Словазлучэнне «першабытны лес» выклiкае ўстойлiвыя асацыяцыi з прыродай Амазонкi. Непраходныя джунглi, высачэзныя дрэвы, лiяны... Але ў вучоных свае крытэрыi, па якiх той цi iншы лес можна назваць першабытным. I ў Беларусi такiя лясы ёсць. Карэспандэнт «Р» сустрэлася з вучонымi i даведалася, цi шмат такiх лясоў i як карта, якая складаецца, дапаможа экалогii?

Зялёная памяць
Пошукам першабытных лясоў займаюцца вучоныя Iнстытута эксперыментальнай батанiкi iмя В. Ф. Купрэвiча НАН Беларусi сумесна з Франкфурцкiм заалагiчным таварыствам i грамадскай арганiзацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Па словах загадчыка лабараторыi прадуктыўнасцi i ўстойлiвасцi раслiнных супольнасцей Максiма Ярмохiна, зараз «закiнутыя» лясы шукаюць на Палессi:
— Што такое першабытны лес? Гэта лес, не зменены чалавечай дзейнасцю. Асноўныя яго прыкметы — наяўнасць старых дрэў, як жывых, так i адмерлых, сустракаюцца дрэвы рознага ўзросту — ад 1—2 да 200, 300 i больш гадоў, — некалькi ярусаў дрэў i адсутнiчаюць сляды высечак... Згодна з крытэрыем, да першабытных лясоў адносяць масiвы, дзе не менш за 10 працэнтаў дрэў мае узрост ад 120 гадоў, а ўся раслiннасць — натуральныя насаджэннi.

— Раней у нас адсутнiчалi адзiныя падыходы па аднясеннi той цi iншай тэрыторыi да катэгорыi асаблiва ахоўнай. У адным раёне ахоўваецца сасновы лес узростам ад 80 гадоў, а ў другiм — ад 120 гадоў. Таму наспела неабходнасць унiфiкаваць гэтыя нормы, якiя расставяць кропкi над «i» ў пытаннi, што для Беларусi з’яўляецца рэдкiм, — тлумачыць актуальнасць працы Максiм Ярмохiн.

Дзе не ступала нага чалавека
У рамках Канвенцыi аб бiялагiчнай разнастайнасцi шэраг краiн спрабуе захаваць участкi лясоў, якiя цi нiколi не закраналiся гаспадарчай дзейнасцю, цi ўмяшанне чалавека ў iх амаль незаўважнае. Яны найбольш каштоўныя, бо з’яўляюцца эталонам таго, як павiнен выглядаць лес без умяшання чалавека. Акрамя гэтага, яны з’яўляюцца месцамi канцэнтрацыi рэдкiх вiдаў раслiн i жывёл пад пагрозай знiкнення. Наша краiна далучылася да агульнай тэндэнцыi i ўшчыльную занялася даследаваннем патэнцыяльных кандыдатаў на званне «першабытных».

— Яскравым прыкладам першабытных лясоў можа служыць лес Амазонкi, тайга у Комi i Карэлii. А цi ёсць такiя лясы ў нас? — задаецца пытаннем Максiм Ярмохiн. — Хвоя i елка, напрыклад, могуць расцi да 400 гадоў, дуб — яшчэ даўжэй. Пры гэтым узрост рубкi складае 80 гадоў, таму знайсцi рэлiктавыя дрэвы няпроста. У краiне ёсць 3 найбольш верагодныя варыянты першабытных лясоў: сасновыя лясы на верхавых i пераходных балотах, чорнаальховыя лясы на нiзiнных i пераходных балотах, лясы ў поймах рэк. Асноўныя пошукi мы засяродзiлi на забалочаных участках. У многiх лесабалотных экасiстэмах дрэвы невысокiя, 5—7 метраў, але iх узрост — 200—250 гадоў. З гаспадарчага пункту гледжання яны нецiкавыя, таму захавалiся. Большасць з iх знаходзiцца ў Вiцебскай вобласцi i на Палессi. Па нашых папярэднiх даных, плошча першабытных лясоў у беларускай частцы Палесся можа складаць ад 10 000 да 100 000 гектараў.

Што пакажа карта
Беларусь у параўнаннi з краiнамi ЕС знаходзiцца не на самым апошнiм месцы па наяўнасцi плошчаў, дзе захавалiся першабытныя лясы. I гэта нягледзячы на тое, што рэлiктавыя лясныя масiвы пацярпелi падчас масавага асушэння ў сярэдзiне мiнулага стагоддзя.

Для падлiку плошчы першабытных лясоў вучоныя выкарыстоўваюць планы лесанасаджэнняў, у якiх па кожным участку адлюстраваны ўзрост i пароды дрэў. Даследчыкi выключаюць участкi, размешчаныя ўздоўж дарог, каналаў i населеных пунктаў. Астатнiя тэрыторыi супастаўляюць з гiстарычнымi картамi, а затым выпраўляюцца ў экспедыцыi i непасрэдна на месцы вызначаюць узрост дрэў. Робяць гэта з дапамогай адмысловага ўзроставага свiдра. З яго дапамогай можна палiчыць колькасць гадавых кольцаў у канкрэтнага дрэва. Прааналiзаваўшы сабраныя даныя, на карце адзначаюць межы першабытных лясоў.
Усяго ў Беларусi мяркуецца вылучыць не менш за 150 000 гектараў такiх лясоў. Яны могуць быць не толькi на асаблiва ахоўных прыродных тэрыторыях, але i за iх межамi, дзе спатрэбiцца ўводзiць дадатковыя меры па ахове. За першыя два палявыя сезоны ўжо перадалi пад ахову каля 50 000 гектараў. Сёлета вучоныя працуюць пераважна ў паўднёвых раёнах краiны.
gorbatenko@sb.by