Могилевчанка Ольга Мамаджанова совершила путешествие в Якутию

А тут суседзі — спрэс мядзведзі

Для магіляўчанкі Вольгі Мамаджанавай чарговы водпуск — магчымасць адкрыць новыя гарызонты
У кожнага свае прыярытэты. Адны копяць грошы на дарагую мэблю, другія мараць аб норкавым футры. А для магіляўчанкі Вольгі Мамаджанавай чарговы водпуск — магчымасць адкрыць новыя гарызонты, пракласці свае маршруты па загадкавых мясцінах і ў каторы раз адчуць радасць ад самога жыцця.

— Яно праносіцца з хуткасцю чыгуначнага састава, а ўбачыць хочацца многае, — канстатуе дзяўчына. Таму аб білеце да патрэбнай станцыі, дадае, клапоціцца загадзя. Дакладней кажучы, такіх жа апантаных спадарожнікаў шукае задоўга да таго, як начальства падпіша заяву на адпачынак і нарэшце настане час «ікс».

Наогул, прызнаецца, кожны ту­ры­стычны паход пачынаецца з мары. Яна сама адкрыла рамантыку падарожжаў у турклубе магілёўскага ліцэя № 1. Разам з яго кіраўніком Аляксандрам Радзьковічам школь­нікі вандравалі па Беларусі, па­бы­валі ў Карэліі, прайшлі па ўзбя­рэжжы і гарах Крыма. Потым, у час вучобы ў Бе­ларуска-Расійскім універсітэце, студэнтка Мамаджанава таксама старалася датэрмінова здаць экзамены, каб зноў адправіцца ў дарогу. Ад свайго захаплення дзяўчына не адказалася і тады, калі стала працаваць у магілёўскім аўтасэрвісе. Мінулым летам, падлічыла, па чыгунцы, пешшу і па вадзе пераадолела звыш 15 тысяч кіламетраў. Канчатковай кропкай падарожжа стала далёкая, суровая і непаўторная Якуція. 

Знаёмства з Якуціяй і яе жыхарамі аставілі самае яркае ўражанне. Фота з архіва Вольгі МАМАДЖАНАВАЙ  

На карце і глобусе Вольга паказвае гэты маршрут. Цягнік да Новасібірска, перасадка ў пасёлку Юкталі Амурскай вобласці. Потым — на грузавой машыне праз Станавы хрыбет. І вось ён, выток глухой таежнай ракі з дзіўнай назвай Амедзічы. Па ёй — да рэчкі Алдан. На жаль, адзначае турыстка, гэтую залатаносную водную артэрыю ў свой час неміласэрна эксплуатавалі. Берагі, дзе калісьці дабывалі золата, выглядаюць, як паверхня Луны: пустынны пейзаж, пясчаныя дзюны. Тыя ж мясціны, куды не дайшоў прагрэс, радавалі сакавітымі краявідамі: зялёнымі сопкамі і таежнымі лясамі. На сотні кіламетраў — ніводнай жывой душы. Толькі мядзведжыя сляды, начныя крыкі савы ды шум крылаў паўночных арлоў.

— Збіралі марошку, буякі, касцяніцы — у жніўні ў Якуціі на іх акурат сезон, — Вольга ўдакладніла, што лясы гэтай далёкай расійскай рэспублікі багатыя на грыбы, а рэкі — на рыбу, у тым ліку і ласасёвых парод. Так што паходныя сняданкі і абеды былі даволі смачнымі.

Запомніліся і сустрэчы. На ме­тэа­станцыі Суан-Ціт туры­сты-воднікі пазнаёміліся з сіноптыкамі. Да месца работы іх дастаўляюць на верталёце. А калі надыходзіць час водпуску, метэаролагі спускаюцца да ракі, чакаюць водную «папутку» — турыстычную, навуковую ці якую-небудзь іншыю экспедыцыю. Такая аказія можа здарыцца і праз дзень-другі, і праз тыдзень: Алдан — шлях не самы бойкі. Без сувязі з роднымі, у краі, дзе большую частку года правіць зіма і бліжэйшыя суседзі — мядзведзі, — так жыць і працаваць здолее не кожны. 

путешествие-ягода.jpg  

Дарэчы, сюрпрызы паўночнага клімату Вольга ацаніла і сама. Хаця ў Якуціі стаяла рэдкая для такіх шырот спёка — звыш трыццаці градусаў! — на адной са стаянак, дзе астанавілася яе група, ляжаў снег. «Яшчэ некалькі дзён таму ўсе загаралі, а тут нечакана папалі ў зімовае царства», — Мамаджанава ўспамінае, як весела было гуляць у снежкі сярод ле­та. Ці­каўнасць за­ставіла іх за­зірнуць і ў закінутую штольню, дзе калісьці здабывалі горны крышталь. На памяць аб гэтай прыгодзе яна прывезла дадому некалькі друз кварцу.

Тры тыдні па капрызных паў­ночных рэках, начлег у палатках, нашэсце гнусу, супраць якога беларускія камары — лёгкае раздражненне. Што застаўляе ту­рыстаў год ад года пакідаць утульныя кватэры, прэстыжную працу і мчацца насустрач невядомаму? «Чым далей ад мегаполісаў, тым край для мяне больш прыцягаль­ны, — прызнаецца Вольга. — Прырода там амаль у першарод­ным выглядзе, незбалаваныя цы­вілі­зацыяй людзі, больш адкрытыя, простыя, шчырыя. Знаёмства з імі і так званымі месцамі сілы надаюць энергіі, пазбаўляюць ад накопленага у гарадской мітусні негатыўнага асадка.

«За туманам і за пахам тайгі» едуць медыкі і бізнесмены, вучоныя і рабочыя. У такіх паходах, сцвярджае магіляўчанка, чалавек бачны такім, які ёсць. Наогул усе складаныя жыццёвыя формулы спрошваюцца: праблемы, якія ўчора здаваліся тупіковымі, невырашальнымі, пасля пераходаў па горных рэках, вечароў з гітарамі ля кастра і кашы з дымком здаюцца дробяззю. Калі вяртаешся дадому, па жылах цыркулюе ўжо іншы склад крыві, сцвярджае Вольга.

У яе актыве — пакораныя рэкі Алтая і Палярнага Урала, Карпаты і Абхазія. Дзяўчына не толькі дасканала асвоіла катамаран, але і рызыкнула падняцца на дэльтаплане. Новалукомльскае вадасховішча, Мірскі замак з вышыні птушынага палёту — ад такіх відаў, прызнаецца, перахоплівае дыханне. І ў якое падарожжа ні адправіўся б, разумееш, наколькі прыгожая і хрупкая наша планета. Асалоду, не сумняваецца Мамаджанава, можна атрымаць нават ад паездкі ў цягніку. Асабліва калі дарога праходзіць па БАМу. «Для мяне, — кажа, — раней гэта была проста абрэвіятура. І толькі пасля таго, як па ёй праехала, адчула і веліч прыроды, і сілу людзей, якія праклалі ветку праз горы, дрыгву і тайгу.

Якія планы на будучыню? Пакуль не загадвае. Аднак спадзя­ецца, што зноў «дамовіцца з жыццём», бо прыгожых мясцін, дзе марыць пабываць, на Зямлі шмат. А мары, прызнаецца Вольга, яна любіць таму, што яны здзяйсняюцца.

svet.markova@gmail.com

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter