В Национальной библиотеке презентовали уникальные рукописи перевода Евангелия на белорусский язык

Аб святым — роднай мовай

Учора ў Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі ўнікальныя рукапісы перакладу на беларускую мову чатырох першых кніг Новага Запавету — паводле Матфея, Марка, Лукі і Яна. Аўтар тварэння — Міхась Міцкевіч, малодшы брат Якуба Коласа, добра вядомы чытачам пад псеўданімам Антось Галіна. Карэспандэнт «Р» пабывала на аднадзённай прэзентацыі і разам з дзясяткамі прыхільнікаў роднага слова ўбачыла рукапісы.

Дакрануцца да рарытэта мы змаглі дзякуючы Марыі Міцкевіч — менавіта ў яе ўжо шмат часу захоўваюцца рукапісы, над якімі Міхась Міцкевіч працаваў каля дзесяці гадоў.

Музей кнігі, што знахо­дзіцца на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі, — сапраўдная скарбніца ведаў. Учо­ра яго наведалі дзясят­кі гасцей, якія з глыбокай павагай раз­глядалі стэнд з чатырма просценькімі сшыткамі ў лінейку. На зялёнай вокладцы аднаго з іх скотчам прылеплены белы кавалачак паперкі: «Святое Евангелле паводле Марка». На злёгку пажоўклых старонках каліграфічным почыркам выведзена кожная літара, кожная кропка над «і». За думкай аўтара можна прасачыць па яго пяры: некаторыя словы закрэслены па некалькі разоў, дзесьці ёсць удакладненні на палях. 

Дакрануцца да рэліквіі мы змаглі дзякуючы Марыі Міцкевіч — менавіта ў яе ўжо шмат часу захоўваюцца рукапісы, над якімі Міхась Міцкевіч працаваў каля дзесяці гадоў. У гонар Дня роднай мовы, калі мы ўсе ўзгадваем матчына слова, свае карані і нейкія знакавыя помнікі пісьменства, Марыя Міхай­лаўна прэзента­вала гэтыя ўнікаль­ныя сшыткі. 

— Хацелася б добрым словам ус­помніць нашых дзя­доў, знакамітых людзей краіны, якія ўсё сваё жыццё шанавалі Беларусь, — пачала сустрэчу Марыя Міцкевіч. — Нават адзін з апошніх лістоў Якуба Коласа быў прысвечаны роднай мове. У ім ёсць такія словы: «Найлепшым духоўным багаццем народа з’яўляецца яго мова. У ёй адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і яго гнеў». У знакамітага пісьменніка было 4 браты і 4 сястры, але только Міхась, як і сам Колас, паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і стаў пісьменнікам. 

На злёгку пажоўклых старонках каліграфічным почыркам выведзена кожная літара, кожная кропка над «і».

Марыя Міхайлаўна паве­даміла, што, калі Міхась Міцкевіч з хваляй эміграцыі трапіў у ЗША, ён там рэдагаваў газету, выдаваў часопіс і рабіў шмат іншай працы:

— Акрамя таго, ён быў апекуном мясцовага сабора Святога Кірылы Тураўскага. Таму для прыхаджан сваёй царквы пачаў перакладаць кнігі на беларускую мову. Галоўным яго тварэннем сталі гэтыя чатыры сшыткі Евангелля. У іх ёсць некаторыя выкрэсліванні, таму што аўтар кожны раз перапраўляў сваю працу, шукаў новыя словы. Гэта быў сапраўдны падарунак роднай царкве. 

Пакідаючы гасцей сам-насам з рэліквіяй, Марыя Міхайлаўна адзначыла: «Прыемна, што гэтыя рукапісы дэманструюцца тут, у Нацыянальнай бібліятэцы. З дапамогай супрацоўнікаў мы адсканіравалі сшыткі, таму чытачы могуць ужо сёння паглядзець іх у аблічбаваным выглядзе». 

Дарэчы, пасля прэзентацыі Марыя Міцкевіч забрала рукапісы, каб аддаць іх выдаўцам. Будзем спадзявацца, што неўзабаве мы ўбачым факсімільнае выданне ўсіх чатырох частак Евангелля на беларускай мове.

glushko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter