«Абветраныя валуны крутых маіх дарог»

Максім Танк у Мядзелі будзе ісці па высланай каменнем дарозе

Ужо вядома, як будзе выглядаць першы помнік народнаму паэту Беларусі Максіму Танку.

Паэт ідзе па высланай каменнем дарозе, якая ўвасабляе яго жыццёвы шлях. Нібы ў вершы «Камяні», які напісаны ў далёкім 1946 годзе. Такім у камені і бронзе паўстане ён перад нашчадкамі. Як плануецца, помнік ужо сёлета з’явіцца ў Мядзелі на рагу вуліцы 17 Верасня і плошчы Шаранговіча.

У мінулым годзе Міністэрства культуры аб’явіла конкурс эскізных праектаў для помніка народнаму паэту. Днямі ў мастацкай галерэі «Акадэмія» пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў адбылося пасяджэнне журы, якое разгледзела прадстаўленыя чатыры праекты помніка. У выніку быў ухвалены варыянт скульптараў Аляксандра Фінскага, Івана Міско і архітэктара Армэна Сардарава. Скульптура вышынёй 2,8 м будзе створана з каменя і бронзы. Яшчэ будуць дапрацоўвацца пэўныя дэталі ў прывязцы да мясцовасці, што мяркуецца зрабіць у бліжэйшы час, а таксама трэба вызначыцца з арганізацыяй — вытворцай помніка.

Рашэнне пра стварэнне помніка і ўстаноўку яго ў Мядзелі (нагадаем, што нара-дзіўся славуты паэт у вёсцы Пількаўшчына, што зараз у Мядзельскім раёне) было адобрана кіраўніком дзяржавы. Фінансаваць праект будуць Міністэрства культуры і Мінскі аблвыканкам. Разам з тым плануецца адкрыць і дабрачынны рахунак у дапамогу гэтай патрэбнай справе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter