Не выдали фискальный чек, принимали 99 процентов безнала: какие нарушения нашла налоговая инспекция в сфере общепита накануне праздников

Абед міма касы

У прадпрымальнікаў, якія працуюць у сферы грамадскага харчавання, ёсць нямала спакус. Утаіць выручку, каб хутчэй выйсці на самаакупнасць, прадаваць з-пад крыса нелегальны алкаголь ці тытунь. Супрацьстаіць такім «слабасцям» падатковая інспекцыя. Яе супрацоўнікі не стамляюцца нагадваць пра тое, што яны не «караючы меч», а ў першую чаргу працуюць на прафілактыку правапарушэнняў, але пільнасць пры гэтым не губляюць. Карэспандэнт «Р» паўдзельнічала ў адным з пераднавагодніх маніторынгаў падаткавікоў.

Праца на апярэджанне

Нядаўна інспекцыя Мінска правяла круглы стол з прадстаўнікамі сферы грамадскага харчавання, на якім прывялі цікавы прыклад: у асобных прадпрыемстваў, якія працуюць з прымяненнем касавага абсталявання, удзельная вага безнаяўнай выручкі складае... 99 працэнтаў. Безнаяўныя плацяжы ў краіне, вядома, развітыя, але не настолькі ж! Відавочна, ёсць нагода разабрацца.

— Падатковая інспекцыя мае дастатковую колькасць баз дадзеных, з дапамогай якіх робіцца аналіз дзейнасці прадпрыемства. Сродак кантролю падатковых органаў (СКПО) павінен быць устаноўлены на касавым абсталяванні, якое выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці юрыдычныя асобы. З дапамогай СКПО ў рэжыме анлайн можна вызначыць памер, дынаміку і структуру выручкі ў разрэзе наяўных і безнаяўных плацяжоў, — тлумачыць Аляксандр Грабянёк, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар аддзела аператыўных мерапрыемстваў № 1 упраўлення аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі па горадзе Мінску.

Сказана — зроблена. Як аказалася, 99 працэнтаў «безнаяву» зусім не мудрагелістая метафара, а цалкам рэальны суб’ект гаспадарання. Адзін з рэстаранаў Савецкага раёна сталіцы паказвае такія суадносіны за ўвесь час працы. Па статыстыцы Нацбанка, на 1 кастрычніка паказчык безнаяўных аперацый з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак складаў 54,3 працэнта, наяўных аперацый — 45,7. Для параўнання Аляксандр у схематычным выглядзе паказвае структуру выручкі іншых аб’ектаў грамадскага харчавання з аналагічным асартыментам. Сапраўды, структура іх выручкі атрымліваецца блізкай да статыстыкі.

Аднак у ходзе кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў інспекцыя ўстанавіла: у рэстаране выкарыстоўвалася касавае абсталяванне, якое не адпавядала сферы прымянення. Для прыкладу Аляксандр паказвае касавы чэк і тлумачыць:

— Калі вы седзіце за столікам і вас абслугоўвае афіцыянт, чэк павінен выглядаць вось так: уліковы нумар падаткаплацельшчыка, найменне стравы, яе колькасць і кошт. 

Зрэшты, рэстаран ад парушэнняў паспрабаваў адхрысціцца: накіраваў у адрас падатковай інспекцыі адказ у духу «ў нас усё добра», а безнаяўная выручка пераважае таму, што ўстанову «наведваюць айцішнікі».

З улікам таго, што памер выручкі, атрыманай з прымяненнем «няправільнага» касавага абсталявання, склаў сотні тысяч рублёў, яшчэ зусім нядаўна рэстаран папросту мог атрымаць штраф у 200 базавых велічынь. Але, як кажуць у падатковай, галоўнае ў гэтай справе не пакараць, а зарыентаваць. У выніку рэстаран атрымаў мінімальна магчымы штраф — 10 базавых велічынь. Таксама ўладальнікам накіравалі ліст аб выяўленні негатыўных адхіленняў з прапановай іх ліквідаваць. Дарэчы, у падатковай інспекцыі адзначаюць, што многія суб’екты, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферы грамадскага харчавання з абслугоўваннем афіцыянтамі за столікамі, не ведаюць, што іх касавае абсталяванне не адпавядае сферы ўжывання. Якраз таму інспекцыя і праводзіць растлумачальную работу.

Афіцыянт замест фіскальнага чэка выдала папярэдні чэк.

Час разбірацца

Рэстаран працуе з полудня. Праз 15 хвілін пасля адкрыцця ён паступова запаўняецца наведвальнікамі: да паловы першай дня іх тут каля 10. Мы з інспектарамі назіраем за працай установы пакуль аддалена. Так бы мовіць, «вачыма радавога абывацеля». Адзін з супрацоўнікаў падатковай інспекцыі заходзіць у рэстаран і купляе напітак за 3,5 рубля. Разлічыўся наяўнымі. Разам са здачай яму выдалі папярэдні чэк (час продажу — 12.42). Выйшаўшы з рэстарана, інспектар звязваецца па тэлефоне з калегамі ў інспекцыі, каб з дапамогай СКПО яны пераканаліся ў зробленым разліку. Калегі паведамляюць, што ў рэстаране на касавым абсталяванні «нават змена яшчэ не адкрыта». 

Змена адкрылася толькі праз гадзіну пасля адкрыцця рэстарана.
Так маніторынг, ледзь пачаўшыся, ужо адказаў на галоўнае пытанне: наяўныя тут не спяшаюцца адлюстроўваць у афіцыйнай выручцы. Але не забываем: галоўнае не злавіць «за руку», а ліквідаваць перадумовы. Інспектары прадстаўляюцца, запрашаюць кіраўніка рэстарана і паведамляюць яму, што праводзіцца маніторынг. Аляксандр тлумачыць сітуацыю з прадразлікам адміністратару. Тая запэўнівае, што зараз афіцыянт выдасць фіскальны чэк — мабыць, проста «закруцілася».

Загадчык рэстарана некаторы час спакойна рэагуе на прысутнасць падатковых інспектараў, аднак у размове пачынае прызнаваць праблему і казаць, што вырашаць яе будзе шляхам звальнення адміністратара.

Каб пераканаць інспектараў у тым, што яны памыляюцца, адміністратар здымае прамежкавую справаздачу з касавага абсталявання — каб пераканацца, калі адкрыта змена. Высветлілася, што ў 13.01, а сума ў памеры 3 рублі 50 капеек праведзена па касавым абсталяванні ў 13.05. На жаль, як ні крыўдна, але інспектары маюць рацыю…

Уздымаецца пытанне і выкарыстання касавага абсталявання. Па словах загадчыка рэстарана, тэрмін устаноўкі новага абсталявання ад яго не залежыць, але ён кожны дзень тэлефанаваў у кампанію, каб паскорыць працэс. І сёння ў дзве гадзіны павінны ўстанавіць новы касавы апарат, абсталяваны СКПО. Шчаслівае супадзенне ці справа ў маніторынгу, але пасля 15 гадзін прыехаў спецыяліст і падключыў новае абсталяванне.

Што ж паказаў трох-дзённы маніторынг? У рэстарана рэзка павялічылася выручка. Удзельная вага наяўных, прынятых з выкарыстаннем касавага абсталявання, у першы дзень «пайшла ўгару» і склала 23 працэнты. У другі дзень наяўныя склалі ўжо 36 працэнтаў, а ў трэці — увага! — 60 працэнтаў. 

Збег абставін? Работнікі рэстарана тлумачаць гэта тым, што ідзе перадаплата за навагоднія карпаратывы. У любым выпадку, гэтая інфармацыя па выніках маніторынгу будзе накіравана ў падатковую інспекцыю па месцы рэгістрацыі плацельшчыка для больш поўнага кантролю.

КАМПЕТЭНТНА

Сяргей КАЗЕНКА, намеснік начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску — начальнік упраўлення аператыўных мерапрыемстваў:

— Трэці год наша ўпраўленне кіруецца прафілактычным вектарам у працы, у максімальнай ступені выкарыстоўваючы ўсе даступныя формы «бескантактнага» кантролю. Штодня супрацоўнікі ўпраўлення аналізуюць розныя паказчыкі работы дзясятка суб’ектаў гаспадарання, праводзячы своеасаблівы дыстанцыйны аўдыт з элементамі фінансава-эканамічнага аналізу. Мэта гэтай працы — выявіць суб’екты з негатыўнымі адхіленнямі ў асноўных паказчыках (выручка, падатковая нагрузка, узровень заработнай платы). Наступны ключавы этап — прафілактыка, падчас якой з суб’ектамі праводзіцца растлумачальная 

работа, накіраваная на добраахвотнае выпраўленне парушэнняў. Толькі пасля гэтага ў дачыненні да асобных прадпрыемстваў, якія свядома дапускаюць парушэнні заканадаўства, пачынаюцца мерапрыемствы па арганізацыі праверак. Падкрэслю, што ў Мінску катэгарычна немагчымая праверка з разраду «ішлі міма і вырашылі зайсці» — у любой сферы. Пра гэта сведчыць адзінкавая колькасць праве-дзеных праверак з верасня 2017 года. Акрамя жорсткіх норм заканадаўства, якія рэгулююць кантрольную дзейнасць, мы таксама выдатна разумеем, што праверка — гэта яшчэ і стрэс для кіраўнікоў, работнікаў прадпрыемства і ў пэўнай ступені іміджавыя страты. Асцерагацца праверкі варта толькі тым бізнесменам, якія, карыстаючыся ліберальнымі падыходамі, маюць намер першыя два гады сваёй дзейнасці (без праверак) «пабраканьерстваваць» і «ўцячы». Для такіх і існуюць аператыўныя падраздзяленні ў падатковых органах, галоўная задача якіх — своечасова выяўляць і рэагаваць. Тым жа бізнесменам, хто настроены працаваць сур’ёзна, доўга і пры гэтым падпарадкоўвацца заканадаўству, падатковыя органы кажуць: «Сардэчна запрашаем».

ФАКТ

У гэтым годзе МПЗ прыцягнута да адказнасці 15 юрыдычных асоб за выкарыстанне касавага абсталявання, якое не адпавядала сферы ўжывання.

malyshchyts@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter