Абрус для праўнучкі

ЗАЎЖДЫ найвышэйшая пахвала на вёсцы — адметная працавітасць. Менавіта так казалі і пра слынны ў слуцкай вёсцы Гацук род Каляды. Адной са старэйшых прадстаўніц яго — Соф’і Пятроўне ЗАЯЦ — сёлетняй восенню споўніцца восемдзесят восем гадоў. Праўда, па пашпарту, які выдалі замест згубленага ў слуцкіх балотах падчас выхаду партызанскага атрада з нямецка-фашысцкага акружэння, запісана, што нарадзілася пасля Купалля — у ліпені. Так і атрымалася двойчы на год мець дзень нараджэння. Пра ўсё гэта Соф’я Пятроўна падрабязна ўзгадвала на прызбе каля сваёй схаванай за высокімі яблынямі ды вядомымі слуцкімі бэрамі хаты, якую разам з мужам некалі збудавала. Колькі радасці было, калі ім у тыя першыя пасляваенныя гады выпісалі ў калгасе трыццаць кубоў лесу на новы дом. Яны тады жылі марамі пра вялікую сям’ю. Прасторны пяцісценак добра выглядае і праз дзесяцігоддзі.

Якое на Купалле самае запаветнае жаданне ў жыхаркі слуцкай вёскі Гацук Соф’і Пятроўны Заяц, маці міністра сельскай гаспадаркі і харчавання...

ЗАЎЖДЫ найвышэйшая пахвала на вёсцы — адметная працавітасць. Менавіта так казалі і пра слынны ў слуцкай вёсцы Гацук род Каляды. Адной са старэйшых прадстаўніц яго — Соф’і Пятроўне ЗАЯЦ — сёлетняй восенню споўніцца восемдзесят восем гадоў. Праўда, па пашпарту, які выдалі замест згубленага ў слуцкіх балотах падчас выхаду партызанскага атрада з нямецка-фашысцкага акружэння, запісана, што нарадзілася пасля Купалля — у ліпені. Так і атрымалася двойчы на год мець дзень нараджэння. Пра ўсё гэта Соф’я Пятроўна падрабязна ўзгадвала на прызбе каля сваёй схаванай за высокімі яблынямі ды вядомымі слуцкімі бэрамі хаты, якую разам з мужам некалі збудавала. Колькі радасці было, калі ім у тыя першыя пасляваенныя гады выпісалі ў калгасе трыццаць кубоў лесу на новы дом. Яны тады жылі марамі пра вялікую сям’ю. Прасторны пяцісценак добра выглядае і праз дзесяцігоддзі.

ПАДВОРАК перад ганкам усцілае мяккі дыван густога мурагу, які падступае да выбудаваных пад лінейку шматлікіх дзвярэй і дзверцаў хлява, хлеўчыка, невялічкай клеці. Ад парога вузенькая сцяжынка вядзе каля зацэментаванага калодзежа ў прыхаваны за домам агарод, дзе стракатымі кветкамі цвіце-красуе бульба. Там-сям раскіданы вузенькія загоны — лапікі з цыбуляй, буракамі, капустай, агуркамі ды іншай гароднінай. Нягледзячы на спрыяльныя для росту пустазелля цёплыя летнія дні, усе загоны акуратна апрацаваны.

Каля студні зухавата корпаецца гарласты прыгажун-певень са сваім чубатым гарэмам.

— Толькі іх і трымаю зараз, — з ноткай смутку ў голасе быццам скардзіцца мне Соф’я Пятроўна. — Вось калі быў гаспадар, то ў хлявах цесна было жывёле. Трымалі і па дзве каровы, гурт свіней ды іншую жыўнасць. Сям’я вялікая: тры сыны і дачка, было каму даглядаць усё гэта і кармы назапашваць. Усе дзеці з малых гадоў ведалі свой занятак на падворку. А летам колькі сена трэба было накасіць і прыбраць, каб у калгас норму здаць і сваю жывёлу забяспечыць. Ад працы і сон не браў. З вясны і пакуль перад зімой снег не выпадзе, увіхаліся, затое і мелі ўсё сваё.

Напрацаваныя рукі Соф’і Пятроўны нярвова перабіраюць кавеньку, без якой ёй ужо цяжкавата хадзіць.

— У мяне іх некалькі ў розных кутках двара прыхавана, — перахапіўшы мой позірк на адшліфаваным ад рук дручку, нібы хваліцца яна. — Прызвычаілася да яго ўжо, і спрытней стала. Але ў лес ужо не хаджу. Хочацца, ды ногі не нясуць. Зараз жа самы час чарніц, лісічак. Нядаўна пракінуліся і траецкія грыбы. Дажджы ідуць, парыць, і толькі не лянуйся, ідзі ў лес, парожнім кошык не будзе. Памятаю, мае дзеці ў такі час, як толькі світае, у лес па грыбы ці па ягады. Асабліва Лёнька сябраваў з лесам. Яго і будзіць ніколі не трэба было. Я яшчэ і карову не падаю, а яго і след прастыў. Кожны куточак нашага лесу, як свой падворак, ведаў. Гэта быў летні заробак, які нашы дзеці збіралі на школьныя прылады. Вось і зараз мая дачка, што жыве непадалёку, на торфазаводзе, штодня знаходзіць час на лес. І мне прынесла чарніц ды клубніц. Хачу і вас пачаставаць.

Адмовіцца ад такой прапановы было проста немагчыма. Прайшоўшы праз сенцы ў прасторны пакой, міжволі звярнуў увагу на вялікую рамку з сямейнымі фотаздымкамі на пабеленай сцяне.

— А гэта мае сыночкі, дачушка і ўнукі, нават праўнукі, — як самае сваё дарагое прадстаўляла гаспадыня хаты чорна-белыя здымкі, у цэнтры якіх вызначаўся каляровы. Я адразу ж пазнаў яе сына, які цяпер кіруе аграрным міністэрствам Беларусі.

— Лёнька з дачушкай Наташкай перад яе замужжам, — гучаў лагодны голас шчаслівай Соф’і Пятроўны.

Адчуваўся яе гонар Леанідам, які ўзняўся да міністра, што ў яго ўсё ладна ў сям’і і ад людзей мае павагу.

— Цяпер яго часцей па тэлевізары бачу ды ў газетах пра яго чытаю. Паштальён штодня прыносіць газеты. Сэрцам адчуваю, што цяжка яму, пасада вельмі адказная. А ён жа такі сумленны, што, калі даў слова, абавязкова выканае. Такі заўжды ён. Некалі яшчэ ў школу хадзіў, то напяку з мукі коржыкаў і крыху падсаладжу. Тады ж нам у калгасе муку на працадні давалі, было з чаго пячы. Лёня возьме ў школу гэтых коржыкаў, і назаўтра мне жанкі на вёсцы гавораць, як гэта ты, Зоня, такія смачныя коржыкі пячэш. Думаю, адкуль жа яны ведаюць? А гэта Лёня ў школе частаваў сяброў коржыкамі, і яны дома расказалі. Так шчодра ён усім дзеліцца.

 Я тут жа адчуў, што гэтая рыса ў яго перш-наперш ад маці. Гэтай сялянскай шчырасці ў Соф’і Пятроўны на многіх стала б. У свае восемдзесят восем гадоў яна не толькі сама сябе абслугоўвае, а яшчэ і сыну Аляксандру, які па волі лёсу вярнуўся ў бацькоўскую хату, памочніца. Хіба ж хто смачней, чым маці, прыгатуе ежу!

— Ды і мне весялей з ім, ёсць з кім у хаце пагаманіць. Пра дровы не трэба непакоіцца: і прывязе, і парэжа, паколе, і паскладае. Толькі бяры зімою ды распальвай печкі, — чую ад Соф’і Пятроўны.

І сапраўды, павець закладзена сухімі дровамі. На падворку парадак ва ўсім, адчуваецца рука дбалага гаспадара. На драўляных сценах хлявоў і хлеўчыкаў яшчэ з тых мінулых гадоў прымацаваны няхітрыя сялянскія самаробныя прылады, прызначэнне якіх не адразу і адгадаеш. Моцныя драўляныя слупы трымаюць уязныя вароты і дашчаны паркан, які, напэўна, гарадзіўся яшчэ пры жывым гаспадару. Прасторная хата быццам вачыма — вокнамі з пафарбаванымі аканіцамі — глядзіць на ціхую заасфальтаваную вуліцу, што вядзе ад цэнтра Гацука на праходзячую непадалёку шумную магістраль.

СОФ’Я Пятроўна, напэўна, вялікае шчасце нарадзіцца і ўсё жыццё правесці ў родных мясцінах? — цікаўлюся я.

— Тут мае продкі жылі, і я ніколі нават не марыла кудысьці ехаць за шчасцем-доляй. Кожная сцежачка душу грэе. Дзе б ні была, а дамоў птушкай заўжды ляцела. Яшчэ да вайны тут закончыла шэсць класаў. Больш не пайшла ў школу. Тады толькі мацаваліся калгасы, цікава было працаваць разам на палях, лугах. Уся моладзь заставалася ў вёсцы. Вечарамі звінеў гармонік то ў адным канцы Гацука, то ў другім. На працу не ішла, а ляцела. З мамінай сястрою мы лён трапалі. Праца вельмі цяжкая, але ж я была маладая, рухавая, праўда, спачатку рукі не ведала куды ноччу падзець, так балелі. А потым уцягнулася. Падрастала, кавалеры пазіралі. Але ўсё раптоўна абарвала вайна. Нас шасцёра дзяцей было ў сям’і. Памятаю, як на пачатку акупацыі ў нашай хаце стаялі немцы. Аднойчы маму ледзьве не забіў худы, высокі нямецкі афіцэр. Мы напалілі печ, а ён яшчэ прынёс жэрдку і суне ў печ. Яна не ўмяшчаецца, тырчыць, і маці яму кажа, ужо цёпла, не трэба больш паліць, а то хату спаліце, і куды з дзецьмі падзенуся. Раз’юшаны фашыст кінуўся да маці. Каб не перакладчык з Шышчыц, то забіў бы яе.

Потым мы ў партызаны падаліся. Шмат чаго перажылі. А калі прыйшла доўгачаканая перамога, мне ішоў дваццаты год. Многіх нашых хлопцаў забрала вайна.

І  яшчэ  памятаю,  як у першыя дні вайны мы адзенне сваё хавалі ў вярэні. Сталі капаць, раптам бацька ўбачыў, што за вёскай спусціўся фашысцкі самалёт, і сказаў нам, што немцы могуць прыйсці сюды і ўсіх нас у гэтую яму пабіць. Дагэтуль мы іх ніколі не бачылі. Я так тады спужалася, што прыйшла дамоў, легла на лаву, моцна абхапіла яе рукамі і ўся трымцела. А тата кажа, хто гэта стукае. Адказваю, што я. А ён: а чаго ты стукаеш? Не магла сябе стрымаць, так напужалася. Ледзьве мяне супакоілі.

След пакінула не толькі вайна, але і пасляваенны нялёгкі час. Мне і зараз шкада таго бязрукага нашага вясковага настаўніка, які прыйшоў з фронту і да мяне сватаўся. А я яму адмовіла. Не магла паступіць інакш, сэрцу не загадаеш. А потым яшчэ адзін на ногі няважны быў, таксама сватаўся. А гады ж ішлі і аднойчы мне цётка кажа: «Зонечка, будзе хоць саламяны, ідзі замуж і не заставайся ў брата слугою». Разам з намі брат з жонкаю ў адной хаце жыў. Нявестка была вельмі  прыгожая,  але  пуставатая  і  за ім не глядзела. І я нібыта сапраўдная служанка была пры ім. Нікуды ні на якія гулянкі не хадзіла. Саромелася. Ды і тых гулянак не было. Многія хлопцы з нашага сяла на фронце палеглі.

У тыя першыя пасляваенныя гады каля нашай вёскі салдаты стаялі, і адзін ўпадабаў мяне. Потым і пісьмо нават прыслаў. Але так сталася, што я ў той час дома не была. У наш калгас паступіла каманда выязджаць у Германію забіраць кароў, якіх фашысты нарабавалі. Адказным за арганізацыю каманды на паездку быў мой бацька. А маці якраз паехала ў Капыль па соль. Моладзь з нашай вёскі пабойвалася ехаць у такую дарогу. А ехаць трэба было тэрмінова. І бацька ўгаварыў мяне. Яго падтрымалі ваеннаслужачыя дзяўчаты, што тады ў нас кватаравалі. Казалі, што хоць пабачыш, як немцы там жывуць. Там ужо ціха, фашыстаў знішчылі. Я і пагадзілася. Бацька ў некага пазычыў кажух, харчоў сабраў мне ў дарогу.

Так я разам з іншымі дзяўчатамі адправілася. Калі дабраліся ў Германію, то там яшчэ было неспакойна, нават бамбілі. Знайшлі тую мясцовасць, дзе трэба было забіраць кароў. Раней нам казалі, што назад іх будзем везці цягніком і трэба будзе іх па дарозе даглядаць. Але так не выйшла, і мы, маладыя дзяўчаты, праз усю Польшчу больш за месяц гналі гэты статак у Беларусь. Ой, як мы тады нагараваліся. Спачатку мы гналі статак па пяць кіламетраў у дзень, а потым паступова павялічвалі дзённыя перагоны. Галодныя, стомленыя, ледзьве ногі цягнулі. А яшчэ трэба было кароў нечым карміць. Статак вялікі, толькі паспявай бегаць з аднаго краю ў другі. Начавалі, дзе ноч заставала. Харчаваліся, чым даводзілася. Вельмі вымучыліся. З Польшчы статак перагналі на тэрыторыю Літвы, а адтуль паціхеньку ў Талачынскі раён. Кароў ад нас прынялі і нам далі дзве ваенныя грузавыя машыны, на якія мы пагрузілі свае мяхі з адзеннем і нарэшце нас адправілі дамоў, на Случчыну.

ДАМОЎ вярнулася змучаная, худая, з разбітымі нагамі. Доўга прыходзіла ў сябе. Мяне яшчэ чакала і тое пісьмо ад салдата. Маці мне сказала, што во якога я кавалера маю. А я яго не ўпадабала і на пісьмо не адказала. А потым мяне чакаў Косцік. Ён жывы застаўся, таму што ў партызанах быў.

— Напэўна, лёсам вам было наканавана стаць яго жонкай?

— Я яшчэ да вайны добра ведала іх сям’ю. А неўзабаве пасля той вандроўкі па кароў у Германію да нас у хату завіталі сваты ад Зайцаў, — узгадвае Соф’я Канстанцінаўна. — Нашы родныя добра ведалі адзін аднаго. У вёсцы ж усё на віду. Прыйшлі з хлебам-соллю і жаніха прывялі. Так і ўсваталі мяне.

— А вяселле як ладзілі? Час жа быў няпросты, толькі вайна адгрымела. Усё навокал разбурана, а для вяселля і ўбранне патрэбна, і нешта на стол паставіць?

— Лягчэй было з прадуктамі харчавання, бо ў хлявах нашых і свінні вяліся, і цялятка падрасло. Мука свая была. Так што частаваць гасцей было чым. Тым больш што тады вяселле гулялі толькі адзін дзень. З раніцы ўсе госці ў маладой, а потым грузілі на фурманку пасаг, які не надта багатым быў у мяне: падушкі, куфар з адзеннем, паліто, што мне купіла маці, і яшчэ абрусы, посцілкі. Дарэчы, яны і зараз у шафе ляжаць. Хачу праўнучцы Верачцы іх перадаць. А ў падарунак родныя неслі хто што меў. У вёсцы беднасць панавала. Вайна нас так апустошыла, што доўга падымаліся.

— Але ўсё ж вяселлі былі. Уся бяседа з песнямі, танцамі пасля гуляння ў маладой кіравалася да хаты жаніха?

— У канцы вёскі стаяла наша хата, і адтуль мы крочылі да маладога на другі канец Гацука. Там нас сустракала яго маці, а бацькі дома не было. Яшчэ да вайны яму ні за што далі дзесяць гадоў турмы. Вось так без свёкра і ладзілі вяселле. Запрашалі радню, суседзяў і сяброў.

— А музыкаў наймалі?

— Якое ж гэта вяселле без песень і скокаў. У суседняй хаце скакалі. Нанялі з Лошы гарманіста  і  дудара.  Уся   вёска   збіралася пагля-

дзець на вяселле. Хто ў акно зазіраў, а смялейшыя нават у скокі пускаліся. Не так часта тады весялілася вёска.

— Напэўна, цяжка было трымацца пад позіркамі самых дапытлівых?

— Да шлюбу я прыгатавала светлую шоўкавую спадніцу і такую ж белую шоўкавую кашулю. Вэлюма не было. А абутая была ў братавыя керзавыя чобаты.

— Як чобаты, ды яшчэ мужчынскія!

— Нагу перад вяселлем надта нацерла, і балела так, што нічога не магла абуць. А тут старэйшы брат з арміі прыйшоў. Наваксавалі яго армейскія чобаты, і ў іх я ўсё вяселле і была.

— І ў керзавых ботах ішлі пад вянец?

— Тады ніхто не вянчаўся ў нашай мясцовасці. Наогул, навокал нашага райцэнтра Грэска не было ні адной царквы. Толькі ў Хатлянах. Усе яшчэ да вайны разбурылі. А шлюб мы запісалі ў сельвыканкаме. У нядзелю гулялі, а ў панядзелак ужо быў звычайны працоўны дзень.

— Першы дзень маладой нявесткі ў доме свекрыві…

— Я зусім маладзенькая нявестка, старалася ўсё паспець па гаспадарцы. Увіхалася, як магла. І быццам атрымлівалася. Ды і не чужой мне была гаспадарчая праца. Усё я ўмела з малых гадоў. Як у печы ўпраўляцца, так і на полі не апошняй была. Свякроў мяне адразу і палюбіла. Аднойчы выходжу на парог і бачу каля веснічак нейкі мужчына прыпыніўся і глядзіць на мяне. Я аж жахнулася. Мільганула думка, што гэтую постаць я недзе бачыла. Ускокваю ў хату і кажу свекрыві, што незнаёмы мужчына каля нашага падворка стаіць. Свякроў хуценька зірнула ў акно і кінулася з хаты. Гэта быў свёкар, партрэт якога я штодня бачыла. Дзесяць гадоў адсядзеў на  Далёкім Усхо-

дзе. Для таго часу была звычайная справа трапіць у турму. І толькі праз гады паведамлялася, што асуджаны рэабілітаваны.

Майго бацьку таксама ледзьве не напаткаў лагерны лёс. Ён у калгасе быў кладаўшчыком. Калгасныя рэвізоры праводзілі праверку ў яго складзе. Вагі былі толькі на сто кілаграмаў. Узважаць збажыну і запісваюць, а бацька памячаў асобна. Рэвізоры неяк прапусцілі і не запісалі 100 кілаграмаў зерня. А потым бацьку абвінавацілі ў растраце. Дакументы адправілі ў раённую міліцыю. Бацьку арыштавалі і хацелі судзіць. Але маці звярнулася да кіраўнікоў калгаса і даказала, што гэта памылка. Выклікалі рэвізораў, і яны пацвердзілі, што адбылася памылка. Толькі дзякуючы намаганням маці яго потым выпусцілі.

Вяртанне свёкра было вялікай радасцю ў нашай сям’і. Трэці годзік ішоў Лёню. Дзядуля цешыўся ім, песціў, не шкадаваў часу на ўнука. Сам быў малаграматны, але вучыў Лёню і спасцігаў з ім буквар. Лёнька ў тры гады ўжо ведаў амаль усе літары. Мала пажыў свёкар. Слабым вярнуўся з лагераў, але стараўся ўсё рабіць. Неяк сусед паклікаў яго калгасную канюшню перакрыць, бо зусім схуднеў саламяны дах. Залезлі на самы вільчык канюшні, а парахнявая кроква трэснула, і свёкар грымнуўся долу. Нядоўга паваляўся пасля гэтага падзення і памёр у 62 гады.

— А вы тады ўсе жылі ў адной хаце?

— Дзякуй Богу, што хоць свая хата была. Ра-

зам з намі яшчэ жыла і сям’я мужавага брата. Тры гаспадыні каля печы тупіліся, але не млосна было. Свякроў больш дзецьмі займалася, а мы, дзве нявесткі, вялі гаспадарку. У хлявах — жывёла, агарод вялікі, ды яшчэ ў полі зямлю мелі. Упраўляліся, мірна ўсё рабілі. Падрасталі дзеткі.

Я ТАДЫ працавала на фельдшарска-акушэрскім пункце санітаркай. Гэты пункт спачатку месціўся ў нашай хаце, так што не трэба было далёка бегаць. Я была спрытная, ды і Косцік мой шмат дапамагаў. Ён яшчэ да вайны вывучыўся ў Покрышаве на трактарыста. Мо таму і Лёнька пайшоў на трактар у родны калгас. У яго працоўнай кніжцы першы запіс — трактарыст.

— Да каго Лёня больш хіліўся ў дзяцінстве?

— Ён плуга не браў, калі бацька быў. А потым, калі ў 1985 годзе майго Косціка не стала, то Лёня ўсякую работу стаў рабіць: касіў, дровы нарыхтоўваў, араў. Я сама касіла добра.

— А што вас прымушала?

— Жыццё заставіла. Мой муж Косцік неяк ішоў у Хатляны, каб на пашпарт сфатаграфавацца, ды па дарозе ў лесе яго сустрэлі два ваўкі. Вельмі моцна спужаўся і ледзьве мы яго выхадзілі. Пайшоў у школу вартаўніком. А калі ачуняў, сеў на трактар. Рабіў дзень і ноч. Як прыедзе да хаты на трактары, то Лёня садзіцца за руль і вядзе трактар на мехдвор. А яшчэ раней, калі бацька яшчэ на кані сена вазіў, то Лёня каня адводзіў на канюшню. Яшчэ малы быў, то я ззаду іду, каб не здарылася што. А ён жа хоча хутка праехаць.

— Бацька вучыў сыноў дровы калоць, іншую сялянскую работу выконваць?

— Калолі ўсе. А Лёня асабліва спрытна смалякі на лучыну ўмее трэсці. Ды і іншую мужчынскую работу ў нашай сям’і хлопцы хутка засвойвалі. Праца працай, але Лёня вельмі здатны быў да вучобы.

 Пасля сельскагаспадарчага тэхнікума стаў аграномам і далей пайшоў вучыцца. Лёгка яму давалася навука. Атрымаў вышэйшую адукацыю. Яго заўважылі і сталі даручаць адказныя пасады. Кіраваў абласным упраўленнем сельскай гаспадаркі, а потым стаў дырэктарам вядомага агракамбіната «Дзяржынскі». Адкрыў у нашай вёсцы Гацук магазін ад агракамбіната. Людзі дзякуюць яму. Вось толькі шкада, што няма магчымасці яму часцей дома бываць. Нядаўна ехаў з Брэста і на хвіліну заскочыў. Лекі мне прывёз. А так тэлефануе і цікавіцца здароўем, справамі. У яго зараз вельмі адказная пасада. Кожная хвіліна распісана. Яго швагер запрашаў на вяселле, але Лёня не змог прыехаць. А я ж ведаю, што ён так хацеў сустрэцца з роднымі. Праца ёсць праца. Ён жа ў адказе за ўсю сельскую гаспадарку Беларусі. Усё, што ад яго залежыць, зробіць. Але не ўсё і міністр можа. Адзін Гасподзь ведае наша будучае. І тым не меней у яго на першым плане толькі справы. Вельмі адказны, далікатны, але і патрабавальны. Цягавіты, працавіты, нават занадта. Сёння цяжка такім быць.

— Радасна, што сын такіх вяршынь дасягнуў?

— А чаму не радавацца. Я ўсімі дзецьмі радуюся. У мяне тры сыны і дачка і ўсіх аднолькава люблю. Апошнім часам за сына Валодзю хвалююся. У яго цяжкасці са здароўем. Дай Бог яму ачуняць. Настрой мне падымаюць унукі, дачакалася і праўнукаў. Гэта вышэйшая жыццёвая ўзнагарода.

— Зараз ваш сын міністр. Патрабавальны. Адкуль у яго гэта?

— А ён заўжды хоць у агонь, з аднаго слова. Гэтакі паслухмяны, стрыманы. Ён не паддасца крыўдзе. Сам зробіць так, каб людзям добра было. Ад сябе адніме і аддасць другім. З малых гадоў такі. Ніколі не курыў, не піў, нідзе гуляць не хадзіў. Як у армію адыходзіў, то тады правёў вечар, а так нікуды. Адно гармошку купілі, то любіў іграць. І я люблю музыку, мне гэтак хораша, як ён іграе.

— А хто вучыў іграць на гармошцы?

— Сам сабе. Трохі ж рыпаў.

— А цяпер гармошку бярэ ў рукі?

— Не. А як быў у арміі, то мы яму гармошку ў армію паслалі, аддаў сябрам.

— А што ў вашай сям’і больш за ўсё шануецца?

— Спагадлівасць.

СОФ’Я Пятроўна, на Купалле звычайна варожаць, загадваюць жаданні. А ваша якое самае запаветнае жаданне?

— Каб мае дзеці неслі па жыцці мой галоўны запавет ім: уважліва ставіцца да людзей, заставацца чулымі, гарэць у працы. Такімі мы з мужам  выхоўвалі іх і такімі, я спа-

дзяюся, яны сталі. Цяпер маюць сваіх дзяцей, унукаў. Гэтымі летнімі днямі часта да мяне прыходзіць Лёнева дачушка Наташа з маленькай праўнучкай Верачкай. Яны адпачываюць у Гацуку. Я спадзяюся, што паспею перадаць Верачцы абрус, які ў пасаг ад маці атрымала. Семдзесят гадоў захоўвала ў куфры. Няхай будзе праўнучцы на шчаслівую долю.

Сваім дзецям я зычу дачакацца праўнукаў, як дачакалася я.

НА ЗДЫМКУ: Соф’я Пятроўна ЗАЯЦ на сваім падворку ў вёсцы Гацук Слуцкага раёна.

Уладзiр Субат, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter