месца працы ў далёкай Цюменскай вобласці. Пра суровы сібірскі край ведала толькі па кнігах і тэлепраграмах. Перад ад'ездам з маладым мужам, які родам з Палесся, паехалі на Гомельшчыну развітацца з бацькамі і сваякамі. Некалькі сутак цягніком ехалі ў невядомы таежны край. Атабарыліся там, і ў пісьмах родным расказвалі пра суровыя снежныя зімы і траскучыя сібірскія марозы, пра мясцовыя звычаі і традыцыі.



У Сібіры нарадзіліся сын і дачка. З маленькімі дзецьмі ездзілі ў адпачынак у мілую сэрцу ельскую вёску Дабрынь, дзе, як у той песні, «з травінкай кожнай хочацца сябраваць». Вярталіся на Цюменшчыну, дзе душу вярэдзілі сны пра краявіды дзяцінства. Прынялі рашэнне вярнуцца да сваіх вытокаў.

Муж Мікалай Міхайлавіч пайшоў працаваць у дабрынскую гаспадарку, а Ларыса Рыгораўна ўзначаліла бухгалтарскую службу раённага вузла сувязі. Ад гаспадаркі атрымалі жыллё. Дзеці скончылі сярэднюю школу, раз'ехаліся і займелі свае сем'і.

Летась пасля аптымізацыі расфарміравалі Ельскі раённы вузел сувязі, і Ларысу Рыгораўну перавялі начальнікам аддзялення паштовай сувязі ў Дабрыні. Разам з паштальёнам Аленай Мар'ян абслугоўваюць жыхароў аграгарадка і навакольных вёсак.

У гэтыя майскія дні ў паштавікоў асаблівае напружанне: датэрмінова выдаюцца пенсіі, іншыя сацыяльныя выплаты. Ветэранам вайны і працы ідуць віншавальныя паштоўкі. Хапае іншых клопатаў у начальніка аддзялення паштовай сувязі. Людзі ўдзячны Ларысе Рыгораўне за старанне і ўвагу. З прыемнасцю чакае яна святочных дзён, калі прыедуць дзеці і ўнукі, дом напоўніцца звонкімі галасамі. Гэта, напэўна, і ёсць шчасце быць запатрабаваным на сваёй малой радзіме.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...