У кожнай чыстай крыніцы і сівога валуна ў Беларусі ёсць свае легенды і паданні

Аб чым маўчаць вада і камень

Пералічыць усе крыніцы ў нашай краіне не атрымаецца нават у самага заўзятага географа -- у краі, дзе водныя прасторы складаюць значную частку тэрыторыі, гэта непасільная задача. Тая ж самая гісторыя і з валунамі -- занадта шмат прынёс іх некалі на сваёй магутнай спіне ледавік. Спрадвеку людзі ставяцца да вады і камянёў з глыбокай павагай. І тыя не застаюцца ў даўгу. Прынята лічыць, што многія крыніцы і камяні-следавікі (так называюцца валуны, на якіх бачны адбіткі слядоў звяроў ці людзей) -- не проста прыродныя помнікі, а сапраўдныя містычныя месцы, якія валодаюць сілай вылечваць хваробы і дапамагаць у няшчасцях.

Вада-вадзіца, божая памачніца


Як правіла, крыніцы не замярзаюць у самы люты мароз, і вада ў іх застаецца прахалоднай нават у гарачае надвор’е. Гэта дзіўная ўласцівасць здаўна спрыяла іх шанаванню. Каля крыніц будаваліся капліцы і цэрквы, ствараліся манастыры.

Крыніца Свята-Успенскага Пустынскага манастыра

У гэтай крыніцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Пустынскага Успенскага манастыра, ёсць свая легенда. У 1380 годзе мсціслаўскі князь Сямён Лугвен (бацькам якога быў Альгерд, а дзедам Гедымін) захварэў і амаль аслеп. У сне з’явіўся да яго сівы старац і сказаў: “Калі хочаш пачаць бачыць, ідзі ў пустыню, знайдзі там крыніцу і абмый вочы”. Князь паслухаўся парады і сапраўды адразу ж ачуняў. І першае, што ён убачыў, быў абраз Найсвяцейшай Багародзіцы ў галінах дрэва над крыніцай. Аздароўлены князь загадаў на гэтым месцы ўзвесці манастыр, а над крыніцай паставіць капліцу, якая стала першым манастырскім збудаваннем.

Святыя крыніцы Жыровічаў

У Жыровічах існуюць тры крыніцы, якія шырока вядомы паломнікам і падарожнікам. Адна з іх б’е пад Свята-Успенскім саборам манастыра -- у тым месцы, дзе паводле падання ў XV стагоддзі пад ігрушай з’явілася ікона Божай Маці, пазней названая Жыровіцкай. Яшчэ адна крыніца знаходзіцца ў двух кіламетрах на паўднёвы ўсход ад сабора і называецца Новай. А за паўтара кіламетра на захад ад сабора ва ўрочышчы Вікня размешчана так званая Старая святая крыніца. Да жыровіцкіх крыніц штодня прыязджае вялікая колькасць жадаючых набраць вады ці акунуцца ў добраўпарадкаваных купелях.

Крыніца Святога Мікалая ў Лагойску

Крыніца ў Лагойску з’яўляецца адной са славутасцей горада. Знаходзіцца каля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, з-пад якога і бярэ свой пачатак. Крыніца аб’яўлена гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння. У 2005 годзе была асвечана Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Лічыцца, што вада яе гаючая, вылечвае ад шматлікіх хвароб.

Палыкавіцкая крыніца

У Палыкавічах знаходзіцца крыніца, вядомая далёка за межамі Магілёўшчыны яшчэ з XVI стагоддзя. Размяшчаецца яна ў глыбіні прыгожага яра каля ракі Днепр. Над крыніцай калісьці былі каменны грот і капліца Святой Параскевы Пятніцы. Кажуць, што яе наведваў сам расійскі імператар Мікалай II з жонкай. Лічылася, што вада крыніцы валодае найбольшымі гаючымі ўласцівасцямі на восьмую або дзясятую пятніцу пасля Вялікадня. Менавіта ў гэты час сюды з’язджаліся шматлікія паломнікі. Аж да рэвалюцыі існавала павер’е, што кожная дзяўчына ў ваколіцы абавязкова павінна прыйсці пешшу і пакланіцца крыніцы, каб знайсці добрага жаніха і здабыць шчасце ў сямейным жыцці. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі храм быў разбураны. Праз шмат дзесяцігоддзяў на гэтым месцы на дабрачынныя ахвяраванні вернікаў быў узведзены новы.

Блакітная крыніца

Размешчана ў Магілёўскай вобласці за восем кіламетраў на паўднёвы ўсход ад горада Слаўгарада. Вада тут б’е з глыбіні 200 метраў і прызнана эталонам чысціні падземных вод у Беларусі. Крыніца вядома са старажытных часоў як Сіні калодзеж. Тут сапраўды ўтварылася маленькае круглае азярцо з вадой ізумруднага колеру. Справа ў тым, што вадзяная шахта Блакітнай крыніцы перасякае пад зямлёй крэйдавую пароду, якая і дае вадзе незвычайны насычаны блакітны колер. Гэта месца пастаянна наведваюць шматлікія турысты і пілігрымы, але асабліва шматлюдна тут 14 жніўня, на Макавея. Як распавядаюць старажылы, у даўнія часы вада з гэтай крыніцы біла на вышыню чалавечага росту, але і цяпер, не маючы такога напору, яна выцякае з крыніцы з хуткасцю каля 60 літраў у секунду.

Каменныя дзівосы


Легенды і паданні распавядаюць, што Божая Маці час ад часу спускаецца з нябёсаў і ходзіць па зямлі, таемна дапамагаючы нямоглым. Адным з доказаў гэтага лічацца сляды з адбіткамі яе ступеняў на камянях. Такіх валуноў у Беларусі некалькі дзясяткаў. На некаторых побач са следам нагі можна заўважыць ямку -- лічыцца, што гэта адбітак Багародзіцы.

След Божай Маці

Адзін з самых вядомых следавікоў знаходзіцца ў Жыровічах. Згодна з паданнем, менавіта на ім з’явілася ікона Жыровіцкай Божай Маці ў XVI стагоддзі. А пасля таго як Багародзіца знікла, засталіся сляды далоні і пальцаў яе правай рукі. Сёння камень знаходзіцца ў Свята-Успенскім храме Жыровіцкага манастыра пад Высокім прастолам пасярэдзіне царкоўнага алтара. Лічыцца, што ён лечыць ад усялякіх хвароб, а таксама дапамагае бяздзетным жанчынам, вылечвае іх ад бясплоддзя, маладым дзяўчатам дае добрага жаніха. Кажуць, што нават дочкі ўсемагутных магнатаў Вялікага Княства Літоўскага маліліся тут аб удалым шлюбе.

Вялікі камень

Знаходзіцца за паўтара кіламетра ад вёскі Вялікі Поўсвіж у Лепельскім раёне і мае некалькі адбіткаў. Выразна акрэслены след левай нагі чалавека, а побач -- сляды лап невялікіх жывёл. На Вялікдзень, Дзяды і іншыя святы сюды прыходзяць людзі і прыносяць з сабой сімвалічныя ахвяры: яйка, булку ці грошы. Па адной з версій, святым камень лічыцца таму, што яго скінуў з неба сам Бог. Другое паданне кажа: калісьці сонца так пякло, што растапіла нават камяні, і яны сталі вадкімі. У гэты момант ішла па зямлі Багародзіца. Ад спёкі яна стамілася і нават не заўважыла, як ступіла на мяккі камень. А за ёй беглі кот і сабака. Так і засталіся з тых часоў на валуне жаночыя сляды і слядкі маленькіх жывёл.

Тураўскія крыжы

Паводле легенды, калісьці гэтых крыжоў было дванаццаць, а прыплылі яны ў горад з Кіева па рацэ Прыпяць адразу пасля хрышчэння Русі, прычым рухаліся супраць плыні. Зараз адзін знаходзіцца на Замкавай гары, яшчэ два -- у Ільінскай царкве. Але галоўны тураўскі цуд -- каменны крыж, што расце з зямлі на тым месцы, дзе ў свой час стаяў Барысаглебскі манастыр і дзе жыў Кірыл Тураўскі. Цяпер тут засталіся толькі могілкі. За год крыж вырастае на пару сантыметраў. Акрамя таго, на каменнай паверхні можна разглядзець малюнак, які мае ўласцівасць мяняць абрысы. Так, адзін час на ім можна было ўбачыць двух анёлаў і пяцілістнік. Крыж сапраўды робіць уражанне чагосьці жывога. Нават зімой у моцныя маразы ад яго зыходзіць цяпло.

Каменныя дзевачкі Палесся

Каля вёсак Баравое і Данілевічы Лельчыцкага раёна ёсць валуны, якія ў народзе называюць каменнымі дзевачкамі. На Вялікдзень прынята іх апранаць. Мясцовая легенда распавядае, што неяк даўным-даўно маці з дачкой жалі жыта. Дачка ці загулялася, ці загледзелася і не пачула, як маці яе кліча снапы збіраць. Тая раззлавалася і сказала: «Каб ты каменем стала!» Загрымеў гром -- і дачка скамянела. Разам з ёй ад гора скамянела і недарэчная маці. На працягу года, і асабліва на Вялікдзень, «дзевачкам» нясуць аброк: фартухі, хустачкі, цукеркі, кветкі, ягады, фарбаваныя яйкі і кулічы. Лічыцца, што камяні дапамагаюць пазбавіцца ад алкагалізму і розных хвароб.

Нявесцін камень

Велізарны, больш за 2 метры вышынёй, валун, адзін бок якога мае роўную, нібы скошаную паверхню, стаіць недалёка ад трасы Мінск -- Вільнюс, у 5 кіламетрах ад Ашмян. З ім звязаны цэлыя тры паданні. Па адным з іх у валун ператварылася дзяўчына, якая кінулася ў роў, поўны вады, услед за патанулым жаніхом. Па іншай легендзе тут пахавана манахіня. Паводле яшчэ адной версіі, камень прадстаўляе сабой алтар паганскага капішча, дзе ў дахрысціянскія часы нашы продкі бралі шлюб. У мясцовых жыхароў ёсць прыкмета: калі маладыя перад шлюбам не сходзяць да каменя, сямейнае жыццё не складзецца або ў пары не будзе дзяцей.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter