АЎЦЮКОЎСКІЯ ЖАРТЫ

Гарантыя

— Ці чулі: у раён экстрасэнс прыязджае! За адзін сеанс можа пазбавіць ад усякіх хвароб, атлусцення, курэння. І ўсяго толькі за пяцьдзясят тысяч рублёў. А калі дабавіць яшчэ пяцьдзясят тысяч — дык, кажуць, нават і ад лысіны,— расказвае Апанас.

— Дык з’ездзі. Мо кіль дзесяць скінеш. Табе б не пашкодзіла, — заўважае Юзік.

— З’ездзі, з’ездзі, — паддаквае дзед Ларывон. — Ад атлусцення і лысіны экстрасэнс, можа, і не пазбавіць, а ад ста тысяч — абавязкова.

Не наш чалавек

— Я ў нядзелю іншапланецяніна бачыў, — кажа Пятрусь.

— Не можа быць, — дзівіцца Нічыпар.

— Можа. Вось паслухай. Заходжу я ў сталоўку. Там Язэп з Міхасём сядзяць. Прапусцілі мы па кілішку, а той якраз і заходзіць. Высокі, чырвонашчокі, здароўем так і пыхкае. Суп сабе заказаў, катлетку. А я яму чарку наліваю. «Выпі», — кажу. Ні слова ён не сказаў. Толькі галавой матае, што піць не будзе. Дык гэта ж сапраўды іншапланецянін: наш чалавек на дурніцу абавязкова выпіў бы.

Райская асалода

Завітала да бабкі Фядоры яе ўнучка, у шчаку чмокнула:

— Бабулька, ты ўсё аб раі марыш. Дык вось я табе з горада «Баўнці» прывезла — райскую асалоду. З’еш — у раі пабываеш! І ўсяго дзесяць тысяч каштуе.

— Не, не, мне такі рай не патрэбен, — адмахваецца бабка. — Падман усё гэта. За такія грошы і ў пекла не трапіш.

Барыс КАВАЛЕРЧЫК

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter