Аб чым «хвалюецца» Абстэрна?

Бераг Абстэрна каля дзіцячага санаторыя «Расінка» ў Міёрскім раёне мне нагадаў пра дыханне Балтыйскага мора. Возера гэта сапраўды ўражвае сваёй суровай веліччу, неабсяжнасцю, прыроднай моцай. І хвалі ў яго — незвычайныя, быццам марскія, у начы шэпчуць-шэпчуць нешта пад матыў гуляй-ветра, у дзённую летнюю спякоту накатваюцца на жоўценькі пясочак, каб пакінуць след сваёй свежасці і прахалоды на ціхім беразе. Невыпадкова і дзіцячы санаторый на беразе Абстэрна назвалі «Расінка» — росы тут раніцай асабліва шчодрыя, быццам у кожнай іх кропельцы хаваецца сакрэт здароўя. Так што лепшага месца для аздараўлення на Беларусі і шукаць не трэба, бо, вядома ж, лекі прыроды самыя надзейныя і патрэбныя.

Толькі аквапарку                   і не хапае ?
«Расінка» — адзіная дзіцячая здраўніца ў ланцужку Браслаўскіх азёр. Дакладней — з Абстэрнаўскай групы азёр (а іх 13) пачынаецца сістэма Браслаўскіх, пра якія слава ідзе на ўвесь свет.
Абстэрна, Важа, Набіста — у Міёрскім раёне, а ўжо суседняе, звязанае з імі вузкай пратокай возера Укля, — у Браслаўскім. Ды што там адміністрацыйны падзел, калі сама прырода межаў не прызнае. Санаторый у гэтым месцы — проста абавязаны быў з’явіцца. Так і здарылася ў       1987 годзе. Належыць ён санаторна-курортнаму прадпрыемству «Белаграздраўніца». Чатыры гады таму «Расінцы» была прысвоена першая катэгорыя.
Першае, што кідаецца ў вочы, — адмысловы дызайн усёй тэрыторыі здраўніцы. І справа не столькі ў фантанах, альтанках, мастках і драўляных казачных персанажах. Малымі архітэктурнымі формамі сёння мала каго здзівіш, хаця і гэта важна. Любы куточак у санаторыі і нават тэрыторыя вакол яго сведчаць: тут прывыклі працаваць з любоўю, а чысціня і парадак — звычайнае правіла, без якога і дня не пражыць. І калі чысціня і густ дапаўняюць адзін аднаго, гэта і ёсць гармонія.
За дванаццаць апошніх год тут пабывала на аздараўленні больш за 40 тысяч дзяцей. Добрыя кантакты ўсталяваліся з мазыранамі. Школьнікі Мазыра сюды прыязджалі штогод і пакідалі ў кнізе водгукаў самыя цёплыя словы ўдзячнасці любай «Расінцы». Асаблівую пахвалу дзятва і раней і зараз выказвае супрацоўнікам сталовай (стравы разнастайныя і вельмі смачныя), дактарам, якія вельмі ўважлівыя, выхавацелям, якія штодня прыдумваюць ім розныя забавы.
Але вось чаго не хапае такому выдатнаму санаторыю, дык гэта стабільнага трывалага берага. «Як гэта?» — запытаецеся вы. Няўжо бераг сапраўды плавае? Ну калі не плавае, дык знікае. Неяк прачнуліся насельнікі нашай цудоўнай  «Расінкі» і бачаць — сосны, якія ўпрыгожвалі бераг возера, павалілі халодныя хвалі. Супрацьстаянне сушы і вады — гэта не легенда, гэта рэальнасць азёрнага краю.
— За адну ноч 27 дрэваў «змыла» з берага, — расказвае дырэктар санаторыя Іван Паплаўскі. — Вось і вырашылі заказаць праект «Умацаванне берага дзіцячага санаторыя «Расінка» на возеры Абстэрна з добраўпарадкаваннем пляжнай зоны». Мы вельмі ўдзячныя, што нашы праблемы зразумелі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У 2005 годзе Мінпрыроды выдаткавала на пачатак будаўніцтва 80 мільёнаў рублёў.         У 2006-м на рэалізацыю праекта паступіла яшчэ 208 мільёнаў з Фонду аховы прыроды.
З гэтага года работы па праекце «замарожаны». Санаторый, што мог, сваімі сіламі зрабіў, ды і раённыя ўлады ўбаку не застаюцца. Па праграме добраўпарадкавання тут працуе брыгада з цэнтра занятасці насельніцтва. Але будоўля пляжнай зоны з умацаваннем берагавой лініі патрабуе ўдзелу прафесійнай меліярацыйнай тэхнікі.
— Нам удалося пабудаваць прычал. На даўжыню зоны, а гэта 230 метраў, забіты сваі і адліта пятая частка парапетаў, — тлумачыць Іван Паплаўскі. — Ці будзе канчаткова рэалізаваны наш праект — пытанне застаецца адкрытым.
Сумненні Івана Уладзіміравіча зразумець можна: сродкі на ўмацаванне берага дзіцячы санаторый сам не заробіць, хаця і так дзеля эканоміі  ложкі самі рамантуюць і вырабляюць, бялізну шыюць. Санаторый чакае дапамогі, як тонучы чакае выратавальнае кола. Бо гаворка ж пра тое, без чаго ніводнай дзіцячай здраўніцы не абысціся. А згадка пра аквапарк — гэта аўтарская фантазія. Хаця, згадзіцеся, надышоў час, калі і аквапарк у гэтых чароўных мясцінах быў бы, як залатая манетка.
Для Івана Паплаўскага лёс і будычыня дзіцячага санаторыя — быццам на карце жыцця яго асабісты мегаполіс. І прынцып дырэктара ясны без дадатковага тлумачэння: кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы ў аздараўленчай установе павінна быць утульна і здорава. Бо добрыя эмоцыі, як лекі. Прыгадвае дырэктар, як нейкія бацькі з Санкт-Пецярбурга прывезлі сюды сваю дачку. Гавораць, дзе толькі ні былі, ёй не падабалася. І раптам з Абстэрна дзяўчына з’язджаць не захацела.
Каб спазнаць сапраўдны дух гэтых мясцін, мы адправіліся на пошукі самай сівой легенды, якімі звычайна поўніцца азёрны край.
Геаграфічна «Расінка» месціц-ца на паўвостраве каля вёскі Мурашкі, у якой са сталых жыхароў засталося, можа, адзін-два. Але паўвостраў улетку нагадвае сапраўдны мурашнік — яго аблюбавалі аматары беларускай экзотыкі, якія тут ва ўсю будуюць дачы-катэджы. Легенды гэтая кагорта наўрад ці збірае, таму наш шлях быў адразу ў Пераброддзе, гэта кіламетры тры ад «Расінкі». Вельмі знакамітая вёска! Бо ў ёй сапраўдныя артысты-спевакі нараджаліся, і народны хор «грымеў» на ўсю Беларусь.
Калі ехаць у Браслаў з віцебска-полацкага боку, дык па дарозе адкрыецца вам нечаканая сустрэча з блакітнымі азёрамі, цераз якія пашчасціць пераехаць дзякуючы «броду». На гэтым бродзе і з’явілася мястэчка Пераброддзе. Гавораць, за вёскай ёсць валун-следавік, гэта значыць — са следам нагі чалавека. Намеснік дырэктара Перабродскай школы-сада Наталля Самсановіч адразу ж з задавальненнем вызвалася правесці нас да валуна.
— У наваколлі археолагі знаходзілі прылады чалавека з каменнага веку: наканечнікі коп’яў, стрэлаў, скрэблы, сякеры, — расказвае Наталля Віктараўна. — Камень з адбіткам ступні чалавека невядома колькі эпох ляжыць сабе сярод хмызняку, і толькі можна здагадвацца, ці то першабытныя людзі вызначалі межы ўладання сваіх плямёнаў, ці то рэшткі выканання рытуальных паганскіх абрадаў. Мы прытрымліваемся другой версіі. Бо старажылы гавораць, да валуна доўга сцежка не зарастала.
Гісторыкі сведчаць, што назвы тутэйшых азёр Абстэрна, Набіста,  Укля засталіся ад балцкіх плямён, якія часткова выселілі да ІХ стагоддзя крывічы. У пісьмовых крыніцах Пераброддзе ўпершыню прыгадваецца ў прывілеі польскага караля Сігізмунда Аўгуста 25 чэрвеня 1571 года. У ёй гаворыцца, што за дапамогу войску пераправіцца цераз брод, мясцовым рыбакам даруецца Магдэбургскае права — права гарадскога самакіравання. Хоць і было на той час у Пераброддзі ўсяго 28 хат і 100 жыхароў. Пазбаўленыя прыгнёту феадалаў тутэйшыя жыхары дагэтуль захоўваюць гонар вольнымі звацца.
У ХVІІІ стагоддзі сюды ўцякалі падалей ад царскай улады Расіі стараабрадцы. 
Колькі войнаў перажыла гэта зямля, і не злічыць! Праз Пераброддзе ішлі то польскія, то шведскія, то рускія, то нямецкія войскі. А ў 1792 годзе кароль Станіслаў Аўгуст выдаў новую прывілею: мяшчанам Пераброддзя належыць развіваць сваё месца, будаваць магазіны, карчмы, цагельню, займацца рамяством. І быў зацверджаны герб Пераброддзя з надпісам «сцяг свабоды і адзінства». Але мара вяскоўцаў стаць гарадскімі так і засталася марай... Пасля ўваходу гэтай тэрыторыі ў склад Расіі Кацярына ІІ скасавала Магдэбургскае права гарадоў.
Перабродскі люд з пакалення ў пакаленне перадаваў сваю павагу да вольнасці, свой незалежніцкі нораў. І зараз ён адчуваецца ў менталітэце тутэйшых жыхароў.
Усе мае памкненні знайсці асобную легенду пра Абстэрна аказаліся беспаспяховымі. У Пераброддзі жывуць гісторыі пра рытуальны валун, пра брод, пра свабоду, пра народны хор. А пра возера — не. І падумалася: людзі прызвычаіліся да жыцця ля вады, бо для іх вада — само жыццё.
Між іншым, у дзіцячым санаторыі «Расінка» ўсур’ёз задумаліся над тым, што іх надзея і радасць возера Абстэрна дагэтуль не займела сваю легенду. Намеснік дырэктара санаторыя Жана Акачонак вырашыла аб’явіць конкурс сярод атрадаў на лепшае сачыненне. Калі ў вас таксама з’явілася жаданне напісаць  сваю легенду пра Абстэрна, дасылайце лісты ў рэдакцыю «Народнай газеты».

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter