Аўтавакзалы і Інтэрнэт – на розных маршрутах...

Нядаўна знаёмая расказала мне, што яе сын, прыйшоўшы са школы, задаў нечаканае пытанне. Хлопец навучаецца ў восьмым класе, ездзіць дамоў на аўтобусе. Яго здзівіла, што на ўроках настаўнікі вучаць адным правілам, а з дынамікаў грамадскага транспарту гучыць адваротнае

Праехаўшыся ў гарадскім аўтобусе, сапраўды пачуў цікавую фразу. Удумайцеся, калі ласка, у яе сэнс: «Паважаныя пасажыры! У сувязі з прыняццем Закона аб правапарушэннях і каб не трапіць у дзяржаўны банк дадзеных аб правапарушэннях, адміністрацыя аўтобуснага парка папярэджвае вас пра неабходнасць безумоўнай аплаты за праезд». У адносна невялікім сказе можна налічыць некалькі памылак, і галоўная з іх — сэнсавая.

Са зместу сказа вынікае, што адміністрацыя аўтобуснага парка нагадвае пасажырам, каб тыя не ехалі без білетаў, бо ў гэтым выпадку менавіта яна, а не парушальнікі, апынецца ў банку дадзеных аб правапарушэннях. Хаця, па логіцы, павінна быць якраз наадварот. Правільна было б пабудаваць сказ па-іншаму, каб людзі дакладна зразумелі, хто і за што нясе адказнасць. А яшчэ памятаць пра тое, што трэба размяжоўваць словазлучэнні «плаціць за праезд» і «аплата праезду».

Падчас, аб’яўляючы на аўтавакзалах, у метро нейкую інфармацыю, яе аўтары не задумваюцца над сэнсам. У сталічным метро, прыехаўшы на канцавы прыпынак, пачуеш фразу: «Поезд далей не ідзе. Калі ласка, пакіньце вагоны!» А калі выйдзеш на перон, дзверы зачыняюцца, і цягнік рухаецца далей. Чалавек, які не ведае схему метрапалітэна, можа падумаць, што гэта яшчэ не канцавая станцыя. Правільней было б сказаць: поезд ідзе ў дэпо або ў тупік.

На аўтавакзалах, аб’яўляючы той ці іншы аўтобус, дыктар называе маршрут, а пасля дабаўляе: «З білетамі на 14 гадзін 30 хвілін» (час бяру ўмоўны). З гэтых слоў вынікае, што для безбілетнікаў, мабыць, потым будзе яшчэ адзін рэйс. Прычым бясплатны.

Дарэчы, дабіраючыся нядаўна з Пінска ў Столін, я спытаў у касе, ці ёсць білет на аўтобус да райцэнтра, які па раскладзе павінен быў прыбыць праз 15 хвілін. Жанчына за акенцам бескампрамісным тонам паведаміла, што білетаў пакуль няма. А ці будуць, стане вядома, калі прыбудзе аўтобус, што праз Пінск праходзіць транзітам. Пакуль ён прыйшоў, ля касы сабралася немалая чарга. Усе пасажыры набыць білеты не паспелі. Добра, што ў салоне на гэты раз усім хапіла месца. Аднак, па словах людзей, так бывае не заўсёды.

Ехаў са Століна — на аўтавакзале зноў такая ж карціна. Аўтобус будзе, але білетаў на яго няма. Калі камфартабельны «МАЗ» пад’ехаў да платформы, дзяўчына ў касе ўсхвалявана папярэдзіла: «Ой, бяжыце хутчэй, бо білет я не паспею прадаць! Аўтобус зараз адправіцца!»

Здаецца, у век Інтэрнэту можна было б валодаць інфармацыяй аб свабодных месцах, а за падказкай аб правілах мовы звярнуцца да навукоўцаў. На філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта я пацікавіўся ў выкладчыкаў, ці паступалі да іх такія просьбы хоць з адной арганізацыі? Пакуль не.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter