Кажуць, каб атрымаць уяўленне пра сутнасць гумару, трэба пабываць на Гомельшчыне, пад Калінкавічамі, у палескіх вёсках Малыя і Вялікія Аўцюкі. Чым той край Аўцюкоўскі славіцца, добра ведаюць землякі. Там жанчыны ўсе Калінкі, а мужчыны — Каласкі...
Ну а каб даведацца пра любімыя стравы тамтэйшых гаспадынь, варта пазнаёміцца з Нінай ЛЕШЧАНКА, кіраўніком народнага тэатра гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы».
Сёння Ніна Васільеўна — госць нашай кулінарнай рубрыкі і ахвотна дзеліцца арыгінальнымі рэцэптамі.
Кіслыя аладкі ад бабкі Агапкі
Спатрэбіцца 0,5 літра цёплай вады, 20 г дражджэй, дробка цукру і мука — столькі, каб замясіць цеста, падобнае на смятану. Накрыем цеста сурвэткай і пакінем адстойвацца на суткі — суткі з паловай...
Потым натром на дробнай тарцы 2—3 бульбіны, пасолім, дабавім крышку соды, змяшаем з цестам і пачнём пячы аладачкі. На стол такія аладкі лепш за ўсё падаваць са скваркамі. Вельмі смачна!
Аўцюкоўскія балабэнікі
Раскатайце дражджавое цеста і парэжце на квадрацікі. У кожны пакладзіце лыжку начынкі, прыгатаванай з 200 г тварагу, 2 яек, солі і цукру па смаку. Згарніце ражком і выпякайце. Да стала падавайце са смятанай.
Сыроватка
У літры малочнай сыроваткі зварыць 0,5 шклянкі прамытага проса. Дадаць крыху солі і цукру. Заправіць смятанай. Замест проса можна выкарыстоўваць рыс альбо грэчку.
Аўцюкоўскі квас асабіста для вас
Папярэдне замачыце на 4 гадзіны шклянку фасолі, а пасля змяшайце яе з 1,5 літра кіслага бярозавага соку. Дадайце 2 —3 сярэднія бульбіны, сушаныя грыбы, соль, перац і варыце на малым полымі. Пад канец варкі запраўце квасок кропам. Ужывайце халодным альбо гарачым.
«Вып’еце гэтага кваску — і забудзеце пра таску», — упэўнена сцвярджае Ніна Лешчанка, якая ад усёй душы жадае чытачам газеты «Рэспубліка» не губляць пачуцця гумару і прапануе некалькі каларытных мясцовых жартаў:
Каласок:
— Каліначка, хутчэй збірайся, паедзем у Гомель на кірмаш.
Калінка:
— А што мне, Каласок, збірацца? Рот закрыла дый паехала…
* * *
Калінка:
— Каласок, ты чуў, што мяне на кірмашы абазвалі дурніцаю?
Каласок:
— А я табе колькі разоў казаў: не хадзі туды, дзе цябе знаюць!