Працавітымі людзьмі, цікавым музеем, выставай запалкавых карабкоў, ляснымі прыгажунамі-аленямі багата гаспадарка, якая носіць імя былога кіраўніка Героя Сацыялістычнай Працы Івана Мельніка

Аўсянка: пад пільным вокам нашчадкаў Мельніка

ГОРАЦКАЯ вёска Аўсянка ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў 1695 годзе як шляхецкая ўласнасць Кішчацкага войтаўства Шклоўскага графства Вялікага Княства Літоўскага. 

У час Паўночнай вайны ў міжрэччы Проні і Басі грамыхалі баталіі. Па шляху з Горак на Магілёў праходзілі расійскія войскі на чале з генераламі-фельдмаршаламі Аляксандрам Меньшыкавым і Барысам Шарамецьевым.



Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе паселішча адыйшло да Копыськага, а потым Горацкага паветаў Магілёўскай губерні. Славілася вёска выбітнымі бондарамі, майстрамі пляцення з лыка і кары. Дзейнічалі млын, лесапільны завод. Адкрылася пачатковая школа. 

З першых гадоў савецкай улады Аўсянка ўвайшла ў Горацкі павет Гомельскай, а пазней Смаленскай губерні. З 1924 года яна ў Любіжскім сельсавеце Горацкага раёна Аршанскай акругі БССР, а з 1938-га — у складзе Магілёўскай вобласці. 

У гады калектывізацыі вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас. Мірнае жыццё перарвала вайна. З восені 1941 года пачала дзейнічаць падпольная група пад кіраўніцтвам Васіля Асюціна. Народныя мсціўцы не давалі спакою акупантам. Вясною 1943-га азвярэлыя гітлераўцы спалілі ў Аўсянцы 82 сялянскія падворкі, забілі 7 жыхароў. Мемарыяльным помнікам ушанавана памяць ахвяр вайны.

Пасля вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў аднавіў дзейнасць калгас. Людзі пачалі адбудоўвацца. У канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя гаспадарку ўзначаліў выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Іван Мельнік, якому ў 1985 годзе за высокія вытворчыя дасягненні прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Сельгаспрадпрыемства рэфармавана ў КСУП «Аўсянка імя І. І. Мельніка». У 2005-м вёска Аўсянка адной з першых у Горацкім раёне атрымала статус аграгарадка.

Загадчыца амбулаторыі Галіна ХАДАНКОВА і старшыня сельвыканкама Сяргей ГЛУШАКОЎ.

НАСУПРАЦЬ аўтобуснага прыпынку аграгарадка Аўсянка, куды прыехаў у чарговую вандроўку, на ўскрайку рунеючай хлебнай нівы кінуўся ў вочы валун з прымацаванай мемарыяльнай плітою, на якой выбіты партрэт Героя Сацыялістычнай Працы Івана Мельніка. Амаль 40 гадоў кіраваў ён калгасам “17-ы партз’езд”. Па запавету Івана Ігнатавіча прах яго развеялі над гэтым полем.

Перад адміністрацыйным будынкам у Аўсянцы легендарнаму старшыні ўсталяваны бюст. Гледзячы на знаёмую постаць, узгадаліся сустрэчы з Іванам Ігнатавічам. Хударлявы, стрыманы на эмоцыі, ён падкупаў сялянскай кемлівасцю. З брыдкасцю ставіўся да ўсялякага ўсхвальвання. Хваліцца вопытнаму кіраўніку было чым. Акрамя вытворчасці малака, ялавічыны, свініны, збожжа, лёну, па яго ініцыятыве ў калгасе стварылі звераферму, адкрыўся цэх па пашыву адзення з футра норкі, пясца, чорна-бурай лісіцы. Пачалі разводзіць аленяў. Гаспадарка неаднаразова прызнавалася прызёрам ВДНГ. Больш за 40 калгаснікаў мелі дзяржаўныя ўзнагароды.

Дырэктар гаспадаркі Дзяніс ДЗЕМЯНКОЎ.

Цэнтральная сядзіба перадавога калгаса пашыралася сучаснымі жылымі дамамі з усімі выгодамі. На свае сродкі ўзвялі Дом культуры, арыгінальны будынак сярэдняй школы з плавальным басейнам, дзіцячы садзік, сацыяльна-бытавыя памяшканні.

Са старшынёю сельвыканкама Сяргеем Глушаковым завіталі ў філіял раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, размешчанага ў прасторнай зале Дома культуры. На аздобленых фотаздымкамі стэндах адлюстравана гісторыя вёскі, калгаса. Асобны стэнд прысвечаны гераізму савецкіх людзей у Вялікую Айчынную вайну. Загадчыца філіяла музея Наталля Петрусенка расказала пра дзейнасць падпольнай групы, якую ўзначаліў старшыня калгаса Васіль Асюцін. Народныя мсціўны дапамагалі моладзі хавацца ад вывазу ў нямецкае рабства, збіралі зброю і перадавалі партызанам. Падпольшчыкаў выдаў ворагам здраднік, і акупанты іх расстралялі. Увогуле больш як паўтысячы жыхароў сельсавета знішчыла вайна. З 18 вёсак большую палову фашысты спалілі дашчэнту.

Галоўны эканаміст гаспадаркі Аляксандр ЧЭРНІКАЎ.

Ушанаваны ў філіяле музея слынныя землякі: Герой Савецкага Саюза Мікалай Шындзікаў, піянер-герой Пеця Шыцікаў, загінуўшы ў Афганістане воін- інтэрнацыяналіст Міхаіл Казлоў, савецкія генералы Сяргей Кулікоў, Парфірый Сталяроў, Валерый Васільеў, перадавыя хлебаробы, настаўнікі, медыкі, работнікі культуры. Ладзяцца ў Доме культуры выставы мастакоў, фатографаў. Экспанаваліся арыгінальныя палотны беларускага і савецкага жывапісца Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Узгадала Наталля Петрусенка, як амаль 40 гадоў таму пасля свайго вяселля з мужам прыехалі з Бялыніцкага раёна ў Аўсянку, пра якую грымела слава. Атрымалі пакой у інтэрнаце, а потым і чатырохпакаёвую кватэру, якую прыватызавалі. Муж Аляксандр Віктаравіч выкладае ўрокі працы ў сярэдняй школе. Тут выраслі іх дзеці. Цяпер яны маюць свае сем’і. Сын Уладзімір — кадравы афіцэр. Дачка Алена працуе ў мясцовай бальніцы. Зяць Аляксандр Кавалёў — механізатар.

Эканаміст гаспадаркі Уладзімір ЖУКАЎ.

У АМБУЛАТОРЫІ нас сустрэла памочнік урача Юлія Бычыхіна. Яна вярнулася з вёскі Сялец, дзе з брыгадай спецыялістаў Горацкай цэнтральнай раённай бальніцы на перасоўным пульмаскопе за дзень абследавалі сотню вяскоўцаў. З першых слоў вітання адчулася не тыповая для мясцовасці гаворка Юліі Юр’еўны. Расказала яна, што дыплом медыка атрымала ў Карагандзінскім медкаледжы. Маці яе, Надзея Піліпаўна, з Магілёўшчыны. У маладыя гады адправілася ўздымаць цаліну. У Казахстане выйшла замуж за Юрыя Піксімава. Сямёра дзяцей нарадзіла. Аўдавелая вырашыла вярнуцца на радзіму. Старэйшыя дзеці займелі сем’і і засталіся ў Казахстане. З дачкою Юліяй прыехалі да сваякоў у Беларусь. Даведаліся пра перадавы калгас “17 партз’езд”. Купілі дом у Аўсянцы, якая неўзабаве стала аграгарадком. Юлія выйшла замуж за мясцовага Яўгена Бычыхіна. Падрастаюць двое дзяцей. Дачка Настасся — школьніца, сын Мацвейка яшчэ ў дзіцячым садзіку. Маці Юліі Юр’еўны паехала адведаць сем’і сыноў у Казахстан і расказаць, як жывецца ў беларускім аграгарадку. Можа, загарацца жаданнем вярнуцца на зямлю продкаў.

Педагог Вольга ЮНАШАВА.

Амбулаторыя, у якой працуе Юлія Юр’еўна, разлічана на прыём у змену 20 пацыентаў. Дзейнічаюць стаматалагічны, акушэрскі, дзіцячы, фізіятэрапеўтычны, масажны, працэдурны кабінеты. Ёсць стацыянар на 20 ложкаў, аптэчны пункт. Усе медыцынскія работнікі забяспечаны жыллём.

Новы катэдж атрымала ад гаспадаркі шматдзетная сям’я Ірыны і Сяргея Сталяровых. Гаспадар з пачатку лета і зараз на магутным трактары нарыхтоўвае кармы для грамадскага статку. Пяцёра сыноў у Сталяровых. Старэйшы Уладзіслаў — механізатар на Шклоўскім ільнозаводзе, Кірыла служыць у арміі, Антон заканчвае сярэднюю школу, Арсень у дзіцячым садзіку. Самаму малодшаму Данілу пайшоў трэці гадок. Іх бабуля Валянціна Сідарава доіць кароў на малочна-таварнай ферме “Любіж”.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы Мікалай ПАЎЛАЎ з вучнямі.

Гаспадарка забяспечвае жыллём не толькі сваіх працаўнікоў, але і медыкаў, педагогаў, работнікаў культуры. Новая кватэра ў сям’і мастацкага кіраўніка Дома культуры Веранікі Станкевіч, для якой Аўсянка — родная вёска. Муж Канстанцін Міхайлавіч — ветурач. Захоплены калекцыяніраваннем запалкавых карабкоў. У Доме культуры экспануецца яго калекцыя. Вераніка Алегаўна кіруе мастацкай самадзейнасцю і завочна вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Народны ансамбль народнай песні “Аўсяніца” — лаўрэат міжнароднага фестывалю “Дзве Русі — дзве сястры”, які ладзіўся ў Смаленскай вобласці Расіі. Зараз самадзейныя артысты рыхтуюць канцэрт да прафесійнага свята хлебаробаў.

Мастацкі кіраўнік Дома культуры Вераніка СТАНКЕВІЧ.

ЭКАНАМІСТАЎ гаспадаркі засталі за падвядзеннем вынікаў сельскагаспадарчага года. Не ўсе паказчыкі радуюць сёлета. З кожнага з 3500 гектараў збожжавых намалочана па 28 цэнтнераў зерня, што амаль у два разы менш, чым у мінулыя гады, калі агранамічную службу ўзначальваў сённяшні дырэктар Дзяніс Дземянкоў. Трэці год ён кіруе КСУП “Аўсянка імя І. І. Мельніка”. Бацькі яго настаўнікі. Дзядуля загадваў рамонтнай майстэрняй, бабуля даглядала кормнікаў на свінакомплексе. Непакоіць Дзяніса Сяргеевіча зніжэнне валавога збору зерня. Галоўны эканаміст Аляксандр Чэрнікаў з калегай Уладзімірам Жукавым, ад якога пераняў кіраўніцтва службай, адзначылі, што найбольш поўніць казну малочная жывёлагадоўля. З 4 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы трэцяя частка — дойны статак. Сёлета сярэдні надой ад каровы перавысіць 6 тысяч кілаграмаў малака. Штодзённа амаль 20 тон яго адпраўляецца на Горацкі масласырзавод. Прычым 98 працэнтаў рэалізуецца сортам экстра. Рэнтабельнасць вытворчасці малака — звыш 40 працэнтаў.

Дзейнічае ў гаспадарцы свінакомплекс на 12 000 галоў. Ёсць і аленяводчая ферма, якую ўзначальвае Леанід Савельеў. Спецыяльнай адукацыі не мае, але за гады працы набыў вопыт. Раней колькасць жывёл дасягала паўтысячы. Цяпер на 180 гектарах засталося звыш 350 аленяў рознага ўзросту. Развядзенне іх задумвалася з мэтай продажу і палявання. Прыязджаюць аматары з Магілёва, расійскіх рэгіёнаў. Ёсць заказ на продаж паўсотні гадаванцаў. Каб прадаць іх, неабходна выканаць працэдуры па чыпіраванні, вакцынацыі і мець дазвол Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Утрыманне жывёлы патрабуе пэўных выдаткаў на забеспячэнне сенам, саломай, канцэнтратамі, сакавітымі кармамі.

Навуковы супрацоўнік філіяла раённага краязнаўчага музея Наталля ПЕТРУСЕНКА.

Усё ў гаспадарцы пад пільным улікам. Невыпадкова памочнік Прэзідэнта Беларусі — інспектар па Магі- лёўскай вобласці Генадзь Лаўрэнкоў ініцыіраваў правядзенне ў КСУП “Аўсянка імя І. І. Мельніка” спецыяльнага семінара бухгалтарскіх работнікаў сельгаспрадпрыемстваў.

Актыўна развіваецца на тэрыторыі сельсавета фермерства. Анатоль Піскуноў і Сяргей Юдзянок з аграгарадка Аўсянка, Мікалай Шалкоў з вёскі Поўна вырошчваюць збожжа. Фермерская гаспадарка Станіслава Баравікова, размешчаная ў вёсцы Кукшынова, займаецца вытворчасцю насення траў. На тэрыторыі сельсавета, акрамя магазінаў раённага спажывецкага таварыства, дзейнічае прыватнае гандлёвае прадпрыемства.

Медсястра амбулаторыі Юлія БЫЧЫХІНА.

АМАЛЬ 40 гадоў у сярэдняй школе рыхтуюць механізатараў. Намеснік дырэктара па вучэбнай частцы Мікалай Паўлаў памятае, як атрымалі для практычных заняткаў навучэнцаў новы трактар МТЗ-80. І цяпер ён спраўна служыць. Настаўнік вытворчага навучання Сяргей Дземянкоў і майстар Аляксандр Петрусенка спадзяюцца, што будзе магчымасць абучаць моладзь на камп’ютарызаваных машынах. Менавіта на такой тэхніцы працуюць выпускнікі былых гадоў Мікалай Дземянкоў і Сяргей Сталяроў. Жывёлаводам стаў Аляксандр Галачкін. Амаль усе галоўныя спецыялісты гаспадаркі, як і большасць педагогаў, — былыя выхаванцы школы.

Мікалай Паўлаў прыехаў у Аўсянку 35 гадоў таму выкладаць рускую мову і літаратуру. Займеў сям’ю, атрымаў кватэру ад гаспадаркі. Жонка Ала Мікалаеўна працуе ў дзіцячым садзіку. Іх дочкі Вераніка і Ганна настаўнічаюць у Горках і Магілёве.

Вучнёўскі калектыў папоў- ніўся 13 першакласнікамі. У апошнія гады колькасць навучэнцаў трымаецца на ўзроўні 120. У дзіцячым садзіку паўсотні выхаванцаў, якім працягваць слаўныя традыцыі перспектыўнага аграгарадка.

Горацкі раён

Фота аўтара


Адзінаццацікласнікі Андрэй ВЕЦІТНЕЎ, Ірына ІСАКАВА і настаўнік фізкультуры Сяргей КАЛЬКО. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter