Чем запомнились читателям поэтические встречи на Минщине

А паліто ў вясны кароткае...

Што можа быць святлей за светлыя вясновыя сустрэчы, тым больш паэтычныя, якія адбыліся на Міншчыне

Камерная абстаноўка дапамагла выступоўцам раскрыцца, шмат жартаваць, чытаць свае творы на вясновую тэматыку і адказваць на самыя хвалюючыя пытанні ад вядоўцы — спецыяліста Саюза пісьменнікаў Беларусі Іны Фраловай. Было запрошана некалькі аўтараў, каб стварыць паэтычные і празаічнае асарці. Менавіта такое ўваходзіць апошнім часам у моду, бо слухаць аднаго пісьменніка і хвалююча, і цікава. Але ад некалькіх можна атрымаць цэлую гаму пачуццяў. І шчыра кажучы, госці, а гэта адданыя чытачы бібліятэкі і вучні, засведчылі ўнікальнасць сустрэчы, бо іх па-добраму здзівілі пісьменнікі, якія завіталі. Разам з кніжкамі і мудрымі наказамі.

Леанід БАГДАНОВІЧ і Зміцер АРЦЮХ прамаўляюць сваё палымянае слова.

Зміцер Арцюх чытаў свае вершы ў вольнай манеры. Яны запомніліся лёгкасцю рытму, дакладнай рыфмай і дапытлівым лірычным героем, што вечна ў пошуку гармоніі паміж душой і целам, нябесным і зямным. Бадай, самая рэзанансная кніга аўтара «Вясна ў кароткім паліто». Выйшла ў «Мастацкай літаратуры» пад рэдактарствам Віктара Шніпа, у яе многа прыхільнікаў.

Паэт Леанід Багдановіч, нягледзячы на тое што ў Мінску займаў высокія тэхнічныя пасады, ужо больш за 20 гадоў за сталае месца жыхарства і родны куточак выбраў Лагойшчыну. Там, на хутары, пабудаваў прывабную хату, а побач — альтанкі і іншая выкшталцонасць. Удаюцца Леаніду Багдановічу вершы па-беларуску, яны напоўнены асаблівым хараством. Так, некаторыя напісаны з абсалютных рэалій. Самы моцны паэтычны твор і самы любімы — пра згорбленага і галоднага сабаку. Гаспадар падабраў яго да сябе і моцна здзівіўся, калі пакутная жывёліна адразу праглынула два кавалкі мыла — настолькі хацела есці. У тым ліку для такіх паратункаў і жыве чалавек, які мацнейшы і можа абараніць «братоў меншых».

Падпалкоўнік унутраных войск МУС Аляксандр Плавінскі засяроджаны на краязнаўчай тэме, гістарычнай, расказваў пра свае нядаўнія адкрыцці ў гэтым рэчышчы. Па родзе службы аўтара цікавіць ваенная, абарончая тэматыка. Нездарма выдаў кніжку «Падпольшчыкі без грыфа «сакрэтна», а таксама па-свойму асэнсаваў гісторыю ў Курапатах у кнізе, якую называе гістарычнай сенсацыяй.

Яшчэ адна яркая зорка — Аляксандр Козел. Любоў да літаратуры ў яго ад бацькі Івана, які быў вядомым драматургам, чыя п’еса «Папараць-кветка» доўга не сыходзіла са сцэны Купалаўскага тэатра. Таму і ў сына мог драмаць дар, які дапамагла абудзіць жонка. Настойліва прасіла «што-небудзь» напісаць, так і нарадзілася дзіцячая казка, з якой пачаўся адлік новых кніжак Аляксандра Козела.

Алена Свечнікава, бібліятэкар, культуролаг, аўтар многіх навуковых работ, выбірае жанр фэнтэзі, але для гасцей прачытала вясновыя вершы, да стварэння якіх таксама рука набіта. Заключным акордам стала пранікнёная лірыка Іны Фраловай, якая, апроч таго, не паспявала падпісваць ахвотнікам сваю нядаўна выдадзеную ярка-аранжавую кнігу «Апельсін», прысвечаную дзеткам. Дарэчы, выдавецкі дом «Звязда» арганізаваў выставу-продаж кніг ад сучасных аўтараў, былі зборы цікавостак з жыцця і творчасці айчынных класікаў. Што і гаварыць, вясна вядзе добры паэтычны адлік, пісьменнікам застаецца штукарыць над новымі вершамі.

 basikirskaya@sb.by

Фота Васіля КУЛІКОВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter