Аб Уладзiмiры Хамутоўскiм

Сэрца плача: сорак дзён таму пайшоў з жыцця Уладзiмiр Хамутоўскi, цудоўны чалавек, таленавiты лiтаратар. Пасведчанне члена Саюза пiсьменнiкаў Беларусi ён атрымаў за тыдзень да таго трагiчнага дня, калi перастала бiцца яго чуйнае, шчодрае на любоў да людзей сэрца

«Буралом»  жыцця  Хатоўскiх 

Сэрца плача: сорак дзён таму пайшоў з жыцця Уладзiмiр Хамутоўскi, цудоўны чалавек, таленавiты лiтаратар. Пасведчанне члена Саюза пiсьменнiкаў Беларусi ён атрымаў за тыдзень да таго трагiчнага дня, калi перастала бiцца яго чуйнае, шчодрае на любоў да людзей сэрца. Засталiся яго кнiгi — зборнiк апавяданняў «Споведзь шчырага сэрца» i аповесць «Буралом». Засталiся незакончанымi раман i яшчэ адна аповесць, засталiся яго вершы, песнi... 

На жаль, поўнасцю раскрыцца яго таленту не дазволiў няўмольны лёс: з жыцця Уладзiмiр Пятровiч пайшоў  на 62-м годзе... 

Кожнае чалавечае жыццё — гэта кнiга. Каля могiльнiка мне заўсёды думаецца: «Вось тут, пад зямельнымi пагорачкамi, пад абелiскамi i крыжамi, ляжыць бiблiятэка непрачытаных кнiг». Давайце, родныя, аднойчы па-добраму зазлуём на сябе i зробiм усё, каб з нашай рэальнасцi болей не адыходзiла ў бяспамяцтва наша гiсторыя, каб вакол нас не было безымянных продкаў. 

Прыклад таму паказаў Уладзiмiр Хамутоўскi, якi сеў, паклаў перад сабой чыстую паперу i ажывiў на ёй гiсторыю свайго радаводу. Так атрымалася аповесць «Буралом». Яна пра вялiкую, дружную сям’ю Мiхася i Антанiны, у якiх было пяць сыноў i дачка. Гэтыя людзi з Палесся прайшлi праз пекла выпрабаванняў, перажылi войны, рэпрэсii, калектывiзацыю, гiнулi i памiралi, цярпелi нястачу, нягоды, несправядлiвасць. Але нiколi не страчвалi веру, заўсёды заставалiся чыстымi перад сваiм сумленнем. Гэту мудрасць падхапiў Уладзiмiр Хамутоўскi i беражлiва, як Божую свечку, нёс па вятрах часу, каб перадаць яе сваiм дочкам Алёне, Наташы, Таццяне, Ганне, iх сем’ям. 

Думаецца, урокi Хамутоўскiх (у аповесцi яны — Хатоўскiя) стануць прыдатнымi для сённяшняй моладзi, для нашых сучаснiкаў. Яны, гэтыя ўрокi, будзяць памяць, узрушваюць пачуццi, прымушаюць думаць i разважаць. А гэта i ёсць яўная прыкмета таго, што чалавек пачынае актыўна жыць i цанiць кожны дзянёчак, падораны яму самiм Богам. У «Бураломе» адчуваецца нераўнадушная, заўсёды маладая, цiкаўная душа аўтара. Ён беражлiва прыгадвае старонкi жыцця бацькавай сям’i, умела перадае нам, чытачам, iх паводзiны, звычкi, мову. А гэта i ёсць тыя старонкi гiсторыi, якiя варта берагчы i помнiць. 

I яшчэ. Сам аўтар «Буралому» з’явiўся на свет адразу пасля перамогi. Вярнуўся з фронту яго бацька Пятро, выжыла ў акупацыi мацi Ганна. Не перанеслi вайны маленькая сястрычка Нiнка i дзядзькi аўтара. Дык атрымлiваецца, што ён, Уладзiмiр Хамутоўскi, самая зялёная галiнка ў радаводзе шматдзетнай сям’i. Яму само неба прадыктавала напiсаць гэту аповесць. 

Уладзiмiр ЛIПСКI, пiсьменнiк, лаўрэат  Дзяржаўнай прэмii Беларусi

-------------------------

«Споведзь  шчырага  сэрца» 

Мне пашчасцiла быць першым  чытачом, аўтарам прадмовы i рэдактарам рукапiсу першай кнiгi Уладзiмiра Хамутоўскага. Для мяне ён быў проста Валодзя: блiзкi па духу чалавек, даўнi, надзейны сябра. Ён з тых, з кiм, як кажуць, не боязна iсцi ў разведку. З iм прыемна было сустракацца, гутарыць. Ён быў не па гадах разважлiвы, мудры i дасцiпны. А ў сяброўскiх застоллях наогул незаменны — весялун-гаварун, па-майстэрску iграў на гармонiку,   сапраўдны тамада. 

Калi стала крыху вальней з часам, ён адразу засеў за апавяданнi, якiя пазней i склалi кнiгу «Споведзь шчырага сэрца» (першапачатковая назва — «I смех, i слёзы, i любоў»). Асабiста мне яны iмпануюць сваёй шчырасцю. Аўтару верыш, бо ён iх не выдумляе, не высмоктвае з пальца, а расказвае пра тое, што сам бачыў, чуў, пра тыя падзеi, удзельнiкам якiх яму давялося быць асабiста. Гэта жывыя кавалачкi жыцця — смешныя, сумныя, гарэзлiвыя, драматычныя. Але павучальныя! А героi? У кнiзе амаль няма тых, каго мы па даўняй звычцы называем адмоўнымi персанажамi. Чаму так? Мне здаецца, нават у самым адмоўным героi аўтар мог знайсцi i знаходзiў нешта станоўчае, тое, што цiкава для ўсiх нас, чытачоў. Крышку наiўныя, чудакаватыя, як у Шукшына, але ж дасцiпныя, багатыя сваiм жыццёвым вопытам, яны не без цяжкасцi далучаюцца да новага веку, i гэтае далучэнне дае аўтару нямала сюжэтаў — i смешных, i драматычных. 

Наогул кажучы, аўтар любiць ставiць сваiх герояў у нязвыклыя, экстрэмальныя сiтуацыi i, назiраючы за iмi, па-добраму ўсмiхаецца, а часам i спачувае, i менавiта такая яго пазiцыя выклiкае давер у чытача. Кожны, хто прачытае кнiгу, адчуе i трапяткую шчырасць аўтара, i яго востры зрок, учэпiстую на дэталi, непадуладную часу памяць, i, зразумела, лiтаратурнае майстэрства. 

Мне давялося неаднойчы бываць на Палессi, на радзiме аўтара, у яго роднай гасцiннай хаце, дзе мацi Ганна Андрэеўна, вечная працаўнiца-руплiвiца, дабрэйшая душа, частавала мёдам з поўнай да краёў бочкi, а бацька Пятро Мiхайлавiч, калгасны брыгадзiр, чалавек шчодрага сэрца, моцным хлебным напоем з лiтровай пляшкi, горлачка якой было перавязана чырвонай нiтачкай... Цудоўныя былi людзi — светлая памяць iм, пухам зямелька! А цяпер i табе, Валодзя. Калi ёсць той высокi свет, на iснаванне якога так спадзяюцца людзi, то няхай вашы душы сустрэнуцца.  Упэўнены: iм будзе добра i лёгка, бо заслужылi гэта.                                                                                            

Аляксандр АКУЛIК, кандыдат гiстарычных навук, дацэнт

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter