А выкуп – на лаву!

Абрадавыя вяселлі гуляюць у кожнай вёсцы. Моладзь толькі “за”! Вядома, час уносіць свае карэктывы. Напрыклад, сёння святочнае адзенне нявесты, як і ўсюды, — бялюткая бальная сукенка…

У Лельчицким районе ў пашане вясельныя абрады і традыцыі. Наканавана ім доўгае жыццё ў мясцовых вёсках. Ды і работнікі культуры сумесна з сельскімі жыхарамі адраджаюць некаторыя з іх.

Абрадавыя вяселлі гуляюць у кожнай вёсцы. Моладзь толькі “за”! Вядома, час уносіць свае карэктывы. Напрыклад, сёння святочнае адзенне нявесты, як і ўсюды, — бялюткая бальная сукенка…

Дык вось, адпраўляемся на традыцыйнае лельчыцкае вяселле! Раней яго пачыналі гуляць у суботу, а прыступалі ў пятніцу. “У гэты дзень займаліся выпечкай каравая, суканнем вясельнай свечкі. Гэтыя абрады праходзілі як у доме жаніха, так і ў нявесты, — распавяла Марыя Тушынская, метадыст па фальклоры і этнаграфіі Лельчыцкага раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры. — Так робяць і цяпер. Кожны элемент “суправаджаюць” благаславенне і песня”.

Таксама ў доме нявесты ў пятніцу прыбіраюць маленькую ёлку — дрэўца ўпрыгожваюць каляровымі папяровымі кветкамі ўмелыя рукі сябровак нявесты — дружак. І тут усё няпроста: іх бяруць абавязкова няцотную колькасць. Дзесьці 7—9. Узростам — як нявеста. І сватоў па традыцыі — няцотны лік. У залежнасці ад колькасці радні, іх можа быць і пяць, і сорак адзін!

…Елку прыбралі, паставілі ў… бохан хлеба. Дакладней — у выразаную ў ім дзірку. Далей яе шлях — абавязкова на кут пад абразы. І тут дзяўчаты бяруцца за вянок — вырабляюць гэты цуд з каляровых папяровых кветак і стужак. Калі вяночак завіты, кожная сяброўка нявесты падымае левую руку вышэй галавы і трымае яго на ўказальным пальцы. Дзяўчаты ходзяць вакол стала і спяваюцць песню. А потым просяць у бацькоў той, што ўступае ў шлюб: “Благаславіце, бацька-маці, вянок на кут падаці”. І вешаюць вяночак таксама пад абразы.

Дарэчы, яшчэ ёсць адно абавязковае “правіла”: калі жанчыны ў пятніцу выпякаюць каравай, іх павінна быць таксама шчаслівы няцотны лік. Галоўнае — каб усе яны былі замужнія: ні ўдовы, ні развядзёнкі. Каравайніцы паставілі ў печ каравай — бяруцца за суканне свечкі. (Надта прыгожа абрады выпечкі каравая і сукання свечкі з пчалінага воску паказваюць на розных святах работнікі Новапалескага сельскага клуба.) Свечкі абвіваюць зялёным барвінкам і абавязкова, з верху да нізу, чырвонай ніткай. Яшчэ ўпрыгожваюць няцотнай колькасцю дробных папяровых кветак. А выпечаны каравай хаваюць у камору. Каб ніхто не адламаў ні кавалачка! Бо жыццё маладых не заладзіцца.

…У суботу пачынаюць вяселле. Ад жаніха едуць буяры. Іх перапыняюць перапоем госці нявесты: выносяць лаву, кладуць хлеб-соль, просяць выкуп. Спакон веку світа жаніха не абыходзіла хлеб, каб трапіць у двор. Нельга! У той час у хаце просяць благаславення завесці нявесту за стол. Туды яе суправаджае за хусцінку брат. Тым часам адабралі перапой у буяраў. І яны пад акном дома маладой пяюць: “Пышна, цешча, пышна. Проці зяця не вышла. Ці кажух не мае? Чаго зяця не страчае?” Маці і бацька нявесты з хлебам-соллю і пляшкай ідуць насустрач зяцю. Працягваюць адну чарку, потым другую. Ён іх вылівае праз левае плячо. І толькі трэцюю выпівае. Усіх запрашаюць у хату. Пачынаецца выкуп ёлкі. Ідзе сапраўдны гандаль з песнямі, прыпеўкамі (вельмі цікава гэты абрад праходзіць у вёсцы Ліпляны). Потым — выкуп месца ля маладой, зносяць свечкі (іх ставяць у бохан хлеба перад маладымі), дзяленне каравая, завіванне нявесты (павязваюць хустку). Збіраюць пасаг. На яго садзяць дзіця — звычайна хлопчыка, якога “ўзбройваюць” вялікай драўлянай лыжкай, каб ён ёй біў тых, хто хоча забраць пасаг без выкупу. Збіраюць у дарогу няцотны лік закасьянак. Гэтыя жанчыны павінны пасагам нявесты прыбраць дом  свякрухі. Едуць да маладога. Там гасцей страчае свякруха. І тут маладая абавязкова надзяе на яе фартух і называе мамай.

І так — абрад за абрадам. Пра ўсе не рассказаць, каб іх пабачыць, трэба на лельчыцкай зямлі пабываць…

Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter