Абарона нацыянальных інтарэсаў – гарантыя парадку і дабрабыту на нашай беларускай зямлі

ПАРТЫЯ БНФ пасьлядоўна абараняе беларускія нацыянальныя інтарэсы. Мы хочам, каб беларусы жылі годна і заможна на сваёй зямлі. Каб кожны меў упэўненасьць у заўтрашнім дні. Каб нацыя мела будучыню.

Праграма кандыдата ў дэпутаты па 106-й Коласаўскай выбарчай акрузе КАСПЯРОВІЧА Дзмітрыя Анатольевіча

ПАРТЫЯ БНФ пасьлядоўна абараняе беларускія нацыянальныя інтарэсы. Мы хочам, каб беларусы жылі годна і заможна на сваёй зямлі. Каб кожны меў упэўненасьць у заўтрашнім дні. Каб нацыя мела будучыню.

Што маем сёньня: краіна і нацыя ў небясьпецы

Эканамічны крызыс, які ахапіў Беларусь, уяўляе сабой істотную пагрозу краіне. Існы рэжым не прадпрымае неабходных крокаў па рэфармаваньні сыстэмы, бо гэта небясьпечна для яго з палітычнага пункту гледжаньня. Узровень карупцыі ў Беларусі за апошнія паўтара гады вырас да маштабаў, якія наўпрост пагражаюць нацыянальнай бясьпецы краіны. Пранікненьне ў Беларусь расейскага паўкрымінальнага алігархічнага капіталу нясе пагрозу ўсяму беларускаму грамадзтву, наносіць шкоду беларускім нацыянальным інтарэсам і ўяўляе рэальную небясьпеку самому існаваньню сувэрэннай беларускай дзяржавы. Краіна рухаецца ў тупік: кошт расейскай падтрымкі зрабіўся занадта высокім і пагражае стратай эканамічнай і палітычнай незалежнасьці, але пры гэтым здабытыя такім высокім коштам рэсурсы накіроўваюцца не на неабходныя для забесьпячэньня канкурэнтаздольнасьці краіны рэформы, а на кансэрвацыю існуючай беспэрспэктыўнай мадэлі.

Выхад з тупіку: свабода, рэформы, адкрытасьць вольнаму сьвету

Лёс Беларусі павінны вырашацца ў Менску, а не ў Маскве, Варшаве, Брусэлі ці Пэкіне. Таму, разам з нашымі аднадумцамі, мы стварылі Народную праграму (www.prahrama.by) — плятформу рэальных дзеяньняў, рэалізацыя якой дазволіць нашай краіне выйсьці з гэтага тупіку. Кіруючыся палажэньнямі Народнай праграмы, Партыя БНФ выступае за:

— вяртаньне індывідуальным прадпрымальнікам магчымасьці выкарыстаньня наёмнай працы;

— зьмяншэньне колькасьці падаткаў, спрашчэньне сыстэмы іх уплаты;

— гарантыі недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці;

— асаблівую дзяржаўную падтрымку малому і сярэдняму бізнэсу;

— амністыю капіталаў для фізычных і юрыдычных асобаў;

— скасаваньне мытаў на сацыяльна важныя для нашых грамадзян тавары, у тым ліку мытаў на аўтамабілі;

— адмену прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ і іншых навучальных установаў;

— стварэньне «фонду будучых пакаленьняў», праз які дзяржава павінна забясьпечыць падтрымку маладых сем’яў зь дзецьмі;

— вяртаньне беларускай мове рэальнага статусу дзяржаўнай разам з аднаўленьнем беларускамоўнай сыстэмы адукацыі і выхаваньня, — ад ясьляў да ўнівэрсытэту;

— вяртаньне гістарычнай сымболікі: бела-чырвона-белага сьцяга і гербу «Пагоня»;

— узмацненьне сувязяў з найбліжэйшымі суседзямі Беларусі — Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Уваcабленьне cалідарнаcьці краінаў нашага рэгіёну ў фармаце Балтыйcка-Чарнаморcкае супрацы (БЧС);

— выхад Беларусі з ЭўраАзіяцкіх інтэграцыйных утварэньняў, якія ў доўгатэрміновай пэрспэктыве пагражаюць тэхналягічным адставаньнем і эканамічнай стагнацыяй.

Партыя БНФ — партыя абароны народных інтарэсаў

Мы, у Партыі БНФ, верым у тое, што нацыянальная салідарнасьць — адна з найважнейшых асноваў разьвіцьця ўсёй краіны. Партыя БНФ выступае за законнасьць і парадак на беларускай зямлі, якія павінны быць забясьпечаны справядлівымі законамі. Мы верым у традыцыйную сям’ю, як аснову здаровага грамадзтва. Мы верым у неабходнасьць гарантаваць недатыкальнасьць прыватнай уласнасьці, як адной зь неабходных умоваў самарэалізацыі чалавека. Іншымі такімі ўмовамі ёсьць свабода і роўнасьць перад законам, таму Партыя БНФ імкнецца да адбудовы ў краіне дэмакратычнага ладу, які грунтуецца на павазе правоў і годнасьці чалавека і грамадзяніна.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter