Пасля фіналу Х Рэспубліканскага конкурсу «Уладар сяла» у Глыбокім з'явілася прапанова правесці рэаліці-шоу ў вёсцы

А паспрабуй ты той дранік на калодзе падсмажыць

ЧАМУ месцам правядзення фіналу X Рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла” выбрана Глыбокае? Адказ адназначны: менавіта тут, у Глыбокім, 10 гадоў таму ён нарадзіўся пад аўтарствам Марыны Гараповіч, на той час дырэктара маладзёжнага цэнтра, і пры ўсебаковай падтрымцы райкама БРСМ у асобе Людмілы Чэбан. Тады падабралі 10 маладых сямей з дзецьмі, а пляцоўкай для іх спаборніцтва сталі палі і фермы. І працягваўся конкурс... 8 месяцаў. Хлопцы паказвалі свой спрыт у касьбе, ворыве, нарыхтоўцы дроў. Жанчыны – у даенні кароў, гатаванні страў. Разам выбіралі бульбу ў адзінокай жыхаркі ў вёсцы Удзела. Бацькам дапамагалі дзеці. Усё гэта было настолькі нечакана і захапляльна, што гледачы, а іх было нямала, адчувалі сябе як на добрым спектаклі.

Удзельнікі конкурсу
Фота БелТА

Дарэчы, першыя пераможцы, Віктар і Маргарыта Герасімёнкі з аграгарадка Ломашы Глыбоцкага раёна, у якасці галоўнага прыза атрымалі тады катэдж. Сям’я і цяпер жыве ў ім, а Маргарыта, тэхнік-селекцыянер мясцовай гаспадаркі, запрошана ў журы X юбілейнага конкурсу “Уладар сяла”.

На гэты раз праходзіў ён на цэнтральнай плошчы Глыбокага. Сюды з’ехаліся шэсць маладых сем’яў — пераможцаў абласных конкурсных адбораў.


Моманты спаборніцтваў

ПАЧАЛАСЯ дзея з агляду “падворкаў”, дзе можна было і пазнаёміцца з укладам кожнай сям’і, і пачаставацца прысмакамі. На століку сям’і Вольгі і Дзяніса Жаканавых са Шклоўскага раёна заўважаю дыплом – узнагарода гаспадара, інжынера па рамонце і эксплуатацыі сельгасмашын і абсталявання, за першае месца на пасяўной у ААТ “Александрыйскае”. Сям’я Андрэя і Вольгі Гайдук з пасёлка Пружаны Пружанскага раёна парадавала багатым зборам яблыкаў: нездарма ж гаспадыня — аграном-садавод у ААТ “Ружаны-Агра”, а Андрэй — лепшы малады вадзіцель на адвозцы зерня. І ў тым, што каравай акцыянернага таварыства заважыў сёлета 29 тысяч тон — гэта другі вынік па вобласці — ёсць уклад і маладой сям’і.


Цэлую калекцыю дыпломаў і грамат сабрала сям’я Палавеняў з аграгарадка Гудзевічы Мастоўскага раёна: Валерый – слесар па рамонце машын і абсталявання у ЗАТ “Гудзевічы”, а Вольга – работнік цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Акрамя традыцыйных “Візітоўкі”, запрэгчы і распрэгчы каня, распілаваць і скласці дровы, “Вясковай эстафеты”, упершыню быў конкурс “Прыгатаванне дранікаў на калодзе”, які выклікаў сапраўдны ажыятаж. Удзельнікам патрэбна ж было не толькі як мага хутчэй пачысціць бульбу, нацерці яе, але і распаліць тую самую калоду, на якой гатаваліся дранікі.



У фінале больш за ўсё балаў набрала сям’я Уладзіміра і Вікторыі Літвіных з вёскі Лешня Капыльскага раёна Мінскай вобласці. Ім і ўручаны галоўны прыз – мотаблок.

Уладзімір працуе арматуршчыкам у СООО ”БетонБокс” і па сумяшчальніцтву будаўніком у ААТ “Семежава”. Вікторыя – упраўляючы справамі Семежаўскага сельскага выканаўчага камітэта. Выхоўваюць дачку Вераніку, якая вучыцца ў мясцовай школе, а таксама займаецца ткацтвам. Літвіны трымаюць вялікую падсобную гаспадарку: кабылу і жарабя, карову з цялушкай, трох бычкоў, трох свіней, не гаворачы пра птушку.


На другім месцы — Андрэй і Таццяна Давыдавы з аграгарадка Баршчоўка Добрушскага раёна. Яны обое — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ў Баршчоўскім дзіцячым садзе- базавай школе. Акрамя таго, займаюцца даследаваннямі па фальклоры і этнаграфіі краю, маюць шэраг публікацый па тэме. Андрэй добра іграе на баяне і гармоніку, займаецца гіравым спортам. Дачцэ Галіне — 7 год. У падсобнай гаспадарцы маюць карову, свіней, качак і курэй.


АСАБЛІВА хочацца адзначыць сям’ю Івана і Дзіяны Молакавых з аграгарадка Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна, якія замкнулі тройку прызёраў. Ён – механізатар у ААТ “Жвіранка”, а яна сацыяльны работнік. Прыехалі на конкурс... з чатырма дзецьмі: дванаццацігадовым сынам Мікітам, першакласніцай Сафіяй і сёстрамі-блізнятамі Анастасіяй і Ганнай, якім усяго па тры гады. Сямейны бюджэт яны папаўняюць з падсобнай гаспадаркі, дзе гадуюць бычкоў, свіней і іншую, больш дробную, жыўнасць.

Але і ўсе іншыя сем’і, удзе- льнікі конкурсу, атрымалі добрыя падарункі: грошы ў памеры 80 базавых велічынь і электрычныя трымеры.

Рэспубліканскі конкурс – вяршыня. А на ўсіх трох этапах – раённым, абласным і рэспубліканскім, прыняло ўдзел 478 маладых сямей.

МЫ папрасілі аўтара праекта “Уладар сяла” Марыну Гараповіч падзяліцца думкамі пра яе дзецішча і вось што пачулі:

— Пачуцці ў мяне змешаныя. Добра, што конкурс набыў рэспубліканскі маштаб, у такім рангу ён ужо дзевяць гадоў. Але ў нас, калі пачыналі, было 17 этапаў, і праходзілі яны непасрэдна ў сельскай мясцовасці на розных сельгаспрадпрыемствах. У мяне нарадзілася прапанова: правесці тэлевізійнае рэаліці-шоу “Уладар сяла” ў вёсцы. Нават ведаю, як гэта зрабіць!

saulich@bk.ru

Фота Дзіяны ЛАЎРЫНОВІЧ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter