Прафесар Мікалай Якоўчык

Абавязкова вярнуцца дамоў

Прысутнасць навукі на вытворчасці незаўважна, але вельмі моцна адчуваецца яе адсутнасць, перакананы былы кіраўнік племсаўгаса “Заказельскі”, а цяпер дырэктар інстытута прафесар Мікалай Якоўчык



ДВОЙЧЫ доктар навук — сельскагаспадарчых і эканамічных, прафесар, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалай ЯКОЎЧЫК у юнацкія гады марыў стаць настаўнікам, бацькі раілі  вывучыцца на шафёра, а сябры-аднакласнікі пераканалі паступаць у Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. З адзнакай закончыў аддзяленне ветэрынарыі. Працаваў спецыялістам у гаспадарках Драгічынскага раёна і завочна вучыўся на ветэрынарным факультэце Віцебскай дзяржаўнай ветакадэміі. Дваццаць гадоў узначальваў адзін з лепшых на Брэстчыне племсаўгас “Заказельскі” Драгічынскага раёна, цэнтральная сядзіба якога вёска Заказель першай у рэспубліцы атрымала статус аграгарадка.

Мікалай Сцяпанавіч выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання. За працоўныя дасягненні адзначаўся ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу, міністэрстваў адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Расіі, Брэсцкага аблвыканкама. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі. 

У ТРЫЦЦАТЫЯ гады мінулага стагоддзя масава выязджалі палешукі на заробкі ў далёкую Амерыку. Амаль год працаваў на амерыканскіх будоўлях драгічынскі хутаранін Антон Якоўчык. Пасажырскі параход, на якім ён вяртаўся праз акіян дамоў, у час моцнага шторму атрымаў пашкоджанне і стаў тануць. Сярод пасажыраў узнялася паніка. Ратаваліся хто як мог. Дужаму палешуку ўдалося ўхапіцца за драўляны плыт і дачакацца дапамогі. Многія пасажыры і члены экіпажа ўтапіліся. Тыя, хто выжыў, атрымалі псіхалагічны стрэс. Антон Якоўчык, каб не пужаць родных успамінамі пра перанесеныя пакуты ў раз’юшаным акіяне, вырашыў дамоў голым і босым не вяртацца. Наняўся бурлаком, на рускай рацэ цягаў грузавыя баржы, а як сабраў нейкі заробак, адправіўся дамоў. Працы на зямлі хапала. І ахвота была гаспадарыць, але хворае ад перанесенага стрэсу сэрца не вытрымала. Сям’ю памерлага сына падтрымліваў клапатлівы бацька Мікола Якоўчык. З унукам Сцяпанам поле аралі, дровы нарыхтоўвалі, траву касілі. 

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі сірату ўнука разам з іншымі равеснікамі гітлераўцы адправілі ў рабства. Ад перажыванняў за невядомы лёс сына-падлетка моцна занядужала і памерла маці. За ваеннае ліхалецце аўдавеў дзядуля Мікалай. Усю вайну пра лёс унука нічога не ведаў. Восенню 1945 года двойчы паранены вярнуўся Сцяпан у родную Дубраўку. Яму давялося працаваць у прускага баўэра непадалёк ад Кенігсберга. Пасля вызвалення мясцовасці Чырвонай Арміяй Сцяпан трапіў у штрафны батальён. У адным з баёў атрымаў раненне. Пасля лячэння ў шпіталі яго накіравалі ў дзеючую армію. Мужна змагаўся васемнаццацігадовы баец Якоўчык. Смела ішоў у атакі, і ў адной з такіх аперацый яго моцна параніла. Ледзьве выжыў. Лячыцца адправілі ў тыл, дзе інвалідам другой групы сустрэў радасную вестку пра перамогу над нямецка-фашысцкай Германіяй.

Шчаміла сэрца франтавіка, калі, вяртаючыся ў родную Дубраўку, праходзіў праз спаленыя ўшчэнт мястэчка Хомск, вёсачку Заточча. Многія аднавяскоўцы не вярнуліся з вайны. Майстравіты Сцяпан Якоўчык рамантаваў паўразбураныя сялянскія хаты не толькі ў сваёй вёсцы, але і па навакольных мясцінах. На адным з хутароў, дзе наняўся на працу, пазнаёміўся з сёстрамі — сіротамі Вольгай і Надзеяй Клімік, бацькоў якіх за сувязь з партызанамі гітлераўцы жывымі спалілі ў хаце вёскі Заточча. Дачкам удалося ўратавацца, і пасля вайны яны жылі ў сваякоў. Сцяпан пасватаўся да старэйшай Вольгі. У Бездзежскай царкве павянчаліся, і дружная радня зладзіла вясельную вячэру. Маладыя перайшлі жыць у прыбудоўку, якую некалі пасля вяртання з амерыканскіх заробкаў зладзіў Сцяпанаў бацька. Замест ложка на падлозе паслалі салому і накрылі посцілкай. У гараднянскага ганчара выменялі глінянага посуду за збожжа, якое ім даў запаслівы прапрадзед Мікола. Кожны ганчарскі выраб ацэньваўся меркай зерня, што ўваходзіла ў яго. Так займелі некалькі гаршкоў, глячкоў і дзве міскі. А лыжка была трафейная адна на дваіх, з якою Сцяпан прайшоў праз вайну і шпіталь. Сваячка Ганна з хутара дала сіротам кароўку. Завялі свіней, авечак, розную птушку. Працавалі ў калгасе, які арганізаваўся ў Дубраўцы. Нарадзілася дзяўчынка Марыя. А потым і сын, якога назвалі ў гонар працавітага продка Мікалая, які так і застаўся аднаасобнікам. У 94 гады дзядуля пешшу пайшоў у Драгічын купляць каня, каб вясновым цяплом поле ўзараць. Пераходзіў праз талы лёд на струзе і праваліўся. Сяляне дапамаглі выбрацца з ледзяной купелі. Ад прастуды захварэў на запаленне лёгкіх. Да ўрачоў па дапамогу не звяртаўся. Спадзяваўся, што хвароба пройдзе. Але на ногі так і не падняўся. Перад адыходам у вечнасць папрасіў, каб прывялі маленькага Міколку, якога вельмі любіў.

— Дзядуля звычайна прыносіў нам з Марыяй сушаныя грушы-дзічкі, якія раслі на яго падворку, — узгадвае прафесар Мікалай Якоўчык. — Гаспадарлівы быў і на слова востры. Жартаваў, што за жыццё перанёс вялікія патрасенні: тройчы гарэў і столькі ж разоў жаніўся. Другая жонка памерла, калі дзеду было 80 гадоў. Яму параілі пасватацца да незамужняй кабеты з вялікай вёскі Бездзеж. Мікалай параду прыняў і вырашыў: як дабяжыць без перадыху пяць кіламетраў да бездзежскага ветранога млына, то пойдзе сватацца. Выбраў спрыяльны дзень, прычапурыўся і, ні разу не спыняючыся, забег на пагорак да млына, павярнуў да хаты Марыі, якую ў вёсцы звалі Галушкаю. Яна была невысокай і круглай, як галушачка. Жанчына прыняла прапанову васьмідзесяцігадовага жаніха. Так разам і гаспадарылі. 

— Мікалай Сцяпанавіч, можа ў свайго руплівага продка Мікалая і сялянскай справе вучыліся?

— Мабыць, каб таго каня не купляў, то жыў бы ён яшчэ, і я многае ад яго пераняў бы. Збрую каня дзядуля трымаў у парадку. Сошка, плуг, барана і іншыя сялянскія яго прылады перайшлі нам у спадчыну. У бацькі вучыўся за плугам хадзіць і касу ў руках трымаць.

Доўгі час мы жылі ў старой дзедавай хаце. Адну палавіну займала сям’я, а ў другой вясковыя дзеці вучыліся. Бацька новы дом збудаваў. Усё ў ім сваімі рукамі вырабіў. І цяпер, калі ўжо няма яго, маці жыве з намі, у Дубраўцы стаіць бацькоўскі дом. 

— Не пусцее ваша родная вёска?

— Раней там было амаль паўтары сотні падворкаў, а цяпер толькі  трыццаць. У сярэднюю школу хадзілі за пяць кіламетраў, у вёску Бездзеж. Мяне больш захаплялі гуманітарныя прадметы. Асабліва любіў урокі гісторыі, якія вёў Васіль Ерафееў. Нам пашчасціла на мудрага класнага кіраўніка Васіля Каштальяна, які зачароўваў урокамі беларускай мовы і літаратуры. Як хораша ён чытаў на памяць урыўкі з “Новай зямлі” Якуба Коласа! Умеў тактоўна жартаваць. Мяне і аднакласніка Паўла Лаўрыновіча, які рыпаў на гармоніку, запрасіў на Вялікдзень у госці. Узялі ў бацькоў па бутэльцы самагону, селі на веласіпеды, Павел прыладзіў на багажнік гармонік, і паехалі па раскіслай веснавой дарозе да настаўніка. Васіль Васільевіч сустрэў нас на парозе і запрасіў у хату. Жонка накрыла на стол і паставіла бутэльку “Маскоўскай”, і мы свае дзве  паўлітроўкі выставілі. Частавалі нас як самых паважаных гасцей. Свойскі пшанічны белы хлеб, духмяная падсмажаная свініна, самаробны хрэн, заводскае слівачнае масла, якое ўпершыню пакаштаваў, — усё было незвычайна смачным. Рыпаў на гармоніку Павел. Пра гасцяванне расказаў бацькам, і яны адчулі жарт настаўніка, які мы прынялі сур’ёзна. 

Класны кіраўнік для нас быў сапраўдным кумірам. І я марыў стаць настаўнікам, але маці запярэчыла, бо не было за што вучыцца. Параіла лепш закончыць курсы шафёраў, як суседскі Яўген, якога ўся вёска паважала і цаніла. Каб неяк адмовіцца ад прапановы, сказаў маці, што за рулём хутка засынаю. Ад сяброў даведаўся, што збіраюцца паступаць у Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. Настроіўся і я з імі ехаць. Маці пайшла да старэнькага вяскоўца раіцца, ці варта так паступаць. Дзядуля падтрымаў мой намер, бо ветэрынар заўжды на вёсцы патрэбен. 

Без асаблівай напругі паступіў вучыцца, а праз год мяне забралі ў армію. Адслужыў і вярнуўся ў тэхнікум, дзе на апошнім курсе ажаніўся. Вольга таксама заканчвала вучобу і атрымала дыплом агранома, а я — ветфельчара. 

Працоўную дзейнасць пачалі ў драгічынскім калгасе імя Кірава. Жылі ў бацькоўскім прасторным доме. Хацелася самастойнасці. Нам прапанавалі працу і жыллё ў калгасе “Рассвет”. Займелі дзве каровы, невялікую атару авечак, свіней. Паступіў завочна вучыцца ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Ноччу садзіўся за кантрольныя заданні. Пасля заканчэння акадэміі ўзначаліў жывёлагадоўчы комплекс па ўтрыманні нецеляў, якіх пастаўлялі для гаспадарак вобласці. 

— Ветэрынарная акадэмія закончана, практычны вопыт набыты, ці не з’яўлялася жаданне самастойнай працы?

— Маё жаданне адчулі кіраўнікі Драгічынскага раёна і прапанавалі ўзначаліць племсаўгас “Заказельскі”, які ледзьве трымаўся на плаву. Першыя тры дні кіраўніцтва, думаў, не вытрымаю і вярнуся назад у калгас “Рассвет”. На палях, на фермах парадку аніякага не было. Не параўнаць з гаспадаркай, дзе больш як дзесяць гадоў адпрацаваў. Ні па культуры, ні па знешнім выглядзе населеных пунктаў, і дысцыпліны не прытрымліваліся. Хаця сама вёска Заказель мае багатыя гісторыю і традыцыі. Гэта былы маёнтак шляхетнага польскага роду Ажэшкаў. Тут засталася радавая ўсыпальніца вядомай пісьменніцы Элаізы Ажэшка. Старыя панскія муры і карпусы спіртзавода заняпалі.

Гаспадарку дэталёва агледзеў, узважыў магчымасці і галоўным спецыялістам выказаў сваё меркаванне па навядзенні парадку. Пачалі з рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў.

 — А галоўных спецыялістаў не мянялі?

— Не было магчымасці. Выбару кадраў ніякага. Спецыялістаў сталі выхоўваць з простых працаўнікоў. Заўважалі найбольш здольных і працавітых і прапаноўвалі па накіраванні саўгаса паступаць вучыцца ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пасля атрымання дыплома яны займалі адказныя пасады. 

Калі я ўзначаліў племсаўгас, на яго банкаўскім рахунку было мільён дваццаць шэсць тысяч савецкіх рублёў. Інтуітыўна вырашыў гэтыя грошы пусціць на будаўніцтва ўнутрыгаспадарчых дарог. Саўгасны бухгалтар старой пасляваеннай закваскі Вера Акімаўна Карыціч уголас гаварыла, што на яе вяку з рознымі даводзілася працаваць кіраўнікамі, і ўсе яны ашчадна ставіліся да дзяржаўнай казны, а Якоўчык за год усе зберажэнні патраціў. Не толькі яна так разважала, але і многія ў калектыве лічылі, што лепш заробкі павялічыць. Настаяў на сваім, і дарогі пабудавалі.

На наступны год выйшла пастанова Савета Міністраў рэспублікі, згодна з якой нам вярнулі амаль усе патрачаныя на будаўніцтва дарог сродкі. Мадэрнізавалі вытворчыя працэсы. Задзейнічалі кантакты, і за год у гаспадарку паступіла 17 трактараў МТЗ, шэсць МАЗаў, адзін суперМАЗ. Столькі ўвесь раён не атрымліваў за год тэхнікі, як паступіла нам. Наладзілі камерцыйныя кантакты з “Гомсельмашам” і паспяхова рэалізоўвалі іх прычэпы ў суседнія краіны. Выручаныя сродкі пускалі на ўнутрыгаспадарчае будаўніцтва. На нашых аб’ектах адначасова працавала звыш паўтары сотні будаўнікоў. 

У маі 2005 года з удзелам Прэзідэнта ў нашай вёсцы Заказель адкрыўся першы ў рэспубліцы аграгарадок, і гаспадарка атрымала статус племянной. Пераймаць вопыт да нас прыязджалі з Расіі, Польшчы, Украіны. На пяці тысячах гектараў сельгасугоддзяў утрымлівалі тры з паловай тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку тысячу дойных кароў. Сярэднегадавы надой малака ад каровы давялі да шасці з палавінай тон. Дзякуючы племянной справе мацавалася эканоміка гаспадаркі, якая ўваходзіла ў дваццатку лепшых у рэспубліцы. 

— Мікалай Сцяпанавіч, а калі вы пачалі займацца навуковай дзейнасцю?

— Кандыдацкая дысертацыя прысвечана вывучэнню і вырашэнню праблем сельгасвытворчасці, у прыватнасці, корманарыхтоўкі, утрымання і кармлення жывёлы, павышэння яе прадукцыйнасці, укаранення энергазберагаючых тэхналогій. На племзаводзе праводзіў навуковыя даследаванні, вынікі якіх апрабіраваны і знайшлі прымяненне ў вытворчасці. У доктарскай дысертацыі даследаваў рацыянальнае выкарыстанне  энергарэсурсаў у жывёлагадоўлі. Паспяхова абараніўся ў Маскве і атрымаў званне доктара эканамічных навук, а ў Беларусі за тэхналагічнае навуковае даследаванне  вучоны савет прысвоіў званне доктара сельскагаспадарчых навук.

— Праводзячы навуковыя эксперыменты, укаранялі новыя тэхналогіі, дабіваліся высокіх вытворчых паказчыкаў. Аграгарадок патрабаваў значных сродкаў на ўтрыманне інфраструктуры. Хапала сваіх?

— Зямля шчодра плаціла за старанне. Раслі вытворчыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі, якая давала значную частку прыбытку. Племянны маладняк, які вырошчваўся на нашых фермах, карыстаўся вялікім попытам ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі. З агульнага прыбытку пастаянна выдзялялі сродкі на будаўніцтва сацыяльна-культурных аб’ектаў. Адкрылі лазне-пральны камбінат, капітальна адрамантавалі сярэднюю школу ў вёсцы Валавель, пачалі актыўна будаваць жыллё. 

Племзавод стаў інавацыйнай вытворчай пляцоўкай для навуковых даследаванняў, вытворчых семінараў. Дзясяты год у гаспадарцы паспяхова дзейнічае навукова-вытворчая лабараторыя біятэхналагічнага селекцыйнага цэнтра па малочным жывёлаводстве Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі. Як кажуць, прысутнасць навукі на вытворчасці незаўважна, але вельмі моцна адчуваецца яе адсутнасць.

Ужо як дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў АПК трымаю сувязь з гаспадаркай, якою кіраваў два дзесяцігоддзі. На Палессі жывуць мая маці, жонка, дзеці і ўнукі. Прымаем адпачываючых у аграсядзібе “Буслянка”. Сын Генадзь займаецца фермерствам у вёсцы Новая Папіна. Вырошчвае клубніцы і маліну. Плануем з ім у роднай вёсцы Дубраўка, дзе застаўся бацькоўскі дом, пабудаваць аграсядзібу і назваць “Бацькоўскі падворак”. Зносім старыя кінутыя падворкі маленькім трактарам, які купілі летась па льготным крэдыце, наводзім парадак. Калі мяне выбіралі дэпутатам у Парламент, абяцаў выбаршчыкам, што ў родныя мясціны абавязкова вярнуся. За гады дэпутацтва многім землякам дапамог. Такім мяне выхоўвалі бацькі. У наш дом людзі заўжды прыходзілі па дапамогу, і бацька нікому не адмаўляў. І я, калі працаваў ветфельчарам, бескарысліва па вёсках лячыў жывёлу. Дапамагаць людзям стала маім жыццёвым крэда. Мы з жонкаю дзяцей такімі выхоўвалі. Цяпер унукаў імкнёмся накіроўваць па шляху чалавечай дабрыні. Пяцёра іх у нас. Ёсць каму працягваць  сямейныя тадыцыі.

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter