Наш корреспондент прокатилась на новой технике передового сельхозпредприятия Вилейщины с поэтическим названием и пообщалась с молодыми хлеборобами

А зоры тут маладзёжныя

Уборачная кампанія на Міншчыне завяршаецца: 98 працэнтаў плошчаў збожжавых і зернебабовых культур убрана. Намалочана больш за 1 947 200 тон збожжа, сярэдняя ўраджайнасць складае 41 цэнтнер з гектара.

Сяргей Кезiк: «Праца на новай сеялцы мне ў радасць». 

Вынікі лепшыя, чым чаканні

На маляўнічай Вілейшчыне гэтымі днямі дасяваюць рапс, а з верасня пачнуцца пасеў азімых збожжавых культур і ўборка кукурузы. Па словах начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Вілейскага райвыканкама Леаніда Кудзелі, сёлетняя ўраджайнасць перасягнула ўсе чаканні:

— У параўнанні з паўднёвымі раёнамі вобласці зямля наша не адрозніваецца высокай урадлівасцю: сярэдні бал раллі на Вілейшчыне прыкладна 30. У раёне 14 сельскагаспадарчых арганізацый. У жніве ўдзельнічала 87 збожжаўборачных камбайнаў, пяць з якіх атрыманы сёлета. Сяляне ўбралі амаль 22 000 гектараў і намалацілі звыш 66 000 тон збожжа. Ураджайнасць — 30,6 цэнтнера з гектара, а гэта на 9,9 цэнтнера больш, чым летась. І, вядома, назаву нашых перадавікоў: ААТ «Нарачанскія зоры», філіял «Бубны» УП «Мінгаз», ААТ «Новая Любанія», СВФ «Юнік-Агра» ДП «Малочны гасцінец». Лепшыя маладзёжныя экіпажы хутка будуць узнагароджаны памятнымі падарункамі на раённым фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Просім Леаніда Кудзелю заехаць да працаўнікоў перадавой гаспадаркі — ААТ «Нарачанскія зоры». 45 кіламетраў ад райцэнтра — і мы ў азёрным аграгарадку.

Віктар Драчылоўскі і Леанід Кудзеля.

Кіраўнік гаспадаркі Генадзь Кучко з задавальненнем расказаў пра сваіх калег і дасягненнi ў працы:

— У гаспадарцы занята пад 300 чалавек. Калектыў дружны, усе працуюць з добрым зарадам і жаданнем. Намі ўбрана 1720 гектараў і намалочана больш за 9000 тон збожжа. Ураджайнасць склала 52,4 цэнтнера з гектара, а гэта плюс 10,9 цэнтнера да мінулага года. У нас самая вялікая колькасць маладых тысячнікаў у раёне. Гэта два маладзёжныя экіпажы на камбайнах і два маладыя вадзіцелі: Максім Абрамчык і Максім Гурскі. У гэтым сезоне мы купілі выдатную сеялку, а таксама некалькі грузавых МАЗаў. Аграному гаспадаркі Віктару Драчылоўскаму набылі новы пазадарожнік «Ніва», бо яму ледзь не круглыя суткі трэба быць на палях.

Віктар Уладзіміравіч садзіцца за руль «Нівы» і вязе нас па тэрыторыі гаспадаркі. Паказвае склад, дзе насенны фонд азімых культур пратручваецца без прамога кантакту з чалавекам: усё тут аўтаматызавана, аж да поўнай упакоўкі збожжа ў вялікія мяшкі, якія акуратна ўзважваюць і падпісваюць.

— Правільны тэмпературны рэжым і праветрыванне памяшканняў дазваляюць захаваць кожнае зярнятка. Глядзіце: было залатым, а стала ружовым, — паказвае цюкі са збожжам Віктар Уладзіміравіч. — Ураджай сабралі, цяпер важна яго захаваць.

Думаць пра хлеб надзённы

Трактарыст Сяргей Кезік прыехаў у «Нарачанскія зоры» з аграгарадка Іжа пяць гадоў таму. У гэтым сезоне яму даверылі працу на новай сеялцы:

— Падчас пасяўной у асноўным працую на трактары МТЗ-82. У гаспадарцы мяне ўсё задавальняе: і ўмовы працы, і разумнае стаўленне кіраўніцтва. Час цяпер няпросты — трэба шанаваць тое, што ёсць, і думаць пра хлеб надзённы. А нядаўна яшчэ адзін матыў добра працаваць з’явіўся: у нас з жонкай трохмесячная дачушка Соф’я расце.

Моладзі ў гаспадарцы сапраўды шмат. Знаёмімся з механізатарамі, якім яшчэ няма трыццаці.

27-гадовы Віталь Буцько за гэтую уборачную кампанію намалаціў на камбайне «Палессе» больш за 1,5 тысячы тон збожжа:

— Праца добрая. Колькі сябе памятаю, не расставаўся з аўтамабілямі і сельгасмашынамі: сам інжынер па адукацыі і загадваю гаражом у гаспадарцы, абслугоўваю аўтапарк з 19 грузавых машын.

Віталь Буцько і Аляксандр Гарэлік.

Слесар сельскагаспадарчай тэхнікі Аляксандр Гарэлік стаў у гэтым сезоне двухтысячнікам у адным экіпажы з бацькам Мікалаем Аркадзьевічам.

— Па адукацыі я інжынер-будаўнік, але знайшоў сябе ў гаспадарцы ў якасці слесара і механізатара. Больш за пяць гадоў працую тут, пайшоў працягваць справу бацькі, які 30 з лішнім гадоў працуе ў гаспадарцы. Улетку мы намалацілі больш за 2,5 тысячы тон збожжа на «Лексіёне» і для сям’і добра зарабілі, — усміхаецца Аляксандр.

З горада — у вёску

Вадзіцель Максім Абрамчык дазволіў мне сесці ў кабіну за руль грузавой машыны і трохі праехацца па мехдвары. У працэсе разумею, што кіраваць такім габарытным транспартам больш складана, чым легкавушкай. Раз-пораз гляджу ў бакавыя люстэркі, каб паставіць на ранейшае месца вялікі грузавік. Максім як цярплівы інструктар папраўляе і пасля прыпынку распавядае пра сябе:

— Скончыўшы ВНУ, прыехаў у Маладзечна і пераканаўся, што мне, выпускніку БНТУ, высокааплатную працу па спецыяльнасці «інжынер-праграміст» знайсці адразу нялёгка. Там пазнаёміўся з будучай жонкай, стаў думаць пра сям’ю. Вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны і папрацаваць у гаспадарцы. Добра, што сельгаспрадпрыемства прадаставіла жыллё ў бліжэйшым пасёлку Моргі і працу, якая аплачваецца дастойна. У нас нядаўна нарадзіўся сын Міхаіл. Умовы пражывання выдатныя. Свой дом, альтанка, трымаем курэй, апрацоўваем агарод. Не параўнаць з горадам.

Працаўнікі ААТ «Нарачанскія зоры» культывуюць глебу.

Праца ў гаспадарцы маладога спецыяліста радуе:

— Другі год працую ў «Нарачанскіх зорах», летась ездзіў на МАЗе старога ўзору, сушыў збожжа, гэтым летам на жніве амаль 2000 тон збожжа перавёз, заняў па раёне сярод моладзі першае месца. Зараз пераключыўся на падвоз кармоў скаціне, вось-вось пачнецца ўборка кукурузы... Спраў на зямлі хапае.


shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter