Да школьнікаў вяртаецца старэйшы часопіс на беларускай мове

Абнавілася “Бярозка”

Пабачыў свет часопіс “Бярозка” ў новым фармаце. Ён выдаваўся з 1924 года ў Мінску (як “Беларускі піянер”),  з чэрвеня 45-га выданне выходзіць пад сучаснаю назваю. З 2012-га  “Бярозка” была пад адною вокладкай з часопісам “Маладосць”. Дзякуючы клопатам супрацоўнікаў Выдавецкага дома “Звязда” “Бярозка” зноў стала самастойным выданнем. Дэвіз часопіса: “Чытаць і думаць”. У добры час!

“Новыя аўтары, новыя рубрыкі, новыя тэмы — новая “Бярозка”, каляровая і нясумная, стараецца адпавядаць чытацкаму густу сучасных беларускіх школьнікаў, размаўляць з імі іхняй мовай, — напісала ў падтрымку праекта газета “Звязда”. — Але не згубіла “Бярозка” і традыцыйных вартасцей, напрацаваных за амаль 100-гадовае існаванне: па-ранейшаму яна выхоўвае ў сваіх чытачоў эстэтычнае пачуццё, вучыць пісаць і чытаць мастацкія творы, думаць і выказваць сваю думку”.

У першым нумары можна пачытаць пра сакрэты адаптацыі ў новым калектыве (класе). І як з парадамі Адама Міцкевіча ды іншых вядомых пісьменнікаў стаць “годнымі тытулу сапраўднага шляхціца”. Адзін з аўтараў апісвае моўны эксперымент: “Я паказаў усім, каго сустрэў на тым тыдні, што калі я карыстаюся беларускай мовай, дык застаюся сучасным хлопцам, а не раблюся якімсьці “простым” або здаюся некаму вяскоўцам”. Яшчэ “Бярозка” навучыць, як адказаць на “дзясятку” каля дошкі ў “эпоху маўчуноў”, “калі большасць бавіць час за камп’ютэрам, размаўляючы не языком, а падушачкамі пальцаў”.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter