В Гомельском областном драматическом театре прошла премьера спектакля "Поют ли эльфы?"

Аб чым спяваюць эльфы?

У Гомельскім абласным драматычным тэатры адбылася прэм’ера спектакля “Ці спяваюць эльфы?” паводле п’есы расійскага драматурга Яраславы Пуліновіч “Як я стаў...”.



Яшчэ ў 2015-м — у Год моладзі — дырэктар тэатра Ірына Серпікава і мастацкі кіраўнік Сяргей Лагуценка прынялі рашэнне даверыць пастаноўку спектакля нядаўняй выпускніцы БДАМ, маладому мінскаму рэжысёру Дар’і Марчанка. Пакуль ішла праца над спектаклем, наступіў 2016 год — Год культуры, які прыняў эстафету ў Года моладзі. Так прэм’ера стала актуальным культурным праектам маладых пра маладых і для маладых.

Тры маладыя акцёры Дзмітрый Байкоў, Ірына Курака і Аляксандра Задорына паказваюць нам хітраспляценні амаль класічнага любоўнага трохвугольніка. П’есу, напісаную ў форме дзённіка галоўнага героя, рэжысёр пазначыла як “выпадак з жыцця” і здолела ператварыць у сюжэтныя сцэнкі на гарадскім даху. Дзе галоўны герой Саша балансуе не толькі фізічна, але і маральна, імкнучыся захаваць раўнавагу ў нашым няпростым і вельмі фінансава арыентаваным свеце. І яго пытанне: “Ці чуеш ты, як спяваюць эльфы?” — становіцца рамантычным кантрапунктам гэтаму.

Чацвёртай гераіняй спектакля стала вопытная актрыса Яўгенія Канькова, якая іграе маму адной з дзяўчат. Яе роля гратэскавая, трагічная і элегічная адначасова.

А верш Марыны Цвятаевай у выкананні актрысы выклікае апладысменты гледачоў.

Дэкарацыі галоўнага мастака тэатра Таццяны Стысінай надзвычай удала ўпісаны ў канву спектакля, які ўжо стаў хітом гомельскай тэатральнай публікі ўсіх узростаў.

Алена Парфіяновіч, infong@sb.by

Фото Алега Белавусава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter