На Дрибинщине лапти умеют плести даже дети

Абутак на ўсе поры года

Раней лапці былі неад’емнай часткай побыту беларусаў, але сёння рэдкія майстры валодаюць тэхналогіяй іх вырабу.

І  ў асноўным яны жывуць у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці. Рамяство пляцення лапцей тут не толькі захоўваецца і адраджаецца, але і набывае далейшае развіццё. Традыцыйная тэхналогія пляцення лапцей з Дрыбіншчыны нават уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Лапці — вельмі просты і танны абутак. Але ён выратоўваў нашых продкаў і ўлетку, і ўзімку. Вельмі зручнымі былі яны ва ўмовах балотнай мясцовасці Дрыбіншчыны — у іх не затрымліваліся вада і бруд. Найбольш трывалымі і адначасова мяккімі лічыліся лыкавыя лапці. Менавіта ліпавае лыка, піша livingheritage.by, было самай распаўсюджанай сыравінай для лапцей на Дрыбіншчыне. Мясцовыя жыхары здабывалі яго ў лесе ці куплялі на кірмашах. Вырабляліся лапці двума спосабамі — прамым цi касым пляценнем. Традыцыйныя дрыбінскія лапці былі з адкрытымі насамі і пяткай. Па баках лапцей выпляталіся петлі, у якія прапускалі вяроўку ці лыка («аборы»), каб зацягнуць вакол нагі.

Лапці не надзяваліся без анучы — звычайна прамавугольнага кавалка тканіны даўжынёй прыкладна паўметра і шырынёй каля 40 см. У залежнасці ад пары года анучы былі парцяныя ці суконныя. «Парцянкі» насілі ў цёплую пару года, «суконкі» — зімой. На зімовыя анучы часцей за ўсё ішлі кавалкі са старога андарака ці кашулі. У вялікія маразы ступню нагі, закручаную ў суконку, абкладвалі яшчэ сенам або мяккай саломай. Паверх заварочвалі белыя палатняныя анучы. Святочны варыянт лапцей адрозніваўся асаблівай белізной і акуратнасцю. Навіваць анучы і завязваць аборы вучылі з маленства, і дзеці да гадоў дзесяці добра засвойвалі гэта ўмельства.

livingheritage.by

Сёння на Дрыбіншчыне дзеці ўмеюць не толькі абуваць лапці, але і плесці іх. Летась гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Лапаточак» Дома рамёстваў вёскі Кароўчына Дрыбінскага раёна, дзе вучаць пляценню лапцей, стаў узорным.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter