Лёс вяскоўцаў у люстэрку часу

Аб чым гамоняць ушацкiя Петухi

ЦІХМЯНАЯ невялічкая вёска Петухі  з дзясяткам жыхароў  стала самай знакамітай не толькі ў сваім Ушацкім раёне, але і ва ўсім Прыдзвінскім краі. Яшчэ б,  наступае год Пеўня. А тут і вёска Петухі, і пеўні ці не ў кожным двары. У нядзелю, апошнюю, дарэчы, гэтага года, еду туды і я…


ДАМОВІЛІСЯ, што вёску старэйшына Тамара Макрыдзіна, дом якой у Жарах, за кіламетр ад Петухоў. Яна цяпер на пенсіі, а да гэтага 33 гады адпрацавала на мясцовым аддзяленні паштовай сувязі, якое цяпер закрыта, і абслугоўваюць насельніцтва з машыны.

Па расказе старэйшыны, назву Петухі вёска атрымала ад прозвішча чалавека, Петухова, які пасяліўся тут даўно. Хто ён быў і чым займаўся, дакладна ніхто не ведае. Ды і людзей з такім прозвішчам цяпер у Петухах няма. Жыве тут усяго дзясятак чалавек, ды і тыя больш пенсіянеры ці дачнікі. 

Тамара Іванаўна выдатна ведае ўсіх і называе па памяці, хто ёсць хто. Гэта Буйніцкія – маці Тамара і сын Мікалай. Яна на пенсіі, а ён жывёлавод у мясцовым сельгаспрадпрыемстве “Ільюшынскі”. Ігар Лёля, афганец, які жыве адзін, і дома яго не заўсёды застанеш. Аляксандр і Таццяна Сіткевічы, якія прыехалі з горада пасля выхаду на пенсію. Ірына Казачонак, якая вярнулася ў бабуліну хату. Старажыламі можна назваць Ніну Дайлідзёнак і Галіну Шарко з дачкой Любай. Да апошніх мы якраз і завіталі.

Аляксандр МАКРЫДЗІН з унукам Іллёй рыхтуюць пеўняў да паядынку

Дом іх на самым ускрайку, на невялікай горцы. Выглядае звонку яшчэ даволі моцным. Праўда, драўляныя рамы вокнаў заменены на пластыкавыя, а будачка студні перад домам пафарбавана ў вясёлы блакітны колер.

Галіна Міхайлаўна Шарко і яе дачка Люба сустрэлі ветліва. На прабачэнні за турботы толькі пасмяяліся. Маўляў, прывыклі за апошнія дні да наведвальнікаў. А паглядзець тут ёсць на што. Вялікі пакой дома нагадвае музей народнай творчасці: на сценах, ложку, канапе – самыя розныя вырабы з вышыўкамі: ручнікі, навалачкі і вялікія маляўнічыя карціны. А на самым прыметным і пачэсным месцы, на іконе на покуці – ручнікі з чырвонымі пеўнямі. 

Галіна ШАРКО перадае сваё майстэрства па вышыванні дачцэ Любе.

Ёсць у гаспадарцы і жывы певень. Аднак ён столькі “напазіраваўся” фотакарэспандэнтам, што “вырашыў” узяць невялікую перадышку, і аб пеўневым баі з суседскім не магло ісці і размовы. Яшчэ да 82-гадовага ўзросту трымала  Галіна Міхайлаўна і карову, але вымушана была развітацца з ёй. Самой патрэбен догляд, які робіць дачка Люба — у мінулым педагог і работнік адміністрацыі ў адным з рэгіёнаў Расіі.   

Галіна Міхайлаўна родам з Украіны, з Закарпацкай вобласці. А ў беларускіх Петухах аказалася паўвека таму назад з выпадку замужжа.

Здарылася гэта так. Галіна працавала ў бухгалтэрыі чыгуначнай арганізацыі, а  Іван Шарко, які на той час праходзіў у гэтых краях воінскую службу, будаваў чыгунку і прыносіў у кантору справаздачы аб зробленым. Дзяўчына з доўгай да пояса касой надта прыглянулася беларускаму хлопцу. Маладыя пазнаёміліся, узялі шлюб і пераехалі неўзабаве на радзіму Івана, у Петухі. Спачатку свякроўка, якая даўно сама прыгледзела яму мясцовую спадарожніцу жыцця, сустрэла нявестку ў штыкі:

— Сын, я не лічу, што ты жанаты. Я тваё вяселле не рабіла!..

Адтаяла, палагаднела  Тэкля  Данілаўна, а так яе звалі, калі закарпацкая нявестка прынесла двойню: Ваню і Васіля. Потым з’явіўся на свет яшчэ адзін хлопец, Анатоль, і дачка Люба.

Узяла нявестка і працавітасцю: і дома, і на калгаснай ферме, і звеннявой у паляводчай брыгадзе. І дагэтуль акуратна захоўвае ў каробачцы медалі “За працоўную доблесць”, “За працоўную адзнаку”, знак “Ударніку камуністычнай працы ХI пяцігодкі”. Тут жа пасведчанне дэпутата сельскага Савета па Петухоўскай выбарчай акрузе, выдадзенае ў 1971 годзе.
Старэйшая жыхарка Ніна Арцёмаўна ШАРКО з гарбузом, які вырасціла сама

З нагоды дэпутацтва Галіна Міхайлаўна прыгадвае, што не любіла маўчаць пра недахопы: цяжкую працу даярак, аб расхлябанай дарозе да вёскі ранняй вясной і позняй восенню. Гэта не надта  падабалася высокаму начальству, і ёй нават спрабавалі пісаць выступленні. Але яна гнула сваё…

Цяпер у Петухах зацішша, а раней, як прыгадвае свае маладыя гады Галіна Міхайлаўна, было тут ля сотні жыхароў і дужа весела. Збіраліся на вячоркі ў хату да Сцяпана Пугача, які вельмі добра іграў на скрыпцы. Старэйшыя жанчыны пралі, вышывалі, а моладзь – танцавала. І працягвалася гэта, пакуль скрыпач не перабраўся ў суседнюю вёску Жары.

Запомніўся і самы першы тэлевізар у вёсцы.  Набыла яго Юля Хаткевіч, бо ёй сын з Мінска прыслаў грошай. Набівалася ў петухоўскі “дамашні кінатэатр” паўвёскі, ад малога да вялікага. Потым  засвяціўся “блакітны экран”  і ў хаце  Галіны Шарко.

Любе, дачцэ Галіны Міхайлаўны, запомніўся самы інтэлігентны жыхар Петухоў Пётр Дайлідзёнак, бухгалтар мясцовага калгаса. Мо таму, што заўсёды хадзіў у капялюшы і з партфелем, а яшчэ ніколі не бачылі яго пад “градусам”. Дзіўна ж было тое, што чалавек спраўляўся са сваёй работай, не меўшы спецыяльнай адукацыі: закончыў сем ці то восем класаў звычайнай школы. 

Сама ж Галіна Міхайлаўна добрым словам узгадвае свайго мужа Івана Шарко: лепшы ў калгасе трактарыст і камбайнер, дом сваімі рукамі зладзіў і дзяцей вывеў у людзі. Сыны Іван і Васіль таксама былі добрымі механізатарамі, вырошчвалі хлеб.

НЯЛЁГКА лёс склаўся ў роднага брата Івана – Якава, таксама з Петухоў. З вайны ён вярнуўся паранены, інвалідам. Правая рука фактычна не дзейнічала. Яго выбралі старшынёй сельскага Савета. Узяў у жонку  Ніну Арцёмаўну, якая сёння жыве ў Жарах і ў студзені 2017 года павінна адзначыць свой 90-гадовы юбілей:

— Я любіла майго Якава, — цвердзіць яна. — І таму пайшла за яго, хаця ўсе на мяне крычалі: “Навошта ён табе, калека?!” А пражылі мы з ім душа ў душу 54 гады, выгадавалі чатырох дзяцей. Маю 5 унукаў і 7 праўнукаў. Усе мяне любяць, наведваюць. Бачыце, уся хата – у кветках.

Самы хадавы транспарт у Петухах у гэту пару — конь

А магло б усяго гэтага і не быць. У вайну Ніну  карнікі ледзьве не спалілі. Уцалела выпадкова. Ратавалася ў партызанскім атрадзе. Калі выходзіла з акружэння на прарыў, то  з адной блакады трапіла ў другую. Пасля вайны была звеннявой па лёне і брыгадзірам. Ездзіла, дзякуючы высокім ураджаям, на ВДНГ у Маскву.

Захапленне ў Ніны Арцёмаўны — беларускі фальклор. Ведае сотні песень, сама некаторыя складвае і спявае дагэтуль. Вось прыклад:

Убіта сцежачка, біта,

Пайшла кошачка ў жыта,

А за ёй шэры каток, 

Выбіў сцежачку, як ток.

Хто гэту сцежачку таптаў?

Яварка Ірыначку лавіў

І сцежачку гэту выбіў.

На жаль, зімовы дзень кароткі. З усімі жыхарамі Петухоў сустрэцца не ўдалося, як і паглядзець сапраўдны бой пеўняў. Праўда, яго ў сваім двары прадэманстравалі муж старэйшыны Тамары — Аляксандр і ўнук Ілля.

saulich@bk.ru

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter