Аўтаномны прасвет

Беларускiм дуэтам “Аляксандра i Канстанцiн” зацiкавiлася праграма “Про СВЕТ” Дзмiтрыя Дзiброва, якая выходзiць на канале РТР (Расiя) кожную сераду.

Усё пачалося з таго, што два гады таму вядомаму расiйскаму музыканту Андрэю Мiсiну трапiў на вочы дыск “Аляксандры i Канстанцiна”. Андрэй Мiсiн быў у сярэдзiне 90-х прызнаны лепшым музыкантам Расii, цяпер ён пiша песнi для Крысцiны Арбакайтэ. Але ён па-ранейшаму неабыякавы да той музыкi, якая звязана з багатай славянскай культурай. “Аляксандра i Канстанцiн” з’явiлiся своечасова — даўно Андрэй Мiсiн не чуў нiчога падобнага. Беларускiя музыканты з iм сустрэлiся ў Маскве, у яго студыi. Мiсiн выказаў жаданне дапамагчы. Менавiта ён i пазнаёмiў удзельнiкаў дуэта з рэдактарам праграмы “Про СВЕТ”
Лёс iх выступлення ў новай праграме вырашаны, iншая справа, што чарговае з’яўленне беларусаў у гасцях у Дзiброва (першапраходцам быў мiнскi гурт “Нагуаль”) адбудзецца ў красавiку—маi. Аляксандры з Канстанцiнам застаецца чакаць свайго часу, тым больш што паказаць iм будзе што.
Нядаўна дуэт прадставiў свой новы альбом “Аўтаномная навiгацыя”. Паглядзiш на вокладку — нейкiя экзатычныя рыбкi ў свабодным плаваннi, фрагмент карцiны мастака Сяргея Лагачова. Саша з Косцем у нейкiм сэнсе нагадваюць тых рыбак: робяць у музыцы тое, што аднойчы выбралi, што iм падабаецца i выдатна атрымлiваецца i што не падобна нi на кога. Па сваёй волi робяць, хоць i з’яўляюцца артыстамi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. I нiякая мода на новую беларускую папсу, здаецца, не прымусiць iх з гэтага шляху сысцi.
Аляксандра:
— Стыль гэтага альбома можна вызначыць як этнаф’южн — музыка будучага. Мы жывём на гэтай зямлi, i больш за ўсё нам падабаецца працаваць з народнай песняй, якая дайшла з глыбiнь стагоддзяў. Але на розных фестывалях, у розных краiнах часта даводзiлася спяваць на iншых мовах. Таму ў новы альбом увайшлi песнi на англiйскай, польскай i нават лiтоўскай мовах.  Але асноўны матэрыял для альбома мы ўсё ж такi шукалi сярод беларускага песеннага багацця.
Працавалi над альбомам музыканты на адным дыханнi. Лiтаральна за два месяцы матэрыял быў гатовы. Усяго 16 кампазiцый. Акрамя таго, на дыску ёсць мультымедыя з клiпамi на песнi “Stairs of Separation” i “Святы вечор”. Для зацятых прыхiльнiкаў дуэта — здымкi з апошняй фотасесii.
Але адзначыць трэба вось што: дуэт паступова ператвараецца ў маленькi калектыў, дзе музычнае суправаджэнне ўжо не абмяжоўваецца гiтарнай партыяй Косцi ды гукамi акарыны ад Аляксандры. Да запiсу гэтага альбома дуэта далучылiся выдатныя беларускiя музыканты: бас-гiтарыст Аляксандр Калiноўскi, гiтарыст Вiктар Малчанаў, экзатычную перкусiю забяспечыў вядомы супрацоўнiцтвам з шэрагам калектываў iранец Масуд Талiбанi. Гэта гучыць ужо бадай што як паўнавартасны гурт з магутным дзявочым вакалам. Засталося вызначыць, хто дапаможа дуэту прадстаць ва ўсiм бляску ў праграме Дзiброва.
Канстанцiн:
— Мы пакуль што не ведаем, якiя патрабаваннi ў праграме “Про СВЕТ”, магчыма, можна будзе ўзяць пэўны склад музыкантаў. Нам важна, каб як мага больш гледачоў нас убачылi i зацiкавiлiся, важна падабраць такiя песнi, каб не адштурхнуць, каб спадабалiся людзям. Таму што ўзровень музыкi, якая гучыць у праграме, вельмi высокi. Гэта мяжа мараў...Нам вельмi хацелася б паказаць музыку з глыбiнь стагоддзяў, якая звязана менавiта з беларускай зямлёй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter