Наш корреспондент вместе с участниками уборочной пообедала и узнала, какой приз ожидает лучшего комбайнера

Абед на Жнiве

Цяпер тая пара года, калі ад людзей за штурваламі камбайнаў і грузавікоў залежыць, як многа хлеба будзе на нашых сталах. Задача гаспадарак цяпер — паклапаціцца аб сваіх работніках, стварыць для іх максімальна камфортныя ўмовы. У сельгаспрадпрыемстве «Цяплічнае» Гомельскага раёна для работнікаў палёў арганізавалі падвоз, душ і смачныя стравы.

Уборачная ў гаспадарцы КСУП «Цяплічнае» ідзе поўным ходам.

«Мужу я так не гатую»

Повары — не камбайнеры, але і для іх зараз надышла гарачая пара: з васьмі раніцы стаяць за плітамі, каб да поўдня на палі прыбыў гарачы абед з трох страў. Сталовая КСУП «Цяплічнае» ў вёсцы Бярозкі пад Гомелем працуе з 2013 года, за гэты час яе загадчыца Галіна Кароткая паспела вывучыць густы ўсіх работнікаў гаспадаркі:

— Мы за столькі гадоў адрэгулявалі нават памер порцыі для тых, хто працуе ў полі, паспрабавалі некалькі варыянтаў, спыталі меркаванні людзей, чаго шмат, чаго не хапае. Высветлілі, якім гарнірам нашы хлопцы аддаюць перавагу, хто са смятанай есць, хто без.

Усю ежу для работнікаў гатуюць тут, нават мяккія булачкі выпякаюць самі. І карэкціруюць меню пад просьбы камбайнераў.

— Неяк галубцоў хлопцы захацелі — мы, вядома, накруцілі. Я свайму мужу, шчыра скажу, так не гатую!


Повар Таццяна Боўда пацвярджае: меню кожны дзень — новае.

— У нас і гуляш, і адбіўныя, ды толькі катлет дзясяткі разнавіднасцяў: свіныя, курыныя, з маслам, сырам, сечаныя…

Таццяна загружае ў вялікія тэрмасы і кантэйнеры сённяшні абед: суп гарохавы з курыцай, макароны, філе запечанае ў сыры, кампот і булачкі з разынкамі. А на пліце ўжо шкварчыць падвячорак — тушаная бульба з катлетай, а да іх — сок і выпечка.

Абед падчас уборачнай у полі, работніца сталовай Анастасія Цэлкавікова і вадзіцель Аляксей Чабану.

«Жонка кажа: паправіўся!»

Разам са старшынёй першаснай прафсаюзнай арганізацыі Валерыем Траханавым загружаем правіянт у машыну і выязджаем у палі. Першы прыпынак робім недалёка ад пасёлка Мя-дзведжы Лог. На размешчаным непадалёк полі камбайны метадычна намалочваюць спелую пшаніцу.

— Пшаніца — наш асноўны від збожжавых. Яшчэ вырошчваем авёс і трыцікале. Участак гаспадаркі ў 735 гектараў, размешчаны ў Веткаўскім раёне, убралі ўжо цалкам. А тут з 1100 гектараў — больш за палову. Ураджайнасць 23—24 цэнтнера, вышэй, чым у мінулым годзе, калі было ўсяго 18,2 цэнтнера. А зараз з надвор’ем пашанцавала больш: і дажджы ішлі, калі трэба, і сухіх дзён хапае, каб убраць.

Праца на жніве пачынаецца прыкладна а палове сёмай раніцы. Пакуль сходзіць раса, камбайнеры, вадзіцелі займаюцца машынамі, а потым выязджаюць у поле.


— Шчыра скажу, вяртаюцца ў гараж ужо з уключанымі фарамі: убіраюць, пакуль не пачне цямнець. Дома паспяваюць толькі паспаць — і зноў на працу. Таму мы павінны максімальна палегчыць людзям гэты нялёгкі час. Усе камбайнеры і вадзіцелі забяспечаны спецвопраткай, ім выдаюцца мыла і ручнікі, у гаражы ёсць душ. На працу і з працы па дамах развозіць транспарт прадпрыемства.

Да беражка поля паступова сцягваецца масіўная тэхніка. Усе ведаюць, што каля 12 дня прывязуць абед, але лыжкамі не грымяць: любую хвіліну лепш адвесці не на чаканне, а на ўборку ўраджаю. Паспяваюць акурат да накрытых сталоў. Перад ежай яшчэ адзін абавязковы момант: з сабой работнікі сталовай прывозяць антысептык для рук.


Вадзіцель Васіль Гаўрыленка ў гаспадарцы ўжо 25 гадоў. Да сельскай працы прывучаны з дзяцінства: зусім юным паспеў папрацаваць памочнікам камбайнера, а пасля заканчэння курсаў вадзіцеляў сеў за абаранак грузавіка. Спякоту ўборачнай пераносіць лёгка:

— Але ад працы апетыт прачынаецца воўчы. Кормяць у нас вельмі добра. Жонка кажа: «Ты ж быццам на ўборачнай цяжка працуеш, а папраўляешся». У нас такі падвячорак даюць, што за раз не з’ясі! І гатуюць дзяўчаты добра, вы толькі ўдыхніце водар гэтага гарохавага супу!



І ўдыхаем, і пакаштуем — майстэрству мясцовых повараў хочацца паапладзіраваць. Але на гэтым мы абед вырашаем скончыць: порцыі сапраўды вялікія — якраз для моцных мужчын, якія працуюць у палях.

Прызы лепшым

37-гадовы Аляксей Чабану ад умоў працы ў «Цяплічным» у захапленні. Ён тут чалавек новы: на прадпрыемстве з лютага 2020-га, з Малдовы ў Беларусь пераехаў у 2013 годзе.

— Сястра жонкі абжылася тут і распавяла, як у Беларусі добра. Мы пасяліліся ў Добрушскім раёне, ужо паспелі і домік выкупіць, атрыманы ад гаспадаркі. У «Цяплічнае» перайшоў нядаўна, але вельмі задаволены. Спецвопраткай забяспечылі, — Аляксей як запраўская мадэль дэманструе ладны камбінезон, — кормяць, вады ў бутэльках — бяры колькі хочаш, плацяць добра і ставяцца па-чалавечы.


На цяжкую працу гаспадарка добра матывуе: на прадпрыемстве аб’яўлена спаборніцтва, уладальнікі прызавых месцаў па выніках уборачнай атрымаюць грашовае ўзнагароджанне. Лепшы камбайнер, да прыкладу, — 500 рублёў. Механізатар Леанід Вошчыкаў у апошнія гады першыя месцы займае з зайздросным пастаянствам, толькі зрэдку «скочваючыся» на другую пазіцыю:

— Сакрэт адзін — працуй і сачы за тэхнікай, своечасова трэба памазаць, адрэгуляваць.

Наракае толькі Леанід Міхайлавіч, што камбайн у яго ўзроставы, ужо няма былога спрыту. Пакуль намалаціў 306 тон, але ўсё роўна трымаецца ў лідарах.

— Мы з ім ужо і агонь, і ваду прайшлі. Былі на Віцебшчыне, у Чачэрску — дапамагалі з уборкай іншым гаспадаркам. Працаваць, вядома, бывае цяжка, але мы спраўляемся. У кабіне кандыцыянер, ежу падвозяць. Але шчыра скажу — на палі трэба прыцягваць пабольш моладзі.


За размовай паступова з’едзена другое, выпіты кампот з выпечкай, і мужчыны разбягаюцца па кабінах. Сёння і так затрымаліся на абедзе, час i папрацаваць. А транспарт з харчаваннем рухаецца далей — накарміць трэба будзе і іншых працаўнікоў палёў.

valchenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter