Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Адзінаццаты па ліку фестываль-конкурс “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!” сабраў у Новасібірску больш за дзвесце юных удзельнікаў

Абярэг з народных традыцый

Святы ў беларускім народным календары — гэта своеасаблівыя маякі, што спрадвеку дапамагаюць нам не згубіцца ў бясконцым моры часу. Святы падказваюць, як жыць у духоўным суладдзі з усім, што ёсць вакол нас, і як гарманічна ўпарадкоўваць свой унутраны свет. Сярод народных беларускіх святаў галоўныя — Каляды (пачатак Году — як пачатак свету…) і Купалле (росквіт усяго жывога, самае высокае Сонца). Знакавыя ў культуры беларусаў-земляробаў і Гуканне Вясны, Дажынкі, Пакровы… Гэта святы яднання нас з Прыродай, вяртання да вытокаў, да саміх сябе. Некаторыя з гэтых святаў, дарэчы, ужо й адраджае на сібірскай зямлі Новасібірскі цэнтр беларускай культуры. І кожнае такое свята — як своеасаблівы абярэг для саміх народных традыцый: каб не згінулі яны ў моры часу. Адначасова гэта й моцны абярэг з народных традыцый для тых, хто ў святах, абрадах сам паўдзельнічае.

Яны з дзяцінства пад абярэгам беларускай культуры

А хто ж, як не дзеці, як не падлеткі, юнакі ды дзяўчаты змогуць найлепш пераняць традыцыі, надзейна (бо ў сваіх душах!) захаваць і зберагчы іх? Вось на дзяцей, на маладых і робіць стаўку НЦБК, падключаючы іх разам з дарослымі да святочных дзеяў. Як вядома, дзеці, падлеткі — нібы добрая глеба для хлебароба, якая ўдзячна прымае зярняты, каб узгадаваць новы ўраджай. Сапраўднымі гаспадарамі адчуваюць сябе юныя нашы артысты й на фестывалі-конкурсе “Ад Палесся да Сібіры нясіце, буслы, вясну!”, які даўно прыжыўся ў Новасібірску. Больш за дзвесце ўдзельнікаў з большасці раёнаў і гарадоў вобласці сабралася на яго сёлета, і гэта — сведчанне вялікай прыцягальнасці вясновага беларускага свята.

Фестываль быў ужо адзінаццаты па ліку. Таму сустракаюцца на ім усе — як старыя знаёмыя, амаль сябры. Аднак і дух суперніцтва захоўваецца: гэта ж конкурс! І прысутнасць строгага, аўтарытэтнага журы прымушае артыстаў гранічна засяроджвацца, выходзячы на сцэну. А там бліскучыя танцы “Крутуха” і “Весялуха”, “Красуля” і “Полька Янка”, знакамітая “Бульба” перамяжоўваюцца з вакальнымі нумарамі. Прытым кожны такі фестываль, узровень якога вызначаюць ужо вядомыя, тытулаваныя дзіцячыя гурты, адкрывае і новыя таленты. Навічкі часцей — нясмелыя, і не ўсё гладка ў іх атрымліваецца, але ж бачна жаданне заявіць пра сябе. Сёлета, скажам, упершыню выйшла на вялікую сцэну Уладзіслава Мірошнікава — унучка Ірыны Дубаграевай, якая шмат гадоў працавала мастацкім кіраўніком НЦБК, заснавала вядомы вакальны ансамбль “Крынічка”. Шасцігадовая салістачка пяшчотна, нібы птушанятка, выканала народную беларускую песню “Купалінка”. За свой талент, старанне, за ўменне трымацца на сцэне дэбютантка й атрымала званне лаўрэата I ступені. Мяркую, Уладзіслава будзе развіваць талент і годна прадоўжыць сямейныя традыцыі.

Дэбют на вялікай сцэне адбыўся і ў выхаванак Людмілы Кашчэевай, кіраўніцы Тэатра народнай песні “Вясёлка”. За цудоўнае выкананне вясновай кампазіцыі з беларускіх народных песень Валерыя Калганенка і Вікторыя Мірашнічэнка ўшанаваны дыпломам II ступені. Поспехаў вам, дзяўчынкі!

Беларускія ручнікі на сцэне ў Новасібірску

Арганізатары фестывалю на чале з маладой дырэктаркай ЦБК Настай Дзяменцьевай імкнуцца ўвесь час паднаўляць ягоны “твар”. Перад пачаткам дзеі мы глядзелі цудоўны відэаролік, які, казала Наста, яна ж і вядучая свята, зберагае дух і цеплыню ранейшых сустрэч. А пасля фестывалю прайшоў круглы стол з удзелам членаў журы і кіраўнікоў самадзейных дзіцячых гуртоў Новасібірска і вобласці. Былі заўвагі, прапановы. І гэта здорава, бо па кожнай намінацыі (беларускі народны танец, народны вакал, эстрадны вакал) выказваліся прафесіяналы. А гэта балетмайстар-пастаноўшчык і рэжысёр Дзяржаўнага акадэмічнага Сібірскага рускага народнага хору Андрэй Сцяпанаў, выкладчыца вакалу і мастацкі кіраўнік народнага хору Новасібірскага каледжа культуры і мастацтваў Святлана Някрасава. Выступіла і Алена Чадава, выканаўчы дырэктар Расійскай дырэкцыі “Клуба дзелавых жанчын Расіі ды Беларусі”. Гэты клуб, дарэчы, выступіў і партнёрам фестывалю. Быў у журы і госць з Беларусі Сяржук Доўгушаў: выканаўца народных песень, саліст Беларускай дзяржфілармоніі.

На фестываль-конкурс у Новасібірску глядзяць спецыялісты як на творчае спаборніцтва таленавітых і мэтанакіраваных дзяцей. Дапамагаць ім раскрываць таленты — задача педагогаў, прычым важна з улікам магчымасцяў юных падабраць рэпертуар. Што, на жаль, не заўсёды ўдаецца, вось і бываюць агрэхі ў выкананні. Гаварылі пра псіхалагічную падтрымку: варта ж дапамагчы разняволіцца юнаму артысту перад выхадам на сцэну, справіцца са сваёй заціснутасцю. У цэлым жа, казалі члены журы, праца кіраўнікоў самадзейных гуртоў — вялікая і заслугоўвае павагі.


А. Дзяменцьева і С. Доўгушаў
Высокі ўзровень фестывалю адзначыў і Сяржук Доўгушаў. Казаў: нездарма ехаў здалёк, вельмі прыемна ў Сібіры дакрануцца да беларускай культуры. Са сваім гуртом Сяргей збірае народныя песні, дае ім, як сам кажа, новае жыццё. Спадзяецца ў наступны прыезд павандраваць з гэтай мэтай і па Сібіры. Удзельнікам круглага стала ён падарыў дыскі з запісамі беларускіх песень, інструментальных кампазіцый. Сяржук запрасіў кіраўнікоў калектываў наведаць Беларусь, каб сустрэцца з майстрамі, носьбітамі мовы, паўдзельнічаць у майстар-класах. А на другі дзень правёў майстар-клас для юных артыстаў Тэатра “Вясёлка”. Запрасіла ж яго кіраўніца Тэатра, педагог вышэйшай катэгорыі Людміла Кашчэева. Вось што яна расказала: “У сакавіку ў “Вясёлкі” якраз дзень нараджэння: нам 14 гадоў. А сустрэчу з госцем з Беларусі мы ўспрынялі як самы нечаканы, хвалюючы падарунак. Сяржук — чалавек адкрыты, пазітыўны, шчыры, прафесіянал сваёй справы. Ён і збіральнік, і выканаўца беларускага фальклору. Госць усхваляваў не толькі дзіцячыя сэрцы, ён крануў і маю беларускую свядомасць. Злавіла сябе на думцы, што раптам пераключылася і стала не толькі размаўляць, але й думаць на роднай мове. Сустрэча з Сержуком, ягоныя песні ды сакавітая беларуская гаворка для мяне — як вялікае прывітанне з роднай зямлі, любімай Беларусі”.

З вялікай цікавасцю дзеці слухалі, глядзелі, як грае госць на розных інструментах, задавалі пытанні. Гэта, можна лічыць, добры стымул для далейшага вывучэння беларускай песеннай культуры, фальклору. І адразу ж пасля канцэрту да кіраўніцы падыходзілі выхаванцы з жаданнем выконваць песні, якія пачулі, спявалі разам з Сержуком. Развітваючыся з госцем, яны дамовіліся сябраваць, мець зносіны, бо, гаворыць Людміла, “цяпер ён для нас стаў блізкім і родным”. А ягоныя песні “Вясёлка” з вялікай радасцю возьме ў свой рэпертуар.

Шмат добрых уражанняў ад сустрэчы засталося і ў Анастасіі Дзяменцьевай. “Цікава было назіраць за дзецьмі, — кажа яна, — як захапілі іх незнаёмыя музінструменты, якімі віртуозна валодае госць з Беларусі. Гэта акарыны, дудачкі, колавая ліра ды іншыя. А Сяржук радаваўся, калі пад ягоны акампанемент дзеці заспявалі “Лявоніху”. Вось пасля зносін з такімі цікавымі людзьмі ўсё больш хочацца й мне самой акунуцца ў гісторыю продкаў, спазнаць свае вытокі”.

Наста расказала: на XVI Міжнародны фэст дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”, які пройдзе 1-4 чэрвеня на Магілёўшчыне, у горадзе Клімавічы, паедзе гурт “Потешки” з сяла Яркова Новасібірскай вобласці. Дарэчы, інфармацыя пра фэст змяшчаецца на сайце Магілёўскага аблвыканкама, заяўкі на ўдзел прымаліся да 31 сакавіка. Сертыфікат “Потешкам” — як узнагароду за паспяховае выступленне на конкурсе — падарыў адзін з партнёраў фестывалю: Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці ды культурна-асветніцкай працы, з якім у НЦБК склалася цеснае творчае супрацоўніцтва.

Людміла Бяляўская, Новасібірскі цэнтр беларускай культуры

Голас Радзімы № 14 (3518), чацвер, 6 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter