Абразкi

Летам, калi ясны, пагодлiвы дзень, у сасновы бор заходзiш, як у цудоўны храм...

Сосны мае, сосны…

Летам, калi ясны, пагодлiвы дзень, у сасновы бор заходзiш, як у цудоўны жывы храм. Сосны, шчодра аблiтыя сонцам, свецяцца празрыстым золатам. У вершалiнах злёгку свавольнiчае ветрык. I над усiм гэтым — бяздоннае неба, здаецца, яно аддало частку свайго чыстага блакiту зямлi, лесу, летняму дню. Прыгажосць, сатканая з мноства колераў i фарбаў, незвычайна зачароўвае, i толькi абыякавы да прыроды чалавек не адчувае яе…

Асабiста для мяне такi лес заўсёды дорыць цiкавыя сустрэчы i адкрыццi. Галоўнае — па-свойму бачыць i, не пабаюся гэтага слова, адчуваць кожную сасну як непаўторную i адметную часцiнку бору.

У нашым лесе сустракаюцца сосны, любавацца якiмi — адно задавальненне. Мiжволi думаеш, наколькi таленавiтая i шчодрая прырода, што стварае i дорыць людзям такую прыгажосць. Быццам адмыслова вытачаныя, ствалы нагадваюць магутныя калоны, а вершалiны высока закiнуты ў неба. Як правiла, блiзка каля гэтых велiканаў сур’ёзных дрэў няма, хiба толькi той самы падрост, ён зялёным вянком атульвае месца, якое выбрала сасна. Быццам сама прырода загадзя паклапацiлася, каб для iх была належная жыццёвая прастора, каб нiшто не замi­нала iх велiчы, магутнасцi i прыгажосцi.

Аднойчы надвячоркам, вяртаючыся дамоў, якраз iшоў каля гэтых соснаў. Стамiўся, бо на нагах быў аж паўдня, а тут яшчэ пахаладнела, хоць удзень сонца i не скупiлася на цяпло. Захацелася крыху адпачыць, i я падышоў да сваёй «знаёмай» сасны, прытулiўся да ствала. Праз некаторы час прыемна пацяплела маёй спiне. Я правёў рукою па ствале дрэва — ён быў цёплы. Здалося, што цяпло гэтае дрэва трымала ўнутры, а зараз сагравае мяне.

I цяпер iншы раз, калi ў лесе стане мне халаднавата, я iду да гэтых соснаў. Прытулюся да ствала i адчуваю жывое цяпло. Цэлы дзень, а мо i ўсё лета, добрыя дрэвы збiраюць цяпло ад сонечных промняў i трымаюць да таго часу, калi яго трэба аддаць чалавеку.

----------------------------------

Буралом

Раптам па лесе злосна прайшоўся страшны буралом. Дрэвы аж стагналi пад дзiкiм ветрам, якi вар’яцеў амаль паўгадзiны. Калi ўсё сцiхла, я пайшоў у наш лес паглядзець, што тут адбылося. Iшоў, а на сэрцы — трывога i неспакой, бо адчуваў: цяжка было дрэвам выстаяць пад нацiскам такой стыхii, пэўна, нарабiла яна нямала шкоды.

Толькi зайшоў у лес, як убачыў жахлiвы малюнак: бура звалiла самую прыгожую сасну, якая тут расла. Дрэва выбрала сабе месца на маляўнiчай палянцы, i гэта стала для яго трагедыяй. Паколькi побач высокiх дрэў не было, якiя ў буру трымаюцца разам, прыкрываючы адно аднаго, у тым лiку i сасну. I шалёны вецер круцiў яе ва ўсе бакi, пакуль не вывернуў амаль з коранем. I ўсё ж сасна не здалася, некалькi моцных каранёў яе ўтрымалi, i яна не гахнула на зямлю, павiсла на маладых сасонках, што раслi побач…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter