В Кобринском районе местный свадебный обряд увековечили в дереве

А сваха спявала і танцавала

Майстар падчас працы.
Вясёлая вясельная кампанія з’явілася сёння ў цэнтры аграгарадка Дзівін, што ў Кобрынскім раёне. Малады з маладой, бацькі жаніха, гарманіст і музыкант з бубнам, сват са свахай. Скульптурная кампазіцыя «Вяселле» стала вынікам XVII абласнога пленэру разьбяроў па дрэве і прымеркавана да абласнога свята «Дажынкі», якое сёлета адбудзецца ў Дзівіне.

Чаму вяселле? Кіраўнік Кобрынскага раённага аддзела культуры Надзея Жук кажа, што іншы варыянт для пленэру, арганізаванага пры падтрымцы ўпраўлення культуры вобласці і абласнога грамадска-культурнага цэнтра, нават не разглядаўся:

— У 2018 годзе традыцыі стварэння і выкарыстання касцюма свахі з вёскі Лелікава, што на тэрыторыі Дзівінскага сельскага савета, надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На Кобрын­шчыне асоба свахі была найважнейшай на вяселлі. Але засталося не так многа аўтэнтычных вырабаў: мала хто збярог. І мала майстрых. Адна з іх — Анастасія Шапяцюк, якая з задавальненнем дзеліцца сваім вопытам з дзецьмі, што займаюцца ў Цэнтры рамёстваў. Менавіта таму мы прапанавалі разьбярам кампазіцыю «Вяселле» з лелікаўскай свахай. Упэўнена, яна стане не толькі ўпрыгажэннем пляцоўкі каля сквера ў Дзівіне, але і элементам папулярызацыі традыцыі, бо кожны, хто яе пабачыць, абавязкова запытаецца, што сімвалізуе кампазіцыя.

Фігуру маладой выразаў Сяргей Козел з Баранавіч, маладога — Валерый Манцэвіч з Драгічына. Мінчаніну Аляксандру Жураўлевічу дасталася праца над скульптурай маці, гамяльчаніну Васілю Сілкову — бацькі. Музыкаў выразалі Мікола Задрэйка з Івянца і Кірыл Крохалеў з Мінска. Свата даручылі выконваць Аляксандру Лазерку з Брэсцкага раёна, сваху — Анатолю Туркову з Камянца.

Пацікавілася ў народнага майстра Анатоля Туркова, як працавалася на беразе прыгожага возера Любань. Кажа, што камары назалялі, але ўмовы былі створаны добрыя — натхняльныя. Напачатку, як заўжды, дасканальна вывучыў тэму:

— Паказалі мне музей, касцюм свахі, галаўны ўбор з пер’ем — самы цікавы і незвычайны элемент убрання, здымкі, дзе колішнія лелікаўскія жанчыны апрануты на вяселле, і сённяшнюю Анастасію Шапяцюк у ролі свахі. Цікавая тэма, кожны штрышок падчас працы быў важны, выразаў з задавальненнем.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter