Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры прадаўжаецца мастацка-краязнаўчая акцыя “Куфар беларускіх скарбаў”, прысвечаная 100-годдзю Латвійскай Рэспублікі

Абрусы і паясы: не толькі дзеля красы

Газета пісала ўжо пра саму акцыю, пра тое, што былі ўшанаваны ў Даўгаўпілсе беларускія ручнікі ды народныя строі. Тым часам і пояс-абярэг стаў галоўным атрыбутам на вячорках, прысвечаных ягонай гісторыі, традыцыям і асаблівасцям вырабу. А 25 красавіка ў цэнтры ўвагі аказаліся абрусы, дыванкі ды іншыя ўпрыгажэнні для беларускай хаты. Раскажам пра ўсё па парадку.

Жанна Раманоўская расказвае пра беларускія паясы

Самі з паясамі

Прыгожы куфар навідавоку на ўсіх імпрэзах акцыі, ён патрохі папаўняецца. Мы паклалі ўжо ў яго аўтэнтычныя ручнікі з розных абласцей Беларусі, потым — народныя касцюмы. Надышла чарга й пояса: на нядаўняй імпрэзе побач з куфрам красавала выстава паясоў з калекцыі ЦБК.

Пояс — абавязковы элемент як жаночага, так і мужчынскага строю. Паясы на Беларусі раней насілі як дарослыя, так і дзеці, прычым у святы і ў будні. Падвязвалі кунтушы, кашулі, кажухі. На пояс мужчыны замацоўвалі кашэль і нож, пад яго затыкалі сякеру. Жанчыны ж на поясе насілі палатняныя сумкі, скрыначкі, збаны ці набіркі (скрыначка для збору ягад). Шырокімі мужчынскімі паясамі спавівалі немаўлят. Пояс у нашых продкаў меў і значэнне сімвалічнае. Таму, скажам, хадзіць без пояса, “расперазацца”, лічылася вялікім грахом і непрыстойнасцю.

У кожнай мясцовасці краіны паясы адрозніваліся колерам, арнаментам, упрыгажэннем, шырынёй. Канцы паясоў прыгожылі кутасамі, махрамі, бісерам, нашытымі палоскамі тканіны, металічнымі пласцінамі. Даўжыня ж пояса была рознаю: ад паўтара да пяці метраў, шырыня ад 1,5 да 20 сантыметраў. Мужчыны іх павязвалі на жываце ці пад жыватом, жанчыны — на талію. Па поясе можна было адразу вызначыць жаночы статус: завязаны злева — замужняя, справа — вольная, па цэнтры — удава. Пра тое распавяла на вячорках вядучая, кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская.

Аснова для паясоў, якія ткалі ці плялі, — льняныя і шарсцяныя ніткі. Ткалі паясы і з шоўкавых, залатых нітак. То былі знакамітыя Слуцкія паясы, якія славіліся далёка за межамі Беларусі. Максім Багдановіч напісаў верш “Слуцкія ткачыхі” пад уражаннем ад паясоў з калекцыі Івана Луцкевіча ў Вільні. На нашых вячорках твор у арыгінале й на рускай мове прачытала на памяць спявачка харавой капэлы “Спадчына” Лілія Воранава, на латышскай — намесніца кіраўніцы ЦБК Дагнія Літвіноўская.

Згадваліся цікавыя факты пра слуцкія паясы. Што, напрыклад, іх ткалі дужыя мужчыны мяшчанскага ці шляхецкага саслоўя. Насілі паясы — толькі мужчыны, шляхта. Каштавалі слуцкія паясы вельмі дорага. У цяперашні час у музеях захавалася вельмі мала слуцкіх паясоў ды іх фрагментаў. Як адзначыў краязнаўца Мікалай Паўловіч, некалі ў Даўгаўпілскай беларускай дзяржаўнай гімназіі было два фрагменты слуцкіх паясоў са збору Івана Луцкевіча. Паэт Станіслаў Валодзька, які чытаў на вячорках свой верш “Слуцкія паясы”, быў сам у народнай кашулі, падвязанай нацыянальным поясам са Слуцка.

У беларускіх хатах дзяўчаты, жанчыны ткалі, плялі паясы ў вялікай колькасці, бо такі прадмет-абярэг быў абавязковым атрыбутам і на вяселлі, а таксама пры нараджэнні дзіцяці. Скажам, на вяселлі нявеста павінна паясамі абдарыць усю радню: часам разыходзілася іх да 200. Выраблялі паясы й на продаж, прычым цэлыя паселішчы на тым спецыялізаваліся.

Беларускі пояс і сёння запатрабаваны як самы яркі элемент народнага касцюма, як папулярны сувенір. Рамесніца з Браслава Людміла Рулевіч распавяла-паказала, як самому пояс можна зрабіць. Свой майстар-клас яна ўпрыгожыла й аповедам пра каляровую гаму паясоў ды ўзораў-сімвалаў: ураджай, урадлівасць, багацце, каханне, сям’я, продкі, Купальскія знакі... Ахвочых навучыцца майстэрству было шмат. І ўвесь вечар гучалі вершы. Цудоўныя строфы пра пояс з паэмы “Куфар” Ларысы Геніюш чытала кіраўніца харавой капэлы “Спадчына” Яніна Юзэфовіч, а верш “Дзявочае сэрца” разам абыгралі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Купалінка” Тэрэса Паўлава, Валеры Амбросаў, Надзея Свірковіч ды Іна Валюшка.

На вячоркі да нас прыехалі ўдзельнікі гурта “Завіруха” з екабпілскай суполкі “Спаканне”: яны таксама рэалізуюць праект да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі. А наш ЦБК — партнёр праекта, і пра тое плённае супрацоўніцтва казала старшыня суполкі Валянціна Дарашчонак. Сябры з “Завірухі” хораша нам паспявалі, прывезлі й беларускія паясы са сваёй калекцыі. Спявала таксама й наша харавая капэла “Спадчына”.

Напрыканцы імпрэзы Жанна Раманоўская падзякавала Людміле Рулевіч за даўнюю супрацу, падарыла ёй цэлую бабіну латвійскіх нітак: для вырабу беларускіх паясоў. А госця з Браслава папоўніла калекцыю ЦБК новым беларускім поясам: у латышскай каляровай гаме. Крэатыўна выступала Лілія Воранава: яна выйшла са старым чамаданам, у якім ляжалі ручнікі, сурвэткі, абрус, пакрывала. Іх у Мёрскім раёне вышывала мама Лілі ў пасаг дзвюм дочкам — цяпер тыя рэчы папоўнілі нашу музейную экспазіцыю.

Такую прыгажосць ствараюць простыя вясковыя жанчыны

Белым абрусам — душа беларуса

На вечарыну ў гонар абрусаў і кілімкоў у ЦБК сабраліся ўсе, каго цікавяць традыцыі нашых продкаў, ды й нашы сучасныя. У Беларусі, як вядома, здаўна было пашырана хатняе мастацкае ткацтва. Стваралі ўзорыстыя вырабы нашы маці, бабулі ды іх папярэдніцы. І кожная ўкладала ў працу як досвед уласны, так і калектыўны, шмат фантазіі ды, вядома ж, часцінку душы.

Абрус у хаце — упрыгажэнне жытла, стала, часцінка свята, неба, Усявышняга. Тканы, вышываны, плецены на рамцы, вязаны кручком... Абрус — частка дэкору, абярэг здароўя сям’і: на ім ляжыць хлеб-жыццё. У чыстай палове хаты заўсёды стаяў стол, накрыты найлепшым узорыстым ільняным абрусам. За “голы”, без абруса стол есці не сядалі: казалі, тады ў хаце дастатку не будзе. У святы ў хатах часта можна было ўбачыць нібыта выставу прыгожых абрусаў. Пра ўсё тое ды іншае расказвала Жанна Раманоўская. Яна ж рабіла прэзентацыю на экране разнастайных выяваў абрусаў, а таксама кілімкаў і палавікоў.

А ці падобныя абрусы з Гродзенскай, Віцебскай, Гомельскай абласцей? Паказвалі-параўноўвалі тое багацце іхнія гаспадыні Галіна Сантоцкая, Жанна Раманоўская, Інэса Казлоўская, Лілія Воранава, дзяліліся ўспамінамі пра звычаі-завядзёнкі ў родных хатах, згадвалі з удзячнасцю бабуль, матуль, якія стварылі такую красу. Для ўпрыгожвання жытла былі яшчэ ў хатах, дамах беларускіх даматканыя ды вышываныя сурвэткі, якія часам называліся: макаткі. Жанна Раманоўская паказала вышытыя сурвэткі сваёй свякрухі, а таксама перададзеныя ў дар музею ад Яўгеніі Гуляевай, Галіны Сантоцкой, Ліліі Воранавай. Потым прадставіла выставу ходнікаў: іх звязала 96-гадовая Соф’я Сямёнаўна Краско з вёскі Парыж Пастаўскага раёна Віцебшчыны. Падрабязней пра рукадзельніцу расказалі госці вечарыны: яе дачка Ірына Ясюкевіч і нявестка Галіна Краско, якія падарылі музею “фірменны” ходнік сваёй мамы.

Былі таксама іншыя паступленні ў музей, які ствараецца пры ЦБК. Лілія Воранава падарыла два даматканыя пакрывалы, каштоўныя кнігі, чамадан. Ірына Хажэўская прынесла два абрусы, вышытыя й тканыя яе бабуляй. І Валянціна Анікіна падарыла два абрусы: тканы й вязаны. Не абышлося й без музычных нумароў. Гурты “Купалінка”, “Лянок”, “Спадчына”, “Пралескі”, “Паўлінка” спявалі, танцавалі, паказвалі абрады. Свае вершы чытаў Станіслаў Валодзька, гучалі радкі з паэмы Ларысы Геніюш “Куфар”. Вершы Яна Райніса ў перакладзе на беларускую мову чыталі Марыя Памецька, Тэрэса Паўлава, Лілія Воранава.

Закончылі мы вечарыну пад кранальную песню “Сустрэча з домам” — спяваў ансамбль “Купалінка”. Гаварылі яшчэ пра тое, што сёлета ў Беларусі — Год малой радзімы: добрая нагода туды наведацца. У кожнага з нас ёсць такі куток, найдаражэйшы, дзе мы нарадзіліся, зрабілі першыя крокі, сказалі першыя словы, адкуль пайшлі ў вялікае жыццё. Воляю лёсу мы жывем у Латвіі, якую любім і якая стала для нас другой радзімай. Але заўжды ў нашых сэрцах жыве любоў да тых мясцін, адкуль мы родам.

Наступнае мерапрыемства праекта “Куфар беларускіх скарбаў”, прысвечанае беларускім дыванам, пройдзе 25 мая ў Цэнтры латышскай культуры: Даўгаўпілс, вул. Рыгас, 22-А. Прыходзьце, прыязджайце! Мы запрашаем ахвочых з усяго свету далучыцца да прыгожай акцыі ды перадаць Даўгаўпілскаму Цэнтру беларускай культуры прадметы беларускага побыту. Мы талакою ствараем музейную экспазіцыю. Кожны, хто падорыць экспанат, будзе ўшанаваны-адзначаны граматай, а імя дароўцы мы ўнясем у Летапіс стваральнікаў музея беларусаў Латгаліі.

Жанна Раманоўская, Марыя Памецька,
Даўгаўпілскі Цэнтр беларускай культуры

Ад рэдакцыі. Пра тое, якое важнае месца ў беларускай культуры займаюць слуцкія паясы, сведчыць і прэзентацыя “Легенды малой радзімы: слуцкія паясы” — яна прайшла на стэндзе БелТА пад час XХII Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”. Сёлета ў інфармагенцтва 100-гадовы юбілей — вось і зрабілі яго супрацоўнікі сабе ды іншым прыгожы падарунак. На прэзентацыі гучалі цудоўныя народныя песні, было святочнае танцавальнае прадстаўленне: дзяўчаты з гурта “Глорыя” Ліцэя БДУ прыгожа выканалі танец со слуцкімі паясамі пад музычную кампазіцыю “Слуцкія ткачыхі”. У віктарыне ж, якую правяла на прэзентацыі адміністратар Музея гісторыі слуцкіх паясоў Ларыса Лямеза, паспяхова паўдзельнічалі й журналісты з нашай газеты. Прычым, як напісалі калегі ў фотарэпартажы, “пераможца віктарыны не толькі атрымаў прызы, але й на час стаў мадэллю: Ларыса Лямеза павязала яму слуцкі пояс, які ў даўнія часы насілі заможныя шляхцічы”. А потым, як і належыць на свяце, гаспадары падрыхтавалі пачастунак: госці прэзентацыі паспрабавалі смачны румяны каравай.

Голас Радзімы № 18 (3570), чацвер, 17 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter