“А пойдзем, дзевачкi, у зялёны гай...”

Народную медыцыну называюць мацi медыцыны навуковай. Яна такая ж старажытная, як i сам род чалавечы. Холад, голад, вiльготнасць цёмных пячор, стыхiйныя бедствы выклiкалi хваробы, калецтвы, а таму ўжо першабытныя людзi вымушаны былi аказваць сабе неабходную лячэбную дапамогу. Каб палегчыць свае пакуты, людзi шукалi лекавыя сродкi сярод акаляючай iх прыроды i ў першую чаргу ў свеце раслiн, бо на працягу многiх тысячагоддзяў чалавецтва харчавалася пераважна раслiннай ежай.

Нарыхтоўка i ўжыванне ў ежу раслiн давалi чалавеку магчымасць пазнаёмiцца з многiмi iх уласцiвасцямi. Ён навучыўся адрознiваць ядомыя плады, карэннi, травы, грыбы, водарасцi ад неядомых і нават атрутных, а гэта значыць — набыў першыя прымiтыўныя веды аб уздзеяннi той цi iншай раслiны на арганiзм. Практыка пазнавання акаляючай флоры каштавала людзям многiх ахвяр, бо любыя раслiны, грыбы, водарасцi праходзiлi апрабаванне праз адзiную “лабараторыю” — рот i страўнiк чалавека.
Збiраннем i рыхтаваннем ежы займалiся звычайна жанчыны. Яны заўважалi, што адны раслiны выклiкалi растройства страўнiка, другiя сунiмалi кашаль, трэцiя прыводзiлi ва ўзбуджаны стан. Людзi запамiналi гэтыя ўласцiвасцi раслiн i свядома выкарыстоўвалi iх пры розных хваробах. Таму жанчыну па праву можна назваць першай носьбiткай ведаў аб народным лячэннi.
Гiсторыкi сведчаць, што з глыбокай старажытнасцi i амаль да пачатку ХХ стагоддзя большая частка насельнiцтва Беларусi, асаблiва вяскоўцаў, аддавала перавагу народным, традыцыйным спосабам i сродкам лячэння. Гэта пацвярджаецца шматлiкiмi знаходкамi рукапiсных траўнiкаў i лячэбнiкаў, якiмi мясцовыя жыхары карысталiся на працягу жыцця многiх пакаленняў.
У народнай медыцыне беларусаў найбольш распаўсюджанымi былi сродкi раслiннага паходжання, i гэта цалкам натуральна, бо нашыя продкi жылi сярод лясоў, па берагах рэк, азёр, багатых разнастайнай раслiннасцю. Даследчыкi адзначалi, што на беларускiх землях яшчэ ў ХIХ стагоддзі можна было сустрэць шмат людзей, якiя ведалi сотнi раслiн i пры гэтым падрабязна тлумачылi лекавыя ўласцiвасцi кожнай з iх. “На Беларусi народ здаўна верыць у цудоўную сiлу раслiн i лечыць iмi сябе i жывёлу”, — пiсаў этнограф Мiхал Федароўскi.
У рэцэптах народнага лячэння ў большасцi выпадкаў выкарыстоўвалася не ўся раслiна цалкам, а толькi асобныя яе часткi: пупышкi, кветкi, лiсце, сцябло (“трава”), кара, карэнне, сок. Менавiта з гэтым i былi звязаны тэрмiны нарыхтоўкi лекавай сыравiны.
Так, пупышкi сасны збiралi звычайна ў лютым, пупышкi таполi i бярозы — у сакавiку цi пачатку красавiка, перад iх распусканнем. Вясною нарыхтоўвалi i кару: у гэты час пачынаўся рух сокаў, i яна лёгка аддзялялася ад драўнiны. Яе адразу высушвалi на адкрытым паветры цi ў паветцы.
Час буйнога цвiцення ў многiх раслiн супадае са святам Iвана Купалы (24 чэрвеня па ст. ст.). Згодна з народнымі ўяўленнямі, напярэдаднi Iвана Купалы прырода надзялялася звышнатуральнай сiлай: раслiны быццам бы вялi размову памiж сабою (пры пэўных умовах яе можна было нават пачуць), а травы, сабраныя ў гэты час (“купальскiя зёлкi”), валодалi надзвычайнымi лекавымi ўласцiвасцямi.
“Ранiцай 23 чэрвеня, — пiсаў знакамiты беларускi этнограф ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя Еўдакiм Раманаў, — дзяўчаты i маладзiцы цэлымi натоўпамi выпраўляюцца на лугi, у поле, у лясы за Iванаўскiмi кветкамi i травамi. Кожная жанчына iмкнецца набраць як мага больш кветак i траў, цэлыя снапы, пры гэтым перавага аддаецца травам іван-ды-мар’я, цвінтарэй, падбел, расiчка, купальнiк, святаяннiк, чыстацел, павiлiца. Збiраюць таксама аер, чарот, божы хмель, багародзiчыны слёзкi, зайчыну цыбулю, макрыцу. Прынесеныя ў дом травы ставяцца ў халоднае месца да наступнага дня, а затым 24 чэрвеня адносяцца ў царкву i асвячаюцца. Пасля асвячэння яны захоўваюцца ў “бажнiцы” i выкарыстоўваюцца на працягу года пры розных захворваннях”.
Як бачым, лекавыя травы збiралi ў перыяд iх найбольшага цвiцення i ў пару, калі ўжо высыхала раса. Тут яскрава прасочваецца назiральнасць i жыццёвая мудрасць нашых продкаў, бо, як паказалi сучасныя навуковыя даследaваннi, у зялёных частках раслiн у перыяд iх цвiцення i пачатку плоданашэння ўтрымлiваецца найбольшая колькасць лекава актыўных рэчываў. Раслiны ж, сабраныя пасля дажджу цi пакрытыя расой, хутка чарнеюць i псуюцца.
У час збору абавязкова трэба было спяваць купальскiя песнi, бо лiчылася, што ў адваротным выпадку “зелле” не будзе мець лекавай сiлы, нават калi яго асвяцiлi ў царкве:

“Цяпер Купала, а заўтра Ян,
А пойдзем, дзевачкi,
у зялёны гай.
Будзем, дзевачкi, краскi рвацi
Да будзем Яна ўспамiнацi”.

З дапамогай купальскiх зёлак можна было нават прываражыць да сябе каханага:


“Сягоння Купала, заўтра Ян,
Да пойдзем, дзевачкi,
у зялёны гай,
Да нарвём купала па пучочку,
Да саўём, дзевачкi,
па вяночку,
Каб нашыя вяночкi
харошы былi,
Каб нашы хлопцы нас любiлi”.

Плады i насенне нарыхтоўвалi пасля поўнага iх выспявання (толькi насенне кмену збiралi не зусiм спелым). Карані выкопвалi ў канцы лета цi восенню, радзей вясной (карані хрэну, валяр’яны). Такiя тэрмiны нарыхтоўкi былi цалкам аптымальнымi, бо ў гэты час у каранях утрымлiвалася найбольшая колькасць актыўных лекавых рэчываў, да таго ж яно станавiлася буйным і важкiм. Яго адразу ж ачышчалi ад зямлi, абразалi карнявыя разгалiнаваннi. Буйная карані (напрыклад валяр’яны) разразалi на часткi i сушылi.
Сушку раслiн i iх частак праводзiлi на гарышчах, пад паветкай, у свiрнах, якiя добра праветрывалiся, радзей на печы. Апошнюю больш выкарыстоўвалi для сушкi ягад, грыбоў, пладоў.
Неабходна адзначыць, што беларускi селянiн амаль нiколi не сушыў лекавыя раслiны на сонцы. Гэта з’яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем мудрасцi нашых продкаў, бо даследаваннi вучоных-фармакагностаў даказалi, што пад сонечнымi промнямi кветкi, лiсце i травы  губляюць не толькi сваю афарбоўку, але i гаючыя пачаткi.
З раслiн рыхтавалi настоi, адвары, парашкi, мазi. Настоi з травы, лiсця, кветак, кары, каранёў, пладоў, насення рабiлi на гарэлцы цi на вадзе, радзей на алеi. Усё гэта гатавалi па асаблiвых рэцэптах, у дакладна вызначанай прапорцыi, пры адпаведнай працягласцi настойвання. Даволi часта выкарыстоўвалi для лячэння сумесi траў, кветак, колькасць якiх насiла магiчны характар: “Лепей браць дзевяць зелляў”.
Мазi гатавалi са свежых (радзей з высушаных) здробненых частак раслiн — кветак, лiсця цi соку. Iх змешвалi з жывёльным (гусiным, курыным, рыбiным, барсучыным) цi раслiнным (сланечнiкавым, iльняным) тлушчам. У iншых выпадках выкарыстоўвалi мёд, воск, муку. Тлушчавая аснова мазяў садзейнiчала лепшаму захаванню i больш працягламу дзеянню актыўных рэчываў тых цi iншых раслiн. Нярэдка выкарыстоўвалi i сок свежай раслiны, свежае лiсце — у якасцi кампрэсаў, прыпарак.
Шырокае распаўсюджанне ў беларускай народнай медыцыне атрымала выкарыстанне розных грыбоў, у прыватнасцi мухамораў i ў першую чаргу чырвонага. З iх рабілі настойку, якую ўжывалi як нацiранне пры радыкулiтах, вострых рэўматычных болях.
Важнае месца ў народнай медыцыне беларусаў займалi харчовыя сродкi раслiннага паходжання: мука, хлеб, мёд, гарчыца. Яны ўваходзiлi ў склад розных лекавых сумесей цi бралiся асобна i ўжывалiся як унутр, так i вонкава. Напрыклад, грэчневую кашу ўжывалi пры малакроўi, а грэчневую муку выкарыстоўвалi ў якасцi прысыпкi нованароджаным, хлебны мякiш прыкладалi да свежых ран. Вуглi з печанага хлеба прымалi ўнутр пры страўнiкавых захворваннях.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter