Сезон вялiкix клубнiц пачаўся. Як не пераплацiць за ласунак

— Клубніц у нас мала, а тыя, што ёсць, прывезены з Польшчы і з Украіны, — гавораць на Велазаводскім рынку Мінска. — Кілаграм каштуе каля 7 рублёў. Сваіх ягад у продаж пакуль не паступала.
На рынку ў Мар’інай Горцы клубніцамі гандлююць разам з гароднінай і садавінай. Як і чарэшня, яны пакуль выглядаюць экзатычным дарагім таварам. Толькі адзін прадавец сказаў, што ягады нашы прыехалі з Брэсцкай вобласці. Астатнія ахвотна расказваюць, што клубніцы ўкраінскія — з Херсона. Кошт усюды аднолькавы — 7 рублёў за кілаграм. Ягады буйныя, прыкмет псавання няма, таму скідваць цану на іх ніхто не спяшаецца.
На Камароўскім рынку клубніцы каштуюць крыху танней — 6,5 рубля за кілаграм. Калі надта пастарацца, на гандлёвых латках пад вечар можна знайсці ягады і за 5 рублёў, але і гэта не той кошт, за які клубніцы набываюць латкамі. Чырванабокія прыгажуні вабяць прыемным водарам, але купляюць іх мала: каб паласавацца ды папесціць дзяцей. Гаспадыні, якія ставяць на зіму кампот і варэнне, чакаюць нашых ягад.
Традыцыйна галоўным пастаўшчыком клубніц з’яўляецца Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці, а дакладней — вёскі Дворацкага сельсавета, тэрыторыя якога з’яўляецца самым буйным у краіне цэнтрам вырошчвання і рэалізацыі гэтай культуры. Ягады там вырошчваюць практычна ўсе мясцовыя жыхары. Кожны год яны прадаюць не менш за 3 — 4 тысячы тон духмянай, смачнай прадукцыі. Аляксандр Віднікевіч, старшыня Дворацкага сельсавета, расказаў, калі чакаць маштабнага гандлю мясцовымі клубніцамі:
— Клубніцы абавязкова будуць і сёлета! Ураджай чакаецца добры. Але маштабны гандаль пачнецца недзе праз тыдзень—другі. Нават у выхадныя ноччу ў нас былі замаразкі. З-за неспрыяльных умоў надвор’я вегетацыя прайшла пазней, адпаведна пазней пойдуць і ягады. Пакуль што іх зусім мала, таму зараз кілаграм можна набыць за 4 рублі.
![]() Лунінецкага раёна |
![]() з-за яжы ягады. |
Увогуле ж цана клубніц можа змяняцца некалькі разоў на дзень. Тавар гэты хутка псуецца, таму дарагія з раніцы духмяныя ягады могуць значна патаннець да абеду, а вечарам прадаўцы-прыватнікі зніжаюць кошт яшчэ ахвотней, каб прадаць прадукцыю хаця б па сабекошту і не панесці страты.
nevmer@mail.ru